Бывшие начальники Шумилинского РОВД рассказали о своей работе

Общество

“Жыць і працаваць так, як гэта рабілі дзяды і бацькі”

Напярэдадні прафесійнага свята мы папрасілі былых начальнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў успомніць гады службы і выказаць пажаданні сённяшнім шумілінскім міліцыянерам.
Уладзімір Іосіфавіч Літоўка:
– Прыступіў да работы начальнікам Шумілінскага РАУС у 1974 го-дзе і працаваў на гэтай пасадзе дзесяць гадоў. Я, лепельскі хлопец, дагэтуль увогуле нічога не ведаў пра шумілінскі край. А пасля быў вельмі рады, што трапіў сюды на службу.
Сваім былым калегам і пачынаючым міліцыянерам зычу быць адданымі сваёй службе, цаніць і паважаць кожнага ў калектыве. Няхай у рабоце будуць поспехі, на душы – спакой.
Міхаіл Якаўлевіч Барадаўка:
– Служба ў міліцыі – гэта неспакойныя будні і святы. На ўсё жыццё запомніліся “гучныя справы”, якія былі раскрыты шумілінскімі міліцыянерамі ў 1980-1990-ыя гады (а менавіта ў гэты перыяд я ўзначальваў РАУС). Але гэта несвяточная тэма.
Напярэдадні 100-годдзя беларускай міліцыі хочацца сказаць сваім маладым калегам: жывіце і працуйце так, як гэта рабілі дзяды і бацькі. Каб не сорамна было глядзець у вочы землякам, каб кожны з іх адносіўся да шумілінскага міліцыянера з вялікай павагай.
Валерый Якаўлевіч Шархун:
– Мне і маім калегам выпала служба ў міліцыі ў неспакойны час. У 1994-2002 гадах на дарогах было нямала разбояў, угонаў і крадзяжоў машын. Але многія з іх былі раскрыты.
Ну, а сённяшнім міліцыянерам жадаю спакою ў краіне – тады і служба будзе лёгкай.
Мікалай Васільевіч Дзегцяроў:
– Я вельмі рады, што напярэдадні свята рэдакцыя раённай газеты і шумілінскія міліцыянеры пра мяне не забыліся. Я ўзначальваў РАУС нямнога – у 2002-2003 гадах. Тым не менш з калегамі склаліся цёплыя даверлівыя адносіны.
Жадаю міліцыянерам быць чэснымі і справядлівымі, дастойна несці службу, быць сапраўднымі абаронцамі правоў і інтарэсаў людзей.
Рыгор Аляксандравіч Ткачонак:
– Хаця ўжо даўно не працую ў Шумілінскім РАУС (быў начальнікам з 2003 па 2008 год), але падтрымліваю сувязь з былымі калегамі і заўсёды ў курсе іх спраў.
Жадаю бадзёрасці духу, не ўспрымаць цяжкасці ў штыкі, а пераадольваць іх. Трэба ісці на службу з жаданнем і радасцю – тады ўсё атрымаецца.
Раман Канстанцінавіч Бабіч:
–  Я ўзначальваў аддзел з 2009 па 2011 гады. Працаваць было няпроста, але цяпер зразумеў, што работа ў Шуміліне – гэта лепшыя мае гады.
Усім калегам жадаю моцнага здароўя, каб на ўсё хапала сіл. Няхай радуюць дзеці і ўнукі, няхай будні і святы будуць спакойнымі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №18 ад 03.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *