Ферма Мишковичи — одна из лучших в Шумилинском районе

Сельское хозяйство Экономика

Грошы “друкуюцца” на ферме

На адной з сельскагаспадарчых нарад прадстаўнікі аблсельгасхарчу, аналізуючы жывёлагадоўчыя справы нашага раёна, заўважылі: каб у кожнай гаспадарцы даілі столькі малака, колькі ў СФГ “Раднік”, то б Шуміліншчына была ў перадавіках. Сапраўды, добрыя надоі і таварнасць малака ў названай гаспадарцы заслугоўваюць увагі і пераймання.
Выконваючы дырэктар СФГ “Раднік” Аляксандр Лагуноў расказаў: “Зараз асноўны прыбытак гаспадаркі з малака. Грошы шукаем на фермах. Гэта свайго роду друкарскі станок, работу якога нельга спыняць ні зімой, ні летам. Але “друкарня” не будзе працаваць сама па сабе. Патрэбна захаванне тэхналогій, добрыя кармы, працавітыя людзі. Гэта ўсё маем і стараемся ўмела распараджацца такім багаццем”.
Лепшая ферма ў СФГ “Раднік” – Мішкавічы. На яе мы завіталі падчас абедзеннай дойкі. Даяркі Наталля Чаранок, Людміла Масько, Марыя Шэдзько, Святлана Патапенка раздавалі навацельным каровам камбікорм: па два кілаграмы на галаву і па дзвесце грамаў на літр малака. Камбікармы ў гаспадарцы – з уласных пшаніцы, ячменю, бабовых культур, лёну. Сістэматычна ў Мішкавічы з Полацкага КХП прыязджае машына, якая “гатуе” камбікорм, дадаючы туды яшчэ і прэміксы. “У камбікармах са свайго зерня ёсць плюсы: мы ўпэўнены, што ў корме няма ніякіх шкодных прымесяў, – кажа загадчыца фермы Надзея Буева. –  Уволю каровы ядуць і сенажу, і сіласу, і сена. У абавязковым парадку даём і карысную для стрававання салому. Але толькі адны кармы, без працавітага і адданага сваёй справе калектыву, – нішто. Калі, скажам, недадаілі ці не дагледзелі карову ўчора – сёння ўжо не атрымаем жаданага выніку.  Але ў нас такога не здараецца. Я ганаруся даяркамі сваёй фермы, якія  стараюцца працаваць і сумленна адносяцца да сваіх абавязкаў.  Нам пашанцавала са слесарамі – Сяргеем Прыгожым і Сяргеем Варанцовым. Яны ўважліва сочаць за работай сістэм даення, паення і гноевыдалення – ніколі не дапускаюць аўралаў і збояў”.
За студзень-люты валавы надой на ферме Мішкавічы склаў амаль 108 тон, на карову надаілі 674 кілаграмы малака. Зараз надой на карову складае 12 кілаграмаў – гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. Трохразовая дойка, на думку жывёлаводаў, дае свой плён. Калі некалькі гадоў таму даілі два разы, то на ферме было менш малочных кароў.
Тыя паказчыкі, якіх дасягнулі ў жывёлагадоўчай галіне, жывёлаводы змогуць дастойна ўтрымаць, упэўнена кіраўніцтва СФГ “Раднік”. Больш таго, сёлета плануецца павялічыць вытворчасць малака і яго таварнасць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 21 ад 14.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *