Люди в Сиротинском сельсовете живут весенними заботами

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Жывуць вясновымі клопатамі

У сакавіку аднавілася такая форма работы з грамадзянамі, як дні работы з насельніцтвам, у рамках якой групы ў складзе кіраўніцтва раёна, спецыялістаў розных службаў і ведамстваў праводзяць сустрэчы з грамадзянамі ва ўсіх населеных пунктах таго ці іншага сельсавета і райцэнтра.

Да людзей даводзіцца ўся важная інфармацыя, актуальныя для іх змены ў заканадаўстве, запісваюцца і прымаюцца да ўвагі прапановы і звароты вяскоўцаў. Асобныя катэгорыі грамадзян наведваюцца дома. Таксама ў рамках гэтай работы праходзяць пашыранае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку і асабістыя прыёмы грамадзян кіраўніцтвам раёна. Першым у гэтым сезоне 9 і 10 сакавіка дзень работы з насельніцтвам прымаў Сіроцінскі сельсавет.
Група, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, працавала 9 сакавіка ў аграгарадку Слабада.
Аграгарадок Слабада – адзін з самых буйных сельскіх населеных пунктаў Шумілінскага раёна. Тут знаходзіцца цэнтр КУСГП “Сіроцінскі”, дзіцячы сад-сярэдняя школа, працуюць крамы, райспажыўтаварыства і прыватная, аддзяленне Беларусбанка, пошта, бібліятэка, КБА, участак УП ЖКГ. Сацыяльная інфраструктура забяспечвае самыя неабходныя патрэбы вяскоўцаў, згадзіцеся, сёння далёка не кожная вёска можа гэтым пахваліцца. А калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ шчодрую прыроду з мноствам азёр ды лясоў, блізкасць да раённага цэнтра, добрае транспартнае забеспячэнне з Віцебскам, то зразумела, што ўсё гэта разам робіць прывабнай Слабаду для жыхарства.
А таму свабоднага жылля ў вёсцы няма, а жадаючыя тым часам ёсць. Вось і адна слабадчанка, маці шасцярых дзяцей, прэтэндуе на новую, больш камфартабельную і прасторную кватэру ў Слабадзе. Пра гэта яна заявіла і падчас яе наведвання па месцы жыхарства. Старшыня сельвыканкама Сяргей Каржуеў у чарговы раз патлумачыў шматдзетнай маці, што для таго, каб прэтэндаваць на новае жыллё, трэба спачатку стаць на ўлік тых, хто мае ў гэтым патрэбу. І пакуль не будзе гэтага першага кроку, зрабіць які павінна сама жанчына, справа з месца не зрушыцца.
У ходзе работы было ўзнята пытанне наконт грамадскай лазні. Справа ў тым, што лазня ў Слабадзе даўно не карыстаецца вялікай папулярнасцю: усяго 2-3 чалавекі маюць у ёй патрэбу штотыдзень, а гэта не можа забяспечыць рэнтабельнасць паслугі для ЖКГ. Таму было вырашана, што жадаючых прыняць водныя працэдуры будуць падвозіць да лазні ў Светласельскім. Таксама ў Слабадзе ўзнялі пытанні аварыйнага балкона,  ачысткі ад смецця адных могілак, і выдаленне аварыйных дрэваў на другіх. Гэтыя пытанні будуць вырашаныя камунальнай службай.
Пра надзённае гаварылі з людзьмі адказныя асобы, сабраўшыся ў Слабадскім ДК. Многія пытанні “дыктуе” надыход вясны. Вось і С. У. Каржуеў прасіў людзей не адкладваць на потым добраўпарадкаванне як сваіх сядзіб, так і тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый. У сувязі з гэтым на першы план выйшла пытанне бяспекі ў гэты перыяд. Намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў расказаў, што паліць сухую расліннасць можна толькі ў бязветранае надвор’е на сваім падворку, загадзя падрыхтаваўшы два вядры вады і рыдлёўку на ўсялякі выпадак. Усё іншае – строга забаронена. Ён узгадаў  мінулагодні выпадак, калі пенсіянерка з Філіпенак, выпальваючы траву, заадно спаліла і дзве хаты. Звярнуўся выратавальнік і да кіраўніка мясцовай гаспадаркі з просьбай не выпальваць пажніўныя рэшткі: “Мы потым да восені тушым тое, што “зачапіла” вясной”. Праўда, Мікалай Прыгодзіч запэўніў, што такая небяспека ад работнікаў гаспадаркі не зыходзіць.
Вядома, гаварылі і пра развіццё і падтрымку асабістых падсобных гаспадарак. Цікава, што Сіроцінкі сельсавет – самы бедны ў раёне на буйную рагатую жывёлу: прыватныя гаспадары тут трымаюць усяго 15 кароў (на ўвесь сельсавет!). У той жа час, і на гэтым завастрыла ўвагу І. М. Новікава, кароўка ў гаспадарцы – гэта добрая падтрымка для сям’і. У сваю чаргу мясцовае КУСГП гатова ўсяляк падтрымліваць такіх гаспадароў. Пра гэта гаварыў яго дырэктар М. У. Прыгодзіч. Гаспадарка выпісвае зерне, прымае цялят, робіць асемяненне. З нядаўняга часу работнікі фермы могуць выпісаць у кошт зарплаты малако па 50 капеек за літр, што яны і робяць з вялікай ахвотай. Гэты ход, па меркаванні кіраўніка, павінен выключыць факты крадзяжоў.
Адносна спакойнай назваў крымінагенную сітуацыю ў савеце начальнік РАУС Аляксандр Дзмітрэнка. А што да сямейных скандалаў ды п’яных дэбошаў, то ён заклікаў усіх не быць пасіўнымі, раўнадушнымі да чужых праблем. Своечасовы званок у міліцыю можа выратаваць ад бяды. Дарэчы, схільныя да сямейных скандалаў асобы ў гэты дзень былі наведаны дома, з імі былі праведзены прафілактычныя гутаркі.
Калі працягваць гаворку пра тыя пытанні, якія былі пастаўлены перад рабочымі групамі не толькі ў Слабадзе, але і ў іншых населеных пунктах Сіроцінскага сельсавета, то варта ўзгадаць наступнае. Былі звароты наконт беднага асартыменту магазіна райпо ў Сіроціне, а таксама нездавальняючай работы аўтамагазінаў. Прэтэнзіі ўсё тыя ж: сціплы асартымент, пратэрмінаваны тавар, адсутнасць цэннікаў. Жыхары Грабніцы прасілі наладзіць вываз смецця. Справа ў тым, што вываз смецця ЖКГ арганізуе тут толькі ў дачны перыяд, калі ж такая неабходнасць узнікае раней, то ЖКГ не бачыць ніякіх перашкод перанесці графік. У жыхароў Грабніцы і Філіпенак узнікла прэтэнзія да РЭС, які не вывозіць смецце пасля абрэзкі дрэваў. ДРБУ № 204 гатова падсыпаць дарогу на павароце на вёску Чысці, на нездавальняючы стан якой скардзіліся людзі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 21 ад 14.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *