Слово подполковнику милиции Александру Дмитренко

Актуалии Общество

Гатовы прыйсці на дапамогу людзям

Пра раённы аддзел унутраных спраў, пра работу міліцыянераў расказвае начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Рыгоравіч Дзмітрэнка.
У Шумілінскім райаддзеле ўнутраных спраў згуртаваны калектыў прафесіяналаў са сваімі традыцыямі і прынцыпамі, галоўныя з якіх – пачуццё абавязку і адказнасці, узаемавыручка, гатоўнасць прыйсці на дапамогу людзям.
Тэатр пачынаецца з вешалкі, а РАУС – з аператыўна-дзяжурнай службы, якую ўзначальвае старшы аператыўны дзяжурны Вячаслаў Жлукцёнак.  Супрацоўнікі “дзяжуркі” кругласутачна прымаюць заявы грамадзян, адпраўляюць групу на выезд у розныя куткі раёна. Толькі за студзень-люты гэтага года ў РАУС паступіла больш за 500 паведамленняў і заяў.
З многімі заявамі прыходзіцца разбірацца падраздзяленню крымінальнага вышуку на чале з яго начальнікам Валерыем Талстым. Калі ў мінулым годзе раскрыццё злачынстваў склала 60%, то за студзень-люты гэтага года – 80%. У крымінальным вышуку працуюць вопытныя супрацоўнікі. Многім прапаноўваюць павышэнне па службе: напрыклад, Сяргей Бяржанін зараз працуе першым намеснікам начальніка Міёрскага РАУС.
Самая шматлікая служба РАУС – аддзяленне аховы правапарадку і прафілактыкі (начальнік – Вячаслаў Воранаў). Зараз у міліцыі працуюць восем участковых інспектараў, але нядаўна мы пашырылі штат да дзесяці. Так што ёсць свабодныя вакансіі.
Вялікую ўвагу міліцыя ўдзяляе прафілактыцы злачынстваў.  На гэта працуюць не толькі ўчастковыя інспектары, але і інспекцыя па справах непаўналетніх (ІСП) на чале са старшым інспектарам Аленай Селязнёвай. Супрацоўнікі ІСП праводзяць розныя рэйды, працуюць у школах раёна, супрацоўнічаюць з камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама.
На прафілактыку працуе  і крымінальна-выканаўчая інспекцыя на чале з Андрэем Шацілам, і група па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлем людзьмі (начальнік Руслан Бруеў), якая не толькі ратуе людзей ад шкоднай атруты, але і прыпыняе выхад парнаграфічных матэрыялаў у камп’ютарную сетку.
Добра арганізавана работа ў супрацоўнікаў групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю (начальнік Антон Спірыдонаў) і  работнікаў ДАІ. Інспектары з гонарам выконваюць свае абавязкі. І ў дождж, і ў снег, і ў галалёд яны заўсёды на баявым пасту. Прыклад у рабоце, вынослівасць, фізічную падрыхтоўку і спрыт сваім падначаленым паказвае начальнік ДАІ Мікалай Гаралевіч, які сёлета заняў прызавое месца па лыжных гонках на чэмпіянаце УУС Віцебскага аблвыканкама.
Колькі ў раёне здзейснена злачынстваў, колькі крадзяжоў і парушэнняў правілаў дарожнага руху, падлічвае старшы інспектар інфармацыйнага цэнтра (ён жа выконваючы абавязкі начальніка штаба) Віктар Попелаў.
Рэгістрацыяй пашпартоў, іх выдачай, кантролем за часовай рэгістрацыяй замежных грамадзян займаецца падраздзяленне па грамадзянству і міграцыі РАУС на чале з начальнікам Аленай Пракоф’евай.
Вельмі патрэбныя ў РАУС і дадатковыя службы: група тылавога забеспячэння (старшы інспектар Віктар Салабута), фінансавая частка (начальнік Валянціна Пратасевіч), група рэжымна-сакрэтнай дзейнасці (старшы інспектар Ірына Слімянёва).
Думаю, выкажу агульную думку шумілінскіх міліцыянераў, калі скажу, што быць на варце правапарадку – высакародна і ганарова. Таму напярэдадні свята жадаю сваім калегам і надалей “трымаць марку”: прафесійна расці, па гарачых слядах раскрываць злачынствы. Усяму калектыву – моцнага здароўя і  дабрабыту ў сем’ях.
Надрукавана ў №18 ад 03.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *