Рэзанансныя справы Віцебшчыны

Общество Происшествия

Рэзанансныя справы Віцебшчыны

4 красавіка ў Віцебску прайшла прэс-канферэнцыя начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці генерал-маёра юстыцыі У. В. Шалухіна. У прэс-канферэнцыі бралі ўдзел журналісты рэспубліканскіх, абласных і раённых сродкаў масавай інфармацыі. Уладзімір Васільевіч расказаў пра вынікі расследавання найбольш рэзанансных крымінальных спраў.

Забойства прадпрымальніка
28 верасня ў меліярацыйным канале ў Шумілінскім раёне быў знойдзены труп прадпрымальніка з Віцебска з колата-рэзанымі ранамі. Па факце забойства Шумілінскі раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.  На наступны дзень быў затрыманы  падазроны  – 34-гадовы жыхар Гарадка.
“Следчыя высветлілі абставіны злачынства, – расказаў Уладзімір Васільевіч. – Мужчына ўзяў у прадпрымальніка  перадаплату (850 долараў)  за продаж дома з зямельным участкам у Гарадоцкім раёне. Але прадаваць зямельны ўчастак не збіраўся.  Калі прадпрымальнік прыехаў на сустрэчу з ашуканцам ў гаражны кааператыў побач з Гарадком, зламыснік забіў яго з асаблівай жорсткасцю, забраў грошы, упрыгажэнні  на агульную суму больш за 5,5 тыс. рублёў.  Затым  вывез труп на тэрыторыю суседняга Шумілінскага  раёна і выкінуў. Была спроба завалодаць аўтамабілем  BMW X5, які належыць прадпрымальніку, злачынца нават паспеў памяняць нумары. Але аўто не завялося і злачынны намер да канца не быў рэалізаваны”.
Падазроны адмовіўся  супрацоўнічаць са следствам. Заяўляў, што дзейнічаў толькі ў мэтах  самаабароны.  Падчас следства было ўстаноўлена, што мужчына здзейсніў яшчэ адно махлярства.
Крымінальная справа перададзена ў суд. Пакаранне можа быць вельмі жорсткім, бо толькі па аднаму абвінавачванню па арт. 139 ч. 2  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Забойства”(а ўсяго абвінавачванняў прад’яўлена па чатырох артыкулах)  прадугледжваецца пазбаўленне волі да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне ці смяротнае пакаранне.

Нападзенне на аддзяленне банка
1 сакавіка невядомы мужчына напаў  на касіра і абрабаваў аддзяленне “Беларусбанка” ў вёсцы Фарынава Полацкага раёна. Было ўстаноўлена, што скрадзена 10 338 рублёў.
Следчыя ўстанавілі прыкметы злачынцы. З месца здарэння былі канфіскаваны адбіткі слядоў абутку і пальцаў рук, ключы, ручкі ўваходных дзвярэй. Быў праведзены шэраг экспертыз.
У. В. Шалухін падкрэсліў, што следства мае доказы, якія цалкам дазваляюць апазнаць  злачынцу. Жыхар Фарынава знайшоў шэраг  прадметаў, сярод якіх – інкасатарскія сумкі  і шалік, з дапамогай якога злачынца закрываў твар. Шалік нясе  інфармацыю, якая дасць магчымасць вызначыць генатып чалавека.  Дапаможа ў раскрыцці злачынства і адаралагічны (па паху) след. Таксама адпрацоўваюцца каналы збыту грашовых купюр, але пакуль што безвынікова.

“Групы смерці”
На Віцебшчыне  ўзбуджаныя тры крымінальныя справы, звязаныя з дзейнасцю ў сацыяльных сетках так званых “груп смерці”. Першую завялі ў лютым гэтага года: 17-гадовая школьніца з Віцебска спрабавала пакончыць з сабой, выконваючы розныя заданні  ў небяспечнай гульні ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”.  Другая  крымінальная справа ўзбуджана 24 сакавіка: жыхарка Оршы звярнулася ў міліцыю з тым, што невядомы ў інтэрнэце прымушае яе дачку-пяцікласніцу наносіць  сабе цяжкія цялесныя пашкоджанні. Трэцюю крымінальную справу ўзбудзілі 31 сакавіка: жыхарка аграгарадка Крынкі Лёзненскага раёна паведаміла, што на  старонку яе 12-гадовай прыёмнай дачкі ў “Укантакце” паступаюць лісты з пагрозамі.
“Біялагічнае смецце” – так на дэструктыўных сайтах называюць нашых дзяцей,– падкрэсліў Уладзімір Васільевіч. – Чалавека шляхам шантажу, пагроз у бок яго блізкіх спрабуюць схіліць да таго ці іншага дзеяння. Напрыклад, палохаюць: “Мы заб’ем тваю маці”. Дарослы чалавек, у адрозненне ад падлетка, вядома ж, у гэта не паверыць. Адміністратары гэтых груп не валодаюць магчымасцямі ажыццявіць свае пагрозы, ды і не збіраюцца гэта рабіць. І пра гэта мы павінны гаварыць нашым дзецям.  У нашым рэгіёне, на шчасце, да сур’ёзных наступстваў ад дзеянняў гэтых  “груп смерці” не дайшло. І ў цэлым пра павелічэнне падлеткавых суіцыдаў гаворка не ідзе. Пачуццё непатрэбнасці і адзіноты могуць справакаваць дзяцей да неабдуманых учынкаў. Зараз, як і раней, вельмі важны псіхалагічны кантакт паміж бацькамі і падлеткамі”.
У. В.  Шалухін адзначыў, што гэта прыклад транснацыянальнай злачыннасці. “Групы  смерці” ў сацыяльных сетках адмініструюцца  з тэрыторыі Расіі. “Змагацца з імі можна. Праваахоўныя органы паспяхова супрацьстаяць  незаконнай міграцыі, распаўсюджванню парнаграфіі і наркотыкаў, у тым ліку ў інтэрнэце. Вопыт у нас ёсць.  Плануецца сумеснае пасяджэнне Следчага камітэта Беларусі з расійскімі калегамі, на якім будуць разгледжаны ў тым ліку і пытанні “груп смерці”, – падкрэсліў Уладзімір Васільевіч. – У бліжэйшы час будуць распрацаваны прафілактычныя мерапрыемствы, звязаныя з гэтай тэматыкай”.

Спынілі карупцыю
Падчас атрымання хабару  на аўтамабільнай стаянцы каля гандлёвага цэнтра “Карона” быў затрыманы намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Малако”.
Усяго мужчыну прад’яўлена  6 эпізодаў хабарніцтва, махлярства і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Намеснік генеральнага дырэктара лабіраваў інтарэсы камерцыйных структур. Ён, злоўжываючы сваімі службовымі паўнамоцтвамі, пры адсутнасці вытворчай неабходнасці даў незаконныя ўказанні работнікам  набыць маёмасць за кошт сродкаў ААТ “Малако”, якое затым выкарыстоўваў ў асабістых мэтах.
Сваю віну мужчына поўнасцю прызнаў. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №28 ад 07.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *