Как в Шумилино Масленицу праздновали

Актуалии Культура Спорт, туризм

Вось і Масленіцу адгулялі

Масленічны тыдзень спрадвеку лічыўся самым вясёлым тыднем у годзе: людзі гулялі ды весяліліся ўсе сем святочных дзён.  У першы дзень выпякалі першы блін і паміналі ім продкаў. На другі дзень весела гулялі зайгрыш, на трэці – хадзілі на бліны да цешчы. На чацвёрты дзень пераапраналіся, весяліліся ды жартавалі. Гаспадар у пятніцу разам з цешчай і зяцямі квасу наліваў, а на на шосты дзень частаваліся на залоўкіных вячорках. Ну, а сёмы дзень быў “прашчонай (даравальнай)  нядзеляй”.  З сівой мінуўшчыны існуе звычай, што  апошнія дні Масленкі – найбольш шумныя ды вясёлыя, дні, у якія грамада  праводзіць зіму і сустракае вясну.
У суботу ў Шуміліне прайшлі народныя масленічныя гулянні. Своеасаблівае “дзякуй” за  сёлетні добры снег сказалі лыжнікі. Для іх ладзілася апошняя гэтай зімой лыжная эстафета. Каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях перамагла лыжнікаў з раёна электрычных сетак, са Светласельскага дзіцячага садка і камунгаса.
Сапраўднае відовішча – міні-футбол на снезе. Тры каманды не пабаяліся паўдзельнічаць у гэтым, амаль экстрэмальным турніры. Пацвердзіў свой клас ФК “Шуміліна”, які выйграў.
Багата сабралася ўдзельнікаў каля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра на спаборніцтвах па гіравым спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі. Які год запар ў сваіх вагавых катэгорыях першыя месцы займаюць Іван Маскалькоў (РАНС) і Уладзімір Бандарэнка (УП ЖКГ). Самым трапным стаў Уладзімір Шчукін (РВЭС), які паказаў лепшы вынік у стральбе. Колькі азарту, імпэту было падчас перацягвання каната, як толькі не супраціўляліся асілкі з райгазу, але перамаглі выратавальнікі. Безліч станоўчых эмоцый падарыла дзіцячая спартландыя, у якой бралі ўдзел каманды з шумілінскіх СШ №1 і СШ №2.
Ну і якая ж Масленіца без слупа?  Трэба было бачыць, як дзятва спрабавала залезці на яго, але слуп  скарыўся самым моцным і спрытным. А галоўны прыз, сімвал сёлетняга года  – певень – дастаўся другі год запар Уладзіславу Салабуту з РАНС.
Увесь час не заціхала на пляцоўцы ў парку музыка. Работнікі культуры падрыхтавалі святочнае выступленне, у якім багата было народных забаў, гульняў, песняў і танцаў.

Не абышлася шумілінская Масленіца і без бліноў. Імі частавалі раённая гімназія, шумілінскія СШ №1 і СШ №2, а народны клуб “Разынка” прапаноўваў аж сем відаў бліноў.
Ярка ўспыхнула пудзіла зімы:
– Бывай, зіма! Прывітанне, вясна!
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №17 ад 28.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *