Любімая настаўніца роднай мовы

Людзі і лёсы Образование Общество

Любімая настаўніца роднай мовы

Праца настаўніка – адзін з самых важных і высакародных заняткаў на зямлі. Ад асобы педагога, яго якасцяў, як прафесійных, так і маральных, у многім залежыць лёс яго вучняў. У кожнага, бадай, быў такі настаўнік, які не толькі дапамог авалодаць ведамі, але і вывеў на дарогу жыцця. Маім настаўнікам па жыцці была і застаецца Вера Алегаўна Баганава.

Вера Алегаўна выкладала беларускую мову і літаратуру. І я кожны раз з нецярпеннем чакала і памятаю яе ўрокі, быццам яны былі ўчора: вось рука роўным почыркам выводзіць тэму ўрока на дошцы, вітальныя словы настаўніцы, нейкая асаблівая атмасфера ў класе. Урокі праляталі незаўважна, хацелася працягу на перапынку. Я палюбіла гэтую настаўніцу. Да таго ж яна была яшчэ і нашым класным кіраўніком і да кожнага ведала падыход. Хацелася займацца з гэтым добрым настаўнікам заўсёды, калі быў час. А больш за ўсё я любіла нашы сустрэчы на факультатывах, падрыхтоўку да іспытаў, тэстаў. Можа і зацікавілася я беларускай мовай таму, што Вера Алегаўна здолела прывіць мне любоў да роднай мовы, я і вывучылася на настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Вера Алегаўна Баганава — педагог па прызванні. Яна выконвае сваю работу не толькі сумленна, але і натхнёна, творча, з глыбокай зацікаўленасцю ў яе выніках. Праца настаўніка для яе – гэта нават не прафесія, а лад жыцця, Беларуская мова і літаратура – гэта не проста школьныя прадметы, якія яна выкладае, гэта яе прызванне, тое, у што яна ўкладвае ўсе свае сілы і энергію. Свой прадмет настаўніца вельмі добра ведае. Кожны яе ўрок – адкрыццё новага свету. Ён, гэты свет, і ў творах Коласа і Купалы, і ў гуках роднай мовы. Менавіта ўрокі літаратуры робяць чалавека маральна і духоўна багатым, робяць яго развітым, разумным.

Я паважаю і люблю сваю настаўніцу за творчасць у працы, шчырую любоў да дзяцей, за яе добрае сэрца, чуласць. Яна выхавала нас, сваіх вучняў, высакароднымі, працавітымі людзьмі, навучыла любіць роднае слова, данесла да нас простыя ісціны, дапамагала знайсці нам нешта сваё ў жыцці, знайсці той шлях, які дапамог раскрыць нашы лепшыя якасці. Вера Алегаўна дарыла нам тое, што можа даць не кожны настаўнік: цеплыню сваёй душы, радасць ад сустрэч, дабрыню і ўсмешку.

Віншую Веру Алегаўну з юбілеем, які, дарэчы, яна святкуе сёння! Віншаваць добрых людзей заўсёды прыемна, а такога выдатнага чалавека, прыемна ўдвая. Я шчыра жадаю, каб у вас заўсёды было досыць усмешак, сонечных дзён, удалых сітуацый, поспехаў, захапленняў, кахання, віншаванняў, падтрымкі, геніяльных ідэй, цікавых задумак, пачуццяў і эмоцый…

Вольга КОЦІКАВА і выпускнікі СШ №1 2005 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *