Час Земли: 25 марта с 20.30 до 21.30 выключите свет

Актуалии Общество Экология

25 сакавіка з 20.30 да 21.30 выключыце святло

У апошнюю суботу сакавіка ва ўсім свеце пройдзе адна з самых вядомых экалагічных акцый – “Гадзіна Зямлі”.

Традыцыйна яна заклікана нагадаць пра сусветныя экалагічныя праблемы: змяненне клімату і спусташэнне прыродных рэсурсаў. Ініцыятарам “Гадзіны Зямлі” з’яўляецца Таварыства экалагічных арганізацый “Зялёная сетка”.
«У гэтым годзе акцыя адбудзецца 25 сакавіка, у суботу. Самы просты спосаб далучыцца да акцыі: адключыць святло і непатрэбныя электрапрыборы дома ці ў офісе на адну гадзіну – з 20.30 да 21.30, – паведаміла галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ірына Блізнец.  – Такім чынам мы дэманструем сваё нераўнадушша да дадзенай праблемы і разам клапоцімся пра клімат на планеце, у краіне і ў нашым доме».
Дарэчы, Беларусь у 9-ты раз прыме ўдзел у сусветнай экалагічнай акцыі. У 2016 годзе да акцыі далучыліся 10 гарадоў Беларусі. Там прайшлі спектаклі ценяў, варкшопы, кінапаказы, квесты і канцэрты. У свеце ж паўдзельнічала больш за 178 краін. Была пагашана падсветка на больш чым 12 тысячах архітэктурных аб’ектах, праведзена каля 2 млн. публічных мерапрыемстваў.
Сёлета пра сваю гатоўнасць удзельнічаць заявілі Мінск, Брэст, Пінск, Віцебск і іншыя гарады.

А што ў Шуміліне?
Выказала згоду падтрымаць акцыю кіраўніцтва раёна. Так, 25 сакавіка на адну гадзіну будзе адключана падсветка будынка райвыканкама. Ініцыятыву падтрымаюць і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі райцэнтра – ДРБУ-204, Беларусбанк, пошта і г. д.
Па ініцыятыве каардынатара “Зялёнага дазора” таварыства экалагічных арганізацый “Зялёная сетка” Ірыны Кулікавай ў кафэ-бары “Вясёлы таўстун”  25 сакавіка з 20.30 да 21.30 будзе арганізавана рамантычная вячэра пры свечках пад выступленне салістаў гурта “Эксперымент-12”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №24 ад 24.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *