В Лесковичах прошёл районный турслёт

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Рамантыка турзлёта паклікала маладых

16 і 17 чэрвеня ў Лескавічах пад  гукі гітары і дым кастра кіпелі нежартоўныя спартыўныя і турысцкія страсці. Тут праходзіў традыцыйны раённы турысцкі злёт моладзі.

У сёлетнім  турзлёце бралі ўдзел 8 каманд: “Белтэлекам”, “ПМК-70”, “ПМС”, “ОКЗ”, “Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама”,  “Электрасэрвіс” (“Шумілінскі райаграсэрвіс” і Раён электрычных сетак), “Прыазёрны мір”, “Лясгас”. Турысцкія каманды “Белтэлекам” і “Прыазёрны мір” узначалілі кіраўнікі прадпрыемстваў Ю. Р. Маскалькоў і В. М. Дзіцко. “Прыехалі за перамогай, – з усмешкай адзначыў Ю. Р. Маскалькоў. – Вельмі хочацца “размяняць” мінулагодняе другое месца на сёлетняе першае”.
Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства пажадала ўдзельнікам добрага настрою і яркіх выступленняў. “Добра, што ў нас багата прыхільнікаў актыўнага адпачынку, – падкрэсліла Ірына Іванаўна. – Упэўнена, што сёлетні турзлёт кожнаму з вас падорыць безліч  пазітыву і яркіх эмоцый”.
Кожная каманда разбіла свой палатачны лагер, абсталявала яго, усе праявілі багата энтузіязму і творчасці. Некаторыя зрабілі стаўку на рэкламу сваіх прадпрыемстваў. У  конкурсе быту першае месца журы аддала “Белтэлекаму”, другое – “ПМС”, трэцяе – “ОКЗ”.
Турзлёт выдаўся  насычаным і актыўным. Турысты толькі і паспявалі паказваць свае навыкі то ў адным конкурсе, то ў другім. Як гаворыцца, ні хвілінкі перадыху. Многія адзначылі, што два дні для турзлёту малавата.
Спартыўная частка турзлёту складалася з міні-футболу, валейболу і трыятлону. Вопытныя каманды зрабілі стаўку менавіта на гэтыя віды конкурснай праграмы. Як вынік, упартая  барацьба. У валейболе перамагла каманда “Белтэлекаму”, добрую гульню прадэманстравалі вопытныя валейбалісты Дзмітрый Байдакоў і Рыта Бяззубенка. Другім месцам прыйшлося “задаволіцца” “Электрасэрвісу”.
А колькі імпэту было на футбольным полі. Ніхто не хацеў уступаць. Першае месца літаральна вырвала каманда “Электрасэрвісу”.
Добрыя фізічныя навыкі неабходны былі турыстам падчас праходжання трыятлону. Лепшы вынік паказалі спартсмены з “Электрасэрвісу”,  якія апярэдзілі  стаўшых другімі і трэцімі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і «Лясгас».
Смех, гумар, новыя сябры – усё гэта таксама турзлёт. Старт забаўляльнай частцы турзлёту дала жартоўная эстафета. Трэба было бачыць, як удзельнікі пераадольвалі імправізаванае павуцінне, кідалі боты, тушылі запаленую свечку. Лепш за ўсіх з заданнямі справіліся “Лясгас”, “ОКЗ” і “Электрасэрвіс”.
Сапраўднае шоў наладзілі  турысты падчас конкурсу мастацкай самадзейнасці. Толькі ўхвальных слоў заслужылі артысты-турысты з “Белтэлекаму”. А ў другім мастацкім  конкурсе – конкурсе “Баявых лісткоў” – перамаглі педагогі, другімі сталі сувязісты.
Самай эрудыраванай паказала сябе каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якая выйграла віктарыну. Добра ведаюць гісторыю нашага раёна і ў “Прыазёрным міры”, яны сталі другімі.
Ніякае тэлевізійнае кулінарнае шоў не можа параўнацца з кулінарным конкурсам на турзлёце. Сапраўдную тэатральную пастаноўку прапанавалі шэф-павары з “ОКЗ” і “ПМС”, а кулінары з “Белтэлекаму” да кожнай стравы падабралі загадку. А асартымент страў – як  у шыкоўным рэстаране. Ды і смакавыя якасці на вышыні. Першае месца пасля доўгіх спрэчак журы аддала “ПМС”.
Ніхто не хацеў саступаць і ў перацягванні каната. Удача была на баку асілкаў з ПМК-70.
Па выніках турзлёту першае месца заваявала каманда “Белтэлекаму”, другое – “Электрасэрвісу”, трэцяе – “Аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №47 ад 20.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *