Проект «Шумилинщина — дачный рай»: перспективные Непороты — деревня живёт, цветёт, строится

2025 - Год благоустройства Главное Край шумілінскі Мир увлечений

Перспектыўныя  Непароты – вёска жыве, квітнее, будуецца

 Дачнікі вёскі Непароты Дабейскага сельсавета адзначаюць, што іх населены пункт – самы перспектыўны. Вёска жыве, квітнее, будуецца. Кожны год тут прыбаўляецца ўсё больш дачнікаў. Непароты прывабліваюць прыгожай прыродай, азёрамі, блізкім размяшчэннем да райцэнтра.

З райцэнтра да Непарот – каля дзесяці кіламетраў, каб даехаць да вёскі, дастаткова дзесяці хвілін.«Непароты – ідэальная вёска, можна сказаць, паказальная ў плане парадку, – кажа старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксей Іспянькоў. – Прыгожыя падворкі ў Новікавых, Васілеўскіх, Жалудовых, Волкавых, Кавальковых, Тарасенкаў, Грабенчукоў і многіх іншых. Дачнікі тут і мясцовыя жыхары – адна дружная каманда, якая дбае пра парадак. Ім не трэба нагадваць – самі яго наводзяць на падворках, уздоўж дарог, па асабістай ініцыятыве абкошваюць тэрыторыю каля Развана».

Раённыя ўлады пільную ўвагу ўдзяляюць перспектыўнаму населенаму пункту – тут пакладзены асфальт, добра працуе інтэрнэт, некаторыя дачнікі правялі электраацяпленне, на кожным слупе ўсталяваны лямпачкі – населены пункт свеціцца вечарам, нібы горад, расказаў старэйшына Леанід Краўцоў.

Мясцовыя людзі вельмі задаволены работай пошты і аддзялення УП ЖКГ – прыязджаюць строга па графіку. Аўталаўка па панядзелках і чацвяргах прывозіць прадукты, але большасць дачнікаў купляе іх у райцэнтры. Многія маюць на падворках уласныя свідравіны, бо ў спякоту калодзежы перасыхаюць. Нядаўна работнікі водаканала ўладкавалі агульную для вёскі свідравіну – цяпер у мясцовых калонках вада без перабояў.

Населены пункт падабаецца дачнікам азёрамі, зручным размяшчэннем, добрай дарогай. «Буду тут да самай позняй восені, бо ў кватэры яшчэ насядзімся за зіму, – кажа Валянціна Белюсева, якая прыязджае ў вёску на лета на працягу больш як двух дзясяткаў гадоў. – Вырасціла памідоры ў, а таксама бульбу. Люблю прапаліць рускую печку і напячы ў ёй дранікаў – адразу ўспамінаю смак дзяцінства. У Непаротах вельмі добра. У мяне тут ёсць добрыя суседзі, а таксама сяброўка Людміла Маркіянава».

 Непароты падабаюцца цішынёй

Больш за дваццаць гадоў таму купілі дом у Непаротах Сяргей і Алена Масько з Шуміліна. Памянялі агароджу, зашклілі веранду, пабудавалі альтанку, давялі да ладу лазню і гараж.

У доме памянялі падлогу, пабудавалі печку-пліту. «Я прыязджаю з Мінска, – падзялілася іх дачка Анастасія. – Непароты падабаюцца прыгажосцю». Наведваецца сюды і сын Арцём з Віцебска. Сяргей Уладзіміравіч падлічыў, што ў Непаротах налічваецца паўсотня дачных дамоў. У некаторыя прыязджаюць толькі на выхадныя, ды і тое не кожны раз, бо ёсць дачнікі з Масквы і Мінска. Некаторыя тут жывуць і зімой, як, напрыклад, Валянціна і Рыгор Волкавы з райцэнтра, якія нават гаспадарку невялікую завялі – трымаюць курэй і пчол. Сам жа Сяргей разам з жонкай вырошчвае на агародзе дыні і кавуны.

«У Непаротах спакойна, – кажа Сяргей Масько. – У мінулым годзе ў нас прайшло яркае свята вёскі, на якое сабралася многа дачнікаў. Закончылася яно салютам і вогненным шоу дзякуючы Васілю Новікаву і яго сябрам-землякам». Яны, як і сам Васіль (яго бацькі родам з Непарот), пабудавалі дамы ў вёсцы.  А яшчэ Васіль устанавіў у вёсцы металічны крыж, дбае пра добраўпарадкаванне.

Увогуле дачнікі ў Непаротах вельмі працавітыя, дбаюць пра прыгажосць падворкаў, саджаюць кветкі, рамантуюць дамы, кажа Уладзімір Сініцкі з Віцебска. Да прыкладу, ён пабудаваў альтанку, памяняў дах і вокны ў доме. Перакрыў дах у дачным доме, зрабіў прыбудову і Віктар Карлік. У вёсцы не знойдзеш закінутых ці неабкошаных дамоў.

Разам з сябрамі

У Непаротах у апошні час купляюць дачныя дамы маладыя. Сярод такіх – Аляксандр Лазоўскі з Шуміліна. Ён мае трактар Т-16 з усімі неабходнымі прычапнымі ўстройствамі, на якім апрацоўвае агарод. Кажа, што бульба сёлета на ўрадлівых непароцкіх землях вырасла добрая. Набылі тут дамы сябры Аляксандра – Яўген Масько і Цімур Каламіец. Разам ходзяць на рыбалку на Разван, адзін аднаму падаюць прыклад у навядзенні парадку на падворках, у будаўніцтве.

Урадзілі яблыкі і бульба


Вера і Леанід Даканавы з Віцебска купілі дом у Непаротах паўтара дзясятка гадоў таму. Жывуць тут і зімой. Кажуць, што гэта ідэальная вёска для дачнікаў. У госці прыязджаюць пяцёра ўнукаў. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, гародніна ў іх сёлета ўрадзіла, асабліва парадавала бульба “нара”.

Віцяблянка Галіна Душкевіч, якой дом з садам дастаўся ў спадчыну, пахвалілася багатым ураджаем яблыкаў. Галіна расказала, што раней у вёсцы былі клуб, пачатковая школа, непадалёк размяшчаўся свінагадоўчы комплекс, дзе працавала палова жыхароў вёскі. У мясцовых азёрах заўсёды вадзілася рыба.

З  ГІСТОРЫІ

Кажуць, што раней на месцы Непарот былі два населеныя пункты. Захаваліся гістарычныя звесткі пра кожны з іх. Ужо ў 18 стагоддзі было вядома сяло Непароты. Яго назва была звязана з пражываннем на тэрыторыі населенага пункта панцырных баяр (займалі прамежкавае становішча паміж баярамі і шляхтай), якія былі абавязаны несці службу коннымі ў цяжкім узбраенні, якое называлася панцырам. У адносінах да іх не маглі прымяняцца цялесныя пашкоджанні, гэта значыць, яны былі нябітыя (“не пороты”) – адсюль і пайшла назва вёскі.
У земскай кнізе Віцебскага ваяводства значыцца, што 26 кастрычніка 1624 года Непароцкі маёнтак належаў панам Адаму Аляксандру Косавым. Вядома і тое, што ў 1627 годзе Адам Косаў падарыў маёнтак дачцэ Эсфір.
Старажылы кажуць, што раней у вёсцы быў Непароцкі касцёл, дарогі былі брукаванымі.

 ЦІКАВЫЯ  ФАКТЫ  ПРА  НЕПАРОТЫ

У Непаротах налічваецца 50 дачных дамоў, на 10 дачах пражываюць пастаянна.
 Дачнікі прыязджаюць у вёску з Віцебска, Шуміліна, Мінска, Масквы.
 Вакол Непарот знаходзяцца азёры Разван, Цінаўка, Беляніца, Віцір.
 У Непаротах будуюцца тры дамы.
 Самы сталы дачнік размяняў восьмы дзясятак, самаму маладому споўнілася 30.
 Раней вёска дзяліліся на чатыры часткі: Плюшчаўка (пачатак вёскі), Непароты (сярэдзіна), Гарадок (каля крыжа), Дутчына (ускраіна), многія карыстаюцца гэтымі назвамі і сёння.
 Некаторыя дачнікі трымаюць курэй, у адной сям’і ёсць пасека.
 Апошняе свята ў Непаротах – дзень рыбака – прайшло ў ліпені.
 У Непаротах ёсць тры свабодныя ўчасткі для будаўніцтва.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *