Да 100-годдзя Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года: Інтрыга з царскай тэлеграмай

Общество

Да 100-годдзя Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года: Інтрыга з царскай тэлеграмай
Да 60-х гадоў XIX стагоддзя ў глухой і Богам забытай вёсачцы Шуміліна жыло ўсяго некалькі сем’яў. Цэнтрам у акрузе з’яўлялася мястэчка Сіроціна – з амаль 3-тысячным насельніцтвам, брукаванымі вуліцамі, дамамі-камяніцамі, царквой, школай, сінагогай. Вось тут жыццё віравала і біла ключом, вясной і восенню ладзіліся кірмашы са значным таварным і грашовым абаротамі. Праўда, з далучэннем да Расійскай Імперыі новыя ўлады пазбавілі мястэчка магдэбурскага права і геральдычнага сімвала (цяпер гэта афіцыйны герб Шумілінскага раёна).
Лёс абодвух паселішчаў крута змяніла Рыга-Арлоўская чыгунка, якая пралягла якраз праз Шуміліна. А мястэчка засталося ў баку ад сталёвай магістралі, і спакваля пачаўся яго заняпад. У Шуміліне паскоранымі тэмпамі былі пабудаваны вакзал (адзіны, які захаваўся да нашага часу на беларускім участку дарогі), царква, дэпо, таварныя рампы, складскія памяшканні, ваданапорная вежа з паравым рухавіком. Але яшчэ амаль 100 гадоў станцыя ў Шуміліне насіла назву Сіроціна. Тут і адбыўся адзін з адметных эпізодаў Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.
…1 сакавіка імператарскі ліцерны цягнік з Магілёва, дзе размяшчалася царская стаўка, прыбыў у Пскоў. Рухацца далей на ахоплены масавымі хваляваннямі Петраград цару Мікалаю II не дазволілі паўстаўшыя салдаты і матросы, перакрыўшы чыгунку на ўсіх напрамках да сталіцы. Апоўдні 2 сакавіка ў Пскоў прыехала дэлегацыя Дзяржаўнай Думы – і нібы нож прыставіла да горла імператару, катэгарычна патрабуючы ад гасудара адрачэння. Мікалай супраціўляўся млява – гарнізон у Петраградзе перайшоў на бок рэвалюцыі, ужо быў створаны Петраградскі Савет, з драпежнай хваткай адбіраючы ўладу у цалкам дэмаралізаваных царскіх міністраў, а камандуючыя франтамі салідарна прыслалі тэлеграмы ў падтрымку адрачэння. Цара ў гэты драматычны момант пакінулі нават яго сваякі.
Дашчэнту змораны і зломлены Мікалай, не вытрымаўшы шалёнага націску думцаў, на зыходзе дня, схіліўшы прыгнечана галаву, вымушаны быў падпісаць маніфест аб складанні з сябе вярхоўнай улады з перадачай яе свайму брату Міхаілу Аляксандравічу. І вырашыў вярнуцца ў Магілёў.
Застаўшыся сам-насам у салоне, ужо былы цар напісаў у дзённіку: “Са змрочным пачуццём пакідаю Пскоў. Вакол здрада, баязлівасць і падман”. Потым паклікаў да сябе дварцовага каменданта генерала світы Уладізіміра Ваяйкова і папрасіў адаслаць свайму брату тэлеграму, накідаўшы тэкст на фамільным бланку: “Петраград. Яго Імператарскай Вялікасці Міхаілу Другому. Падзеі апошніх дзён прымусілі мяне незваротна на гэты крайні крок. Даруй мне, калі засмуціў цябе і што не паспеў папярэдзіць. Застаюся назаўжды верным і адданым братам. Горача малю Бога памагчы табе і тваёй Радзіме. Нікі”.
Генерал Ваяйкоў, яшчэ зусім нядаўна верны царскі служака, чамусьці не заклапоціўся неадкладным выкананнем дадзенага яму даручэння і тэлеграму са Пскова не паслаў. Магчыма, так хутка пачаў буксаваць добра адладжаны да гэтага механізм строгай субардынацыі. Але хутчэй за ўсё генерал быў уцягнуты думцамі ў патаемную для цара інтрыгу, цвяроза паразважыўшы, што яму найперш трэба дбаць пра ўласную персону.
Праз гадзіну цягнік рушыў на Магілёў. Мікалай пажадаў, каб яго не турбавалі. У суседнім з салонам прасторным купэ дзяжурныя афіцэры з акамянелымі тварамі моўчкі і прагна курылі, глытаючы горкі дым. З непрагляднай і чорнай, як дзёгаць, цемры выплывалі насустрач і тут жа знікалі кволыя агеньчыкі бязлюдных станцый. Усю марозную ноч цягнік імчаў без перапынкаў. На золаку над шырокім сувоем заснежаных палёў нясмела бліснулі першыя промні нізкага сонца. Надыходзіў дзень – апошні для расійскай манархіі. Мікалай і ўжо прыкметна парадзелая світа сустрэлі яго на станцыі Сіроціна. Тут цягнік нарэшце спыніўся. І толькі тады генерал Ваяйкоў схамянуўся і паслаў аднаго з ад’ютантаў на вакзал адбіць у Петраград тэлеграму.
Але інтрыга працягваецца. Ужо знаходзячыся ў эміграцыі, марганічная жонка Міхаіла графіня Барсава сцвярджала, што ніякай тэлеграмы ад Мікалая муж не атрымаў.
Хто ж перахапіў яе? Дакладнага адказу няма. Вядома толькі, што ў гэты ж дзень, 3 сакавіка, у петраградскую кватэру Міхаіла ўварваўся, нібы ветрам падкінуты, імпульсіўны Аляксандр Керанскі. І з ходу атакаваў прэтэндэнта на імператарскі трон, даволі хутка загнаўшы збянтэжанага Міхаіла ў вугал пафаснай рыторыкай: “Не прымайце прастол, не прымайце. Народ супраць манархіі, я гэта добра адчуваю”. Зусім разгублены Міхаіл, па прыродзе сваёй чалавек памяркоўны і сарамлівы, раптам заплакаў і пачаў мармытаць: “Не прыму, не магу прыняць…”. Эксцэнтрычны Аляксандр Фёдаравіч выбухнуў чарговай тырадай: “Я глыбока паважаю вас за гэты крок. Уся Расія паважае”.
Ды толькі дарэмна Аляксандр Фёдаравіч саманадзейна сказаў за ўсю Расію. Ужо ў наступным, 1918 годзе, Міхаіл Аляксандравіч без усялякага следства і суда будзе закатаваны бальшавікамі…
Так сышла з гістарычнай авансцэны манархічная дынастыя Раманавых. Трыста тры гады самадзяржаўна ўладарыла яна імперыяй, што займала шостую частку зямлі, узвышаючыся над цэлым светам магутным бастыёнам. І здавалася, што няма і ніколі не будзе сілы, здольнай яе пахіснуць і скалануць.
Толькі тут дарэчы прыгадаць юнага Валодзю Ульянава. Падчас першага арышту сталага веку жандар пачаў было па-бацькоўску ўшчуваць палымянага рэвалюцыянера: “Чаго вы бунтуеце, малады чалавек? Перад вамі сцяна”. На што будучы правадыр сусветнага пралетарыяту пераканана адказаў з саркастычнай усмешкай: “Сцяна, ды гнілая. Ткні ў яе – і яна разваліцца”.
Анатоль БРУЦКІ, г. Віцебск.
Надрукавана ў №19 ад 07.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *