Подворный обход в Ковляковском сельсовете

Сельское хозяйство

Людзі тут памяркоўныя, аптымісты па натуры…
Каўлякоўшчына — край адметны. Гаворку вядзём не толькі пра маляўнічыя мясціны над Дзвіной, у гэтым сельсавеце больш вёсак, чым у якім іншым у раёне — 41, аднак пражывае сама меней людзей — 860 чалавек. І што характэрна — шмат састарэлых людзей.
Адсюль і танальнасць размовы падчас падворнага абходу: далікатнасць, уважлівае стаўленне да самых нязначных жыццёвых праблем вяскоўцаў.
На такую танальнасць нацэліла  3 студзеня на інструктыўнай нарадзе старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Свае парады і рэкамендацыі выказалі супрацоўнікі міліцыі і аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Нагадаем, як было месяц назад, калі падобнае мерапрыемства праводзілася ў Светласельскім сельсавеце. Спачатку падворны абход сіламі груп райвыканкама і раённых службаў, потым прыём грамадзян старшынёй райвыканкама і яго намеснікамі, аб’езд аб’ектаў вытворчай і  сацыяльна-культурнай сфер. Такая “схема” работы была прынята і на гэты раз. Так што падворны абход — першы этап у рабоце з насельніцтвам.
Вёска Харакова разлеглася на беразе Заходняй Дзвіны. Тут шэсць дачных домікаў і тры сядзібы, дзе пастаянна жывуць людзі. Мясціна прыгожая нават у самае капрызнае надвор’е. Мы з галоўным заатэхнікам ААТ “Пры-дзвінскі” Т. Т. Зайцавай, якая ў групе райвыканкама, пачынаем з першай хаты ад дарогі, дзе жыве М. В. Яцко. Пачатак дзясятай гадзіны раніцы. Гаспадыня, па ўсім відаць, яшчэ не ўстала. Тамара Тарасаўна, якая ведае людзей, гукае: “Цётка Манька, адчыніце!” Тая неўзабаве адчыняе дзверы. Заходзім у пярэдні пакой. Тут не палена, затое ў спальні — цёпла. М. В. Яцко доўгі час працавала начальнікам мясцовага паштовага аддзялення, да апошняга трымала карову, сёння ў хляве адно цяля. “Можа, адужаю, зноў выгадую кароўку, — смяецца Марыя Васільеўна. — Хаця цяжка: гады”.
Гаспадыні — 75, без гаспадара жыве дваццаць гадоў. Дапамагаюць дзеці, прыязджаюць. І сама яна не сядзіць склаўшы рукі — у яе сем пчаліных домікаў. Пчалярства — ад свёкра.
— Па аўталаўцы скажу: прыязджае, аднак, голая, — скардзіцца. — Пад Новы год не было чаго купіць…  Яе суседка — Зінаіда Мікалаеўна Варахобка. Жанчына цікава распавяла пра сваіх дачок-зяцёў, папрасіла Т. Т. Зайцаву знайсці ў бліжэйшых вёсках жанчыну, якая яе апекавала б, была б ёй за роднага чалавека. “Я б і хату на яе перапісала”, — сказала гаспадыня.
Нас чакаў пасёлак Заводскі — не менш маляўнічы куточак на карце Каўлякоўшчыны. Тут адзіны, напэўна, на ўвесь раён нічыйны жылы дом. Няма ў яго ні афіцыйнага і ніякага гаспадара. Ёсць, праўда, старэйшая па доме — Г. С. Цімафеева, але яна даўно хоча скласці “свае паўнамоцтвы” — дрэнна сябе адчувае. Ды і “ніхто мяне не слухаецца”, а тут патрэбны чалавек валявы і прынцыповы. Колькі ўжо гаворкі пра ўваходныя дзверы ў дом (тут жыве 6 сямей), а ніяк не могуць скласціся і заказаць у сталяра. Т. Т. Зайцава падрадзілася дапамагчы людзям. Як і з заменай выключальнікаў і разетак. У доме жыве маладая сям’я Годавых, але яна неўзабаве з’язджае ў Бешанковічы: у іх на руках ужо ключы ад новай кватэры. У астатнім — людзі ў тых гадах, калі новая кватэра наўрад ці “свеціць”. У людзей свае клопаты: рабочы камунгаса з Бешанковіч  другі дзень не можа перабрацца на “бешанковіцкі” бераг ракі. Паром стаў і лодкі не ходзяць. Калі так будзе яшчэ тыдзень ці два, чалавек, даруйце, завые ад безграшоўя. Праўда, у яго жонка — маладая жанчына, але яна не працуе. А ў сям’і трое дзетак. Жах!..
— Колькі ў вас грошай у кішэні? — пытаемся.
— Тысяч пятнаццаць наскрабём, — адказвае гаспадар А. В. Мамойка.
Пры доме цагляныя хлявы, дзе стаіць жыўнасць. Пры нас жанчына несла “падмацунак” гусям: яны гагаталі, чакалі гаспадыню. Дзеці коўзаліся па копанках (засталіся ад былога цагельнага завода, ад яго адзін знак і застаўся — высокая печ, выкладзеная з якаснай цэглы).
У Заводскім людзі прасілі паставіць аўтобусны павільён: у пасёлку жыве пяцёра дзяцей, ім няўтульна стаяць і чакаць аўтобуса ні ў дождж, ні ў золь, ні спёкаю. Дарэчы, пра дом і цагельны завод. Прадпрыемства не працуе з 1976 года. Жыллё перадалі на “парукі” рымарскай фабрыцы ў Бешанковічах, але неўзабаве і яна адмовілася ад нерухомасці: будынак аварыйны.
Аварыйны, але людзі тут жывуць і па сённяшні дзень…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №2 ад 06.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *