Шумилинский район готовится к Новому году

Новости Общество

Святочныя агенчыкі Шуміліна

Галоўны сімвал Новага году – ёлка – ужо зіхаціць рознакаляровымі агеньчыкамі ў гарадскім парку. З кожным днём у Шуміліне запальваецца ўсё больш і больш гірляндаў, ператвараючы райцэнтр у чароўную казку.
У пачатку тыдня работнікі УП ЖКГ дадалі святочнага афармлення: на ўваходзе ў парк устанавілі светлавую арку, упрыгожаную навагоднімі сімваламі, а ў парку з’явіліся два мядзведзі і тры алені. Пазней дапоўніць навагодні сюжэт фотазона «2022».
Як расказаў галоўны інжынер УП ЖКГ Максім Русецкі, святочных упрыгажэнняў у райцэнтры стане больш: 600 метраў дзюралайту (празрысты шнур з размешчанымі ўнутры святлодыёдамі) аздобіць вуліцу Кароткіна, а на вуліцы Ленінскай на дрэвах з’явяцца новых 10 гірлянд.
Дарэчы, у кожнага з нас ёсць магчымасць ператварыць наш гарадок у чароўную навагоднюю казку і ўзяць удзел у традыцыйных конкурсах на святочнае афармленне адміністрацыйных будынкаў і на лепшае навагодняе афармленне прыватнага дома.

Нараджаюцца тыгры ў Обалі
Напярэдадні калядных і навагодніх святаў багата работы ў работнікаў участка керамікі Обальскага керамічнага завода. Зараз ва ўмелых руках Аляксандра Захарэнкі і Таццяны Чарвінскай «нараджаюцца» тыгры, маленькія і вялікія, – сімвал 2022 года.
– Святочныя навагоднія сувеніры – гэта заўжды бязмежны палёт фантазіі, – расказваюць майстры. – Тыграў, як і любы іншы керамічны выраб, прыдумваем самі. У нас няма двух аднолькавых сувеніраў, кожны выраб – арыгінальны. Упэўнены, што нашы навагоднія сувеніры дораць сваім гаспадарам толькі пазітыўную энергію і станоўчы настрой.
Плануецца, што обальскія майстры вырабяць каля 200 тыграў. Попыт на навагоднюю прадукцыю з Обалі ёсць. Колькасць гандлёвых кропак, дзе іх можна набыць, з кожным годам расце. Так, напрыклад, сёлета навагодніх тыграў можна купіць і на аўтазаправачных станцыях вобласці.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №96 ад 10.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *