Как проходит зима на фермах Шумилинского района

Общество Экономика

“Зіма на ферме”

Два гады таму па ініцыятыве  Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у краіне стартавала акцыя “Зіма на ферме”. Яна мае на мэце не дапусціць парушэнняў правілаў аховы працы, пракантраляваць бытавыя ўмовы работы жывёлаводаў. Падчас акцыі прафсаюзныя лідары правялі некалькі рэйдаў і праверак на фермах, на адной з іх пабывала і карэспандэнт раённай газеты.
Мы накіраваліся ў адну з самых аддаленых гаспадарак ААТ “Прыдзвінскі”. На фермах Крывое Сяло-1 і Крывое Сяло-2 было чыста, кармушкі –  поўныя сенажу. “А дзе даяркам пагрэцца ў мароз?” – пытаюцца ў жывёлаводаў старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Васіль Юхнавец і старшыня прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова.  “Прайдзіце, пагрэйцеся”,  – запрасілі жанчыны ў пакоі адпачынку.
На абедзвюх фермах грубкі былі напалены – пастараліся начныя вартаўнікі.
Жывёлаводы расказалі, што мароз не страшны для жывёлы, калі дзверы і вокны уцеплены.
“Галоўнае ў халодныя дні – уцяпліць уваходныя вароты знізу, бо мароз перш-наперш “бяжыць па падлозе,” – кажуць работнікі фермаў Дабея і Непароты ААТ “Прыазёрны мір”. І мы ўбачылі такое ўцяпленне з сена і саломы на большасці наведаных фермаў раёна.
Жывёлаводы фермы Мосарава расказалі, што сёлетняя зіма іх ніколькі не напужала. На ферме толькі адна праблема – у “малочнай” тонкія каналізацыйныя трубы, якія хутка забіваюцца. Ад недасканаласці і хібаў пры будаўніцтве церпяць вось ужо каторы год.
Галоўнаму тэхнічнаму інспектару абкама АПК Міхаілу Лабко, які прымаў удзел у рэйдзе, асабліва спадабалася ферма Латкова сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Лаўжанскае”: тут утульна, можна сказаць, па-дамашняму. Ферма маленькая і цёплая, усе вароты тут закрываюцца спецыяльнымі шторамі. Па словах загадчыцы Алены Чупрынскай, на кармы пакуль скардзіцца не прыходзіцца: і сілас даюць каровам, і сена, і канцэнтраты. Калектыў даярак падабраўся добры, усе стараюцца. Таму нават зімой не знізілі надоі – 8,4 кілаграма на карову.
На ферме Латкова створаны ўсе ўмовы для адпачынку: ёсць пакой, дзе можна пагрэцца і папіць чаю, ёсць раздзявалкі. Вось толькі туды не перашкодзіла б набыць шафы для кожнага жывёлавода.
Ферму Паратоўка УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” прафсаюзныя лідары наведалі ўжо не раз у гэтым годзе. Прыемна адзначылі зрухі да лепшага: на цялятніку ўцеплены ўваходныя вароты, памяшканне “ўпрыгожылі” яловымі лапкамі. Ну, а цялят нарэшце пачалі выганяць на прагулкі на свежае паветра. Гэта і для здароўя жывёлы карысна, і мікраклімат у памяшканнях змяніўся, і гною стала менш. Больш таго, цялятніца Ірына Уробушкіна расказала нам: “Гэта зіма для жывёлы добрая. Камбікорму, кармасумесі для цялят – уволю. У мінулыя гады столькі корму жывёла не бачыла. Таму вялікі дзякуй нашаму кіраўніку Уладзіміру Сяргеевічу Яўсеенку, які клапоціцца пра тое, каб кожны дзень на ферме было ўволю кармоў. Думаю, з зімы жывёла выйдзе на пашу ўкормленай”.
Падчас рэйду на наведаных фермах былі выяўлены толькі дробныя заўвагі, якія можна выправіць у рабочым парадку. Але расслабляцца не прыходзіцца, бо наперадзе яшчэ некалькі зімовых дзён і сакавік, на працягу якога таксама могуць быць маразы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №17 ад 27.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *