Подворный обход пришёл в Светлосельский сельсовет

Актуалии Общество Сельское хозяйство

Светласельскі – сельсавет асаблівы
Два аграгарадкі, 17 вёсак, 2205 чалавек – гэта Светласельскі сельскі Савет. Другі па колькасці насельніцтва, трэці па тэрыторыі ў нашым раёне. На мінулым тыдні тут прайшоў падворны абход населеных пунктаў.

Групы, у якія ўваходзілі прадстаўнікі ўлады, сацыяльнай службы, праваахоўных органаў, спецыялісты розных сфер, наведвалі людзей дома.
Што ўяўляе сабой Светласельскі сельскі Савет, што хвалюе людзей, якія праблемы прад’яўляе паўсядзённае жыццё – пра ўсё гэта мы пагутарылі са старшынёй сельвыканкама В. В. Шчарбаковым.
– Асаблівасць нашага сельсавета ў тым, што ён транзітны, прыгарадны, – разважаў Віктар Вікенцьевіч. – Таму ў прававым плане тут не заўжды спакойна, і больш актыўна, чым, скажам, у якой аддаленай ад цэнтра вёсцы, можа праяўляць сябе так званы асацыяльны элемент. Хаця, варта заўважыць, што па стане злачыннасці адносна мінулага года мы мінусуем.
Зноў жа, калі гаварыць пра спецыфіку, то ў нас ёсць умовы для большай міграцыі. Аўтамабільная траса, чыгунка – людзі могуць жыць тут, а працаваць і ў Віцебску, і ў Полацку, а не толькі ў Шуміліне.
У той жа час, наш сельсавет знаходзіцца ў цэнтры раёна – побач бальніца, вакзалы, школы, дзіцячыя сады і іншыя сацыяльныя аб’екты. Людзям гэта зручна.
– Якія найбольш вострыя праблемы хвалююць вас як старшыню сельвыканкама?
– Адна з самых вострых праблем – гэта водазабеспячэнне ў некаторых населеных пунктах, такіх як Язвіна, Каравайніца, Лескавічы. Старыя водаправоды, частыя парывы, адсутнасць, як, напрыклад, у Каравайніцы, напору вады – усё гэта не дазваляе людзям карыстацца, скажам, сучаснымі пральнымі машынамі. Гэта адзін момант. Ну, яшчэ засмучае тое, што сяло пусцее. Асноўная частка насельніцтва імкнецца ў буйныя вёскі  – Лескавічы, Язвіна, Светласельскі і Башні.
– З якімі просьбамі да вас часцей за ўсё звяртаюцца людзі?
– З самымі рознымі: вулічнае асвятленне, рамонт дарог, работа аўталавак, атрыманне жылля і многае, многае іншае. Тэлефон не змаўкае.
– А што ўдалося зрабіць сёлета?
– Усё робіцца ў рабочым парадку, на колькі дазваляюць сродкі. Дарогі, напрыклад, мы рамантуем пастаянна, зыходзячы з бюджэту. У Лескавічах, Язвіне, Баёўцы сёлета грэйдзіравалі. Рэагуем на звароты грамадзян, заўжды стараемся дапамагчы, калі ёсць магчымасць і неабходнасць.
– Калі зноў успомніць тое, што сельсавет размешчаны ў цэнтры, то зразумела, што да вас асаблівыя патрабаванні ў плане добраўпарадкавання, навядзення парадку, у тым ліку і самімі людзьмі на сваіх падворках.
– Вядома, прадпісанняў пішам па 700 за год. І людзі робяць, бывае не адразу, але ўсе ўжо прывыклі, што рабіць гэта трэба.
* * *
Карэспандэнт раёнкі разам са старшынёй і іншымі членамі групы ў гэты дзень пабывала ў Каравайніцы, Ільінцах і Баёўцы. Нас усюды гасцінна сустракалі, на жыццё асабліва не наракалі, маўляў, калі з розумам ды не лянівы – жыць будзеш добра. Мы пастараліся наведаць усе дамы, дзе выхоўваюцца дзеці, асабліва пільна ўглядаліся члены камісіі ў быт не самых надзейных бацькоў.
Ці ёсць дровы, ці патрэбна дапамога, ці шмат п’юць людзі, як працуе вулічнае асвятленне – такія пытанні задаваў людзям Віктар Вікенцьевіч. Сезон і абстаноўка ў раёне вывелі на першы план бяспеку пячнога ацяплення. Заўваг ад старшыні паступіла нямала, прычым, у гэтым пытанні ён праяўляў асаблівую бескампраміснасць: ёсць агрэхі – за тыдзень выправіць: “Прыеду праз тыдзень – праверу”, – абяцаў.  І сапраўды ж прыедзе, людзі не сумняваюцца, слухаюцца свайго старшыню.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №90 ад 17.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *