На заседании районного координационного совета по реализации Декрета №18

Актуалии Общество

Чалавек упаў на дно. Падайце яму руку

Неабходнасць ранняга выяўлення сямейнай нядбайнасці, выканання абавязанымі асобамі сваіх працоўных і фінансавых абавязкаў і іншыя пытанні былі абмеркаваны на пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях”.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, адкрываючы нараду, падкрэсліла, што Дэкрэт № 18, на жаль, не страчвае сваёй актуальнасці, хоць з часу яго прыняцця мінула больш за дзесяць год.
Пра гэтую актуальнасць красамоўна сведчаць лічбы, прыведзеныя начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянцінай Мяньковай: на 1 сакавіка 2017 года ў Шумілінскім раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 193 дзіцяці са 101 сям’і. Ёсць і яшчэ нямала кандыдатаў трапіць у гэты ганебны спіс.
І тут на першы план выходзяць пытанні прафілактыкі сямейнай нядбайнасці. Пра гэта актыўна гаварылі на нарадзе і пракурор раёна Сяргей Зайцаў, і суддзя Шумілінскага раёна Алена Сініцкая, і іншыя. Кожны меў на мэце ўдасканаліць узаемасувязь усіх задзейнічаных у выкананні Дэкрэта №18 звёнаў, дабіцца відавочнай эфектыўнасці ў рабоце. Надзвычай складаная задача, асабліва калі ўлічыць лаяльнасць нашага грамадства да чаркі на сямейным стале, дадаць да гэтага фінансавую нестабільнасць і духоўную беднасць таго кантынгенту, дзе часцей за ўсё “вырастае” нядбайнасць. Таму разлічваць на імгненны станоўчы вынік не прыходзіцца.
Але калі ўдаецца выцягнуць з заганнага балота адну, дзве, пяць сямей, вярнуць туды дзяцей, дапамагчы ім захацець жыць па-людску – гэта вынік, дзеля гэтага варта збіраць каардынацыйныя саветы, варта ісці ўчастковаму і настаўніку, ехаць у ноч камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, працаваць усяму грамадству.
На дно жыцця ўпасці няцяжка, асабліва, калі ў якасці парасона трымаць у руках бутэльку ці шпрыц з наркатой, тады і падаць не балюча. І на тым дне далёка не да кожнага даходзяць самыя разумныя і кранальныя словы. Але ёсць тыя, хто ўпаў выпадкова, па дурасці, “за кампанію” ці яшчэ як. І ёсць шанс дапамагчы ім выбрацца. Не ганьбіць іх, не ўшчуваць, а рэальна дапамагчы.
Запомніўся прыклад, які прывяла на пасяджэнні ідэолаг ПМК-70 Святлана Мацвеева. Яна расказала пра мужчыну, які трапіў на прадпрыемства як абавязаная асоба. Самі разумееце, калі прадпрыемства просяць узяць на работу абавязаную асобу, каб неяк пагашаць даўгі перад дзяржавай, кожны кіраўнік разумее, які гэта “падарунак” і з якой біяграфіяй. Але… Чалавеку далі шанс, пры гэтым далі работу, у тым ліку і дадатковую (па выхадных – разгружаць вагоны), далі магчымасць зарабіць, пагасіць даўгі, стаць (пакуль што на час) членам працоўнага калектыву, падняцца перш за ўсё ва ўласных вачах. Вядома, пры гэтым дысцыпліна, кантроль. І ён працуе, няма ніводнага прагула. І хто ведае, можа, заўтра ён будзе ўспамінаць пра мінулае дно, як кашмарны сон, а можа, яму ўдасца зусім яго не ўспамінаць.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №22 ад 17.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *