Праздник для юбиляров устроили в кафе «Блюз» члены районной организации Белорусского общества инвалидов

Новости Общество

“Будзьце здаровыя!”

Да каго мы звяртаемся, калі захварэлі? Вядома, да ўрачоў. Але здароўя дадаюць не толькі лекі, а і ўсмешкі, жарты, упэўнены члены раённага таварыства інвалідаў, якія сабраліся на мінулым тыдні ў кафэ “Блюз” на мерапрыемства для юбіляраў “Будзьце здаровыя!”.
Калі замест звычайных вядучых на сцэну выйшлі доктар і медсястра, у якіх пераўвасобіліся артысты аўтаклуба раённага цэнтра культуры, старшыня раённага таварыства інвалідаў Л. М. Нагібава і ўсе прысутныя былі прыемна здзіўлены. Згодна з займаемай чаргой госці свята маглі наведаць хірурга, тэрапеўта, псіхіятра і нават запісацца на прыём да галоўнага ўрача. Усе дактары ў гэты дзень прапісвалі незвычайнае лячэнне – музыку, смех, танцы, жарты, усмешкі. І гэта мела для пацыентаў дзейсны эфект.
Паміж нумарамі мастацкай самадзейнасці (канцэрт падрыхтавалі артысты народны клуба “Ветэран” Обальскага  Дома культуры) віншавалі юбіляраў. Іх было багата – сабралася 23 чалавекі з Шуміліна,  Обальскай, Каўлякоўскай, Лаўжанскай, Мішневіцкай, Слабадской, Мікалаеўскай пярвічных арганізацый. Самым маладым  юбілярам споўнілася 45 гадоў, а самай старэйшай, В. М. Гаўрылкінай з Шуміліна (на здымку), – 80 гадоў. Вольгу Мікітаўну прадставілі як шчырага чалавека і добрую гаспадыню, якая насуперак гадам працягвае займацца сваёй любімай справай – вырошчваннем кветак.
Усіх юбіляраў павіншавала са святам Л. М. Нагібава і падарыла ад раённага таварыства інвалідаў  сувеніры. Шчырыя словы ў адрас усіх прысутных (на свята сабралася 90 чалавек) сказаў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі Фёдар Пучынскі. Ён уручыў юбілярам у падарунак іконкі і выказаў надзею, што яны абароняць у цяжкія жыццёвыя хвіліны, прынясуць здароўе і ўдачу.
Свята “Будзьце здаровыя!” прайшло ў цёплай сяброўскай атмасферы. Ва ўсіх быў добры настрой, а гэта толькі на карысць здароўю.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №25 ад 28.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *