Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Ігар Аляксандравіч Шаціла.
Хуліганства
Жыхар Обалі на вуліцы Леніна некалькі разоў выстраліў з самаробнай зброі па вокнах мясцовай жыхаркі. Як высветлілася, падобнае правапарушэнне на рахунку хулігана ўжо не першае. Мужчыну пагражаюць грамадскія работы або штраф, або папраўчыя работы да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі да двух гадоў, або пазбаўленне волі да трох гадоў.
“Прыгарадны цягнік”
Супрацоўнікі РАУС прынялі ўдзел у спецыяльным комплексным мерапрыемстве “Прыгарадны цягнік”. Былі абследаваны чыгуначныя станцыі ў Обалі, Язвіне, Шуміліне і Мікіцісе, прыпыначныя пункты ў Пушчы, Ужляціне і Добрыне на прадмет асвятлення і спраўнасці платформаў. Адпрацаваны чыгуначны вакзал, на якім падчас прафілактычнага мерапрыемства былі выяўлены двое нецвярозых. На іх складзены адміністрацыйныя пратаколы. Пагражае штраф да 2 базавых велічынь.

Са зводак ДАІ
Наезд

На перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Сіпко адбылася аварыя. Жыхар Мінска, які ехаў на вялікагрузным аўтамабілі “Вольва”, не выбраў бяспечную дыстанцыю руху да аўтамабіля ДАФ, што рухаўся ўперадзе, і наехаў на яго (за рулём быў жыхар Жодзіна). Абедзве машыны пашкоджаны, людзі не пацярпелі. На мінчаніна складзены адміністрацыйны пратакол і накіраваны па месцы жыхарства парушальніка.
На УАЗе
Супрацоўнікі ДАІ спынілі ў Обалі вадзіцеля ААТ “Лаўжанскае”, які ехаў на УАЗе без тэхагляду. Адміністрацыйныя пратаколы складзены на вадзіцеля (штраф 1 БВ) і на службовую асобу, якая дапусціла аўтамабіль да работы (штраф да 4 БВ).

Са следчага камітэта
Махлярства

У мінулы чацвер  на тэлефон  касіра аднаго з банкаў у Шуміліне патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам тэхнічнай падтрымкі праграмнага забеспячэння банка. Касіру ён патлумачыў, што для праверкі сістэмы патрабуецца здзейсніць некаторыя аперацыі. Падчас размовы з работнікам банка даў указанні на ўвод значэнняў у плацёжную сістэму банка на пералічэнне грашовых сродкаў. У ходзе аперацыі 26-гадовы касір зрабіў міжнародныя грашовыя пераводы нявызначаным асобам  у суме больш чым 1 900 000 расійскіх рублёў і 4 900 долараў ЗША. Частка аперацый на суму больш чым 260 000 расійскіх рублёў была заблакіравана сістэмай банка.
Райаддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа. Следчыя правялі агляд памяшкання банка, дзе працавала касір, канфіскавалі мабільны тэлефон і ноўтбук, дапыталі касіра, накіравалі даручэнне органам унутраных спраў на правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па вызначэнні падазронай асобы. Расследаванне кры-мінальнай справы працягваецца.
Ухіліст
Як паведаміў намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Вадзім Сапега, у сераду ва Ушачах быў затрыманы жыхар Крывога Сяла І. Тарасаў, які раней  быў аб’яўлены ў вышук. Хлопец ухіляўся ад мерапрыемстваў прызыву на тэрміновую вайсковую службу. Ухілісту пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА, Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №29 ад 11.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *