КЛЁВА!

Мир увлечений

КЛЁВА!
Па шматлікіх просьбах аматараў рыбалкі (а як паказвае жыццё, такіх заўзятараў сярод нашых чытачоў вельмі шмат) мы распачынаем на старонках раённай газеты новы праект “Клёва!”. Пакуль плануем выпускаць тэматычную старонку адзін раз у два месяцы і друкаваць тут самую актуальную, патрэбную і цікавую інфармацыю для рыбакоў, пра рыбакоў і, канешне ж, ад рыбакоў. Інфармацыйную падтрымку згадзіліся аказваць афіцыйная група ВК “Шумілінскі рыбалоўны клуб”, Гарадоцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, раённае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, а таксама самыя вопытныя рыбакі раёна.

Бойцеся, шчупакі, Гарохава!

Няхай даруюць іншыя рыбакі-прафесіяналы, але мы проста не маем маральнага права не напісаць першым пра нашага рэдакцыйнага вадзіцеля Уладзіміра Гарохава – на нашу думку, ён самы вядомы, самы адчайны і самы захоплены рыбак Шуміліншчыны. Рыбак-шчукар. Ну хіба можа яшчэ хто пахваліцца такім зайздросным рыбацкім стажам – больш за шэсць дзясяткаў год – а значыць, такім пастаянствам і такой “непатапляльнай” захопленасцю?
Добра помніць Малахавіч, што ён адначасова з паходам у 1-шы клас адправіўся на рыбалку. Хацеў і раней, але бацькі не пускалі. Першым месцам рыбалкі сямігадовага хлопца стала возера ў вёсцы Прыазёрная, першай вудай – бамбукавая, падораная бацькам.
Захапленне, як аказалася, не стала мімалётным і аднадзённым, а наадварот, так зачапіла, што хутка перарасло ў сур’ёзную “хваробу”, у аддушыну, у лад жыцця. Ён неяк адразу адчуў усю прывабнасць гэтага самага рамяства, дзеля якога быў гатовы на ўсё: уставаць з першымі пеўнямі, а то і раней, у холад і спёку ехаць да край свету і гадзінамі чакаць паклёўкі…
Праз столькі год Уладзімір Малахавіч не згубіў інтарэсу. Ён і сёння выбіраецца “на прыроду” літаральна кожныя выхадныя, летам – значна часцей. Цікавіцца новымі тэхналогіямі лоўлі, новымі рыбацкімі снасцямі, хаця ў ягоных засеках рыбацкіх прылад больш чым у любым магазіне.
Кажуць: калі бацька рыбак, дык і сын у ваду глядзіць. Сапраўды, старэйшы сын Юрый пайшоў па бацькавым шляху. І таксама заахвоціўся рыбалкай у пачатковых класах. Пры першай магчымасці едзе з Віцебска на Шуміліншчыну парыбаліць. А пасля, увечары, пасядзець за сталом з бацькам, які можа даць не адну мудрую параду і падзяліцца сакрэтамі ўдалай рыбалкі.

Самае любімае «клёвае» месца – возера Будавесць, бо тут злоўлены  галоўныя трафеі.
Самы важкі трафей – шчупачышча вагой 12 кг 600 г, злоўленае на Будавесці калябалкай «атам», і шчупак 10 кг 300 г з возера Сосна, злоўлены на трохдзюймовую сіліконавую рызынку.
Самы незвычайны ўлоў – карп 8 кг 800 г, узяты на спінінг на Дабейскім возеры.

Сакрэты вясенняй лоўлі шчупака:
– лавіць на самых мелкіх месцах, дзе добра праграваецца вада;
– лавіць на дробны “сілікон” (твістары, рыперы, калябалкі);
– па шматгадовых назіраннях на Дабейскім возеры і возеры Круглік выхад шчупака назіраецца з 9 да 10.30. Лавіце момант!
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 28.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *