Вопросы развития народного творчества и ремёсел рассмотрены на заседании президиума Шумилинского районного Совета депутатов

Культура Общество Президент

Як захаваць народную спадчыну і гістарычную памяць

28 лістапада ў Шумілінскім раённым цэнтры культуры адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Мікалая Будневіча. Незвычайны фармат пасяджэння тлумачыўся тым, што на ім разглядалася пытанне «Аб развіцці народнай творчасці і рамёстваў на тэрыторыі раёна». 

 У фае цэнтра ўдзельнікаў пасяджэння вітаў народны фальклорны калектыў «Гульбічы» з абрадам «Ехала Каляда», створаным на падставе народных песень і абрадаў Шуміліншчыны. Дырэктар раённага Дома рамёстваў Анжэла Сяргеева прадставіла выставу «Вяртанне да вытокаў», расказала пра дзейнасць установы па захаванні народнай матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. Майстры Дома рамёстваў не проста захоўваюць рамесныя ўменні, яны імкнуцца рабіць на іх аснове сучасныя вырабы, што выклікае ў моладзі цікаўнасць да старажытных рамёстваў.

Кожны рэгіён мае свае тэхнікі работы з прыроднымі матэрыяламі, што робіць унікальнымі вырабы з керамікі, лазы, саломкі, тканіны. Высокі ўзровень шумілінскіх майстроў пацвярджаюць прызавыя месцы ў шматлікіх аглядах, конкурсах, фестывалях. Напрыклад, два гады запар – у 2021 і 2022 гадах – дажыначны сноп Шумілінскага раёна (майстар Наталля Сцержанкова) прызнаваўся лепшым снапом Віцебскай вобласці.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук прадставіў народныя і ўзорныя калектывы ўстаноў культуры раёна, якія захоўваюць і перадаюць фальклорныя песні, прыпеўкі, абрады. Яны актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, фестывалях, заслужана становяцца іх лаўрэатамі, пастаянна пацвярджаюць званне народнага ці ўзорнага калектыву. А канцэртная дзейнасць спрыяе папулярызацыі народнай творчасці сярод нашых сучаснікаў, моладзі.

Майстры Дома рамёстваў актыўна працуюць са школьнікамі Шумілінскай СШ №2, у сельскіх філіялах. Дзецям, ды і многім дарослым, цікава навучыцца старажытным народным уменням, некаторыя ўсур’ёз захапляюцца рамеснай дзейнасцю.

У прынятай пастанове рэкамендавана сістэматызаваць матэрыялы па праекце рэгіянальнага танца  «Лаўжанская кадрыля» для таго, каб стварыць у раёне фальклорнае свята.

На пасяджэнні была заслухана справаздача старшыні Сіроцінскага сельскага Савета дэпутатаў Аксаны Шынкевіч «Аб ходзе выканання на тэрыторыі сельсавета Дзяржаўнай праграмы “Увекавечанне памяці пра загінуўшых пры абароне Айчыны на 2021-2025 гады”». На тэрыторыі сельсавета размешчана 10 памятных месцаў, з іх 9 воінскіх і 1 грамадзянскае пахаванне, у тым ліку буйнейшыя ў раёне брацкія могілкі ў вёсках Дворышча і Тропіна. Пастаянна вядзецца догляд за гэтымі месцамі. Пошукавая работа дазволіла ўстанавіць новыя імёны савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні раёна. Сёлета пры падтрымцы арганізацый раёна пачалася ўстаноўка новых мемарыяльных пліт з імёнамі воінаў у Тропіне. Памятныя месцы выкарыстоўваюцца ў ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў, тут праводзяцца мітынгі, акцыі грамадскіх арганізацый. Штогод на воінскія могілкі прыязджаюць сваякі загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны салдат і афіцэраў з Расіі, іншых рэспублік былога СССР.

Падчас абмеркавання пытання кіраўнік раённага Савета дэпутатаў заўважыў важнасць гэтага пытання ў Год гістарычнай памяці. Мікалай Будневіч прапанаваў вывучыць магчымасць лічбавізацыі матэрыялаў пра памятныя месцы з устаноўкай таблічак з QR-кодамі.

У пастанове, прынятай па выніках абмеркавання, вызначаны комплекс мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні памятных месцаў, больш шырокім іх выкарыстанні ў дзейнасці грамадскіх арганізацый, выхаваўчай рабоце з дзецьмі і насельніцтвам раёна, развіцці ўнутранага турызму.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *