В г.п. Оболь прошло выездное заседание президиума райсовета депутатов

Общество Президент

 

Наш абавязак – захоўваць праўду пра вайну

Гераічная Обальшчына 25 красавіка прымала ўдзельнікаў выязнога пасяджэння прэзідыума райсавета дэпутатаў. Адным з асноўных пытанняў, якое было вынесена на абмеркаванне, – падрыхтоўка і правядзенне ў раёне ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 77-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

За гады вайны ахвярамі акупантаў у Обальскім сельсавеце стаў 561 жыхар. Здабылі гераічную славу Обальшчыне маладыя камсамольцы-падпольшчыкі.  У сельсавеце больш за два дзясяткі помнікаў, з якіх 9 з’яўляюцца вайсковымі могілкамі, у якіх пахавана 636 воінаў-вызваліцеляў. У пасёлку знаходзіцца брацкая магіла воінаў 334-га стралковага палка 47-й стралковай дывізіі, у якой пахаваны 332 салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі, якія вызвалялі Обальшчыну. Сярод пахаваных – Герой Савецкага Саюза Мікалай Дунічаў. Пра гэта ўзгадала падчас мітынгу дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова. Удзельнікі выязнога пасяджэння ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў, усклалі кветкі да брацкіх могілак.

Разам з вучнямі Обальскай СШ – школы міру каля Обальскага музея камсамольскага падполля члены прэзідыума райсавета заклалі парк у гонар герояў-падпольшчыкаў з 42 ліпак. Як зазначыла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева, гэта сімвалічная лічба: у 1942-м годзе была створана падпольная арганізацыя. Таксама былі праведзены экскурсіі па прысядзібна-паркавым комплексе Грабніцкіх, у музей і храм Ануфрыя Вялікага.

Наш абавязак – захоўваць праўду пра вайну, беражліва перадаваць яе нашым дзецям і ўнукам. Пра гэта гаварылі ўдзельнікі пасяджэння прэзідыума падчас абмеркавання пытання. На жаль, да Дня Перамогі ў нашым раёне сёлета дажылі ўсяго толькі трое ветэранаў – час няўмольны…  Але 9 мая застаецца для ўсіх пакаленняў самым светлым і радасным святам.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Мазанкоў пазнаёміў прысутных з падрыхтоўкай да святкаванняў, мерапрыемствамі, якія пройдуць сёлета ў раёне. Вядзецца работа па добраўпарадкаванні і рамонце воінскіх пахаванняў, памятных месцаў, запланаваны  героіка-патрыятычныя акцыі, распрацаваны і зацверджаны як традыцыйныя, так і новыя, раённыя святочныя і культурна-масавыя мерапрыемствы.

Члены прэзідыума былі адзінадушныя ў заўваге, што работу па добраўпарадкаванні памятных месцаў, помнікаў воінскай славы і абеліскаў загінуўшым воінам неабходна праводзіць не толькі напярэдадні 9 мая, а пастаянна. Хацелася б бачыць святочнае афармленне ў гандлёвых аб’ектах. Жыхары раёна і госці павінны паўсюль адчуваць, што мы адзначаем вельмі важнае свята, сустракаем і адзначаем яго з пачуццём гонару за свой народ і сваю краіну.

Па абмеркаваным пытанні прынята пастанова.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №32 ад 29.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *