А в Николаевском сельсовете люди готовились к Пасхе

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Людзі рыхтуюцца да свята

На гэтым тыдні на тэрыторыі Мікалаеўскага сельсавета праходзіць дзень работы з насельніцтвам, у рамках якога ладзяцца сходы з грамадзянамі, асобныя катэгорыі людзей наведваюцца дома. Група, якую ўзначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, 11 красавіка працавала ў вёсках Мішкавічы, Ізгародзішча, Галі, Міхалова.
Не бывае няважных праблем, калі справа тычыцца жыцця кожнай канкрэтнай сям’і, кожнага канкрэтнага чалавека. Вось і людзей запрашалі да шчырай нязмушанай гаворкі, каб, высветліўшы гэтыя праблемы, дапамагчы. Справай, парадай, добрымі словамі падтрымкі і спагады. А для іншага наадварот – трэба было пастарацца падабраць такія словы, каб чалавек задумаўся, ці можна далей жыць так, як ён жыве, а можа ёсць жыццё іншае…
Перадвелікодны тыдзень вызначыў настрой і заняткі большасці людзей, якія наводзілі парадак дома і на сваіх падворках. І. М. Новікава настойліва рэкамендавала прывесці ў парадак і парк у цэнтры вёскі Мішкавічы, заўважыла, што ў гэтай справе СФГ “Раднік” мае права разлічваць на дапамогу мясцовай школы. Яе дырэктар Наталля Казлоўская абяцала ў першы ж пагодлівы дзень высадзіць у парк дэсант памочнікаў.
Карыстаючыся момантам, Наталля Мікалаеўна агучыла галоўны клопат многіх вяскоўцаў – лёс школы. Яна заўважыла, што спецыялісты не хочуць заставацца працаваць у гаспадарцы, бо не бачаць перспектыў для сваіх дзяцей у плане вучобы. “Магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю ў дзяцей ёсць – менавіта на гэта трэба арыентаваць людзей,  – сказала І. М. Новікава. – Пра закрыццё дзіцячага сада і пачатковай школы гаворкі не ідзе. Далей можна вучыцца ў раённай гімназіі і атрымліваць выдатную, канкурэнтаздольную адукацыю”.
Сёння ў садзе/школе працуе 19 чалавек, якія абслугоўваюць 16 школьнікаў і 20 выхаванцаў дзіцячага садка. Дырэктар прасачыла перспектывы і заўважыла, што ў бліжэйшыя гады гэтыя лічбы істотна не зменяцца. Тым не менш, сёння ніхто не можа сабе дазволіць утрымліваць класы з 1-2 вучнямі.
У некаторых шматдзетных сем’ях, дзякуючы якім і прасочваюцца тыя самыя перспектывы, у гэты дзень удалося пабываць. І гэтыя візіты пакінулі самыя прыемныя ўражанні. Прыветліва сустрэла гасцей Марына Суша разам са сваім 6-месячным сынам Віктарам. Яе муж працуе ў мясцовай гаспадарцы, яна ж да дэкрэтнага працавала на пошце. Адзінае, з чым звярнулася маладая маці, дык гэта за дапамогай у афармленні дакументаў на бясплатнае дзіцячае харчаванне.
У дамах, дзе выхоўваюцца дзеці, жывуць адзінокія людзі, намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў абавязкова звяртаў увагу на стан пячнога ацяплення і спраўнасць АПІ. Некаторыя вяскоўцы наракалі на тое, што на месцы набыць, скажам, элементы сілкавання, так званыя кроны, немагчыма. Сапраўды, аказалася, што ў прыватнай краме з вясновай назвай “Апрель” ні АПІ, ні батарэйкі не прадаюцца. У краме ж райспажыўтаварыства АПІ купіць можна толькі ў камплекце з батарэйкамі, асобна гэтыя тавары не прапануюцца.
Дарэчы, пра гандаль. Вяскоўцы прызналіся, што найбольшай папулярнасцю ў іх карыстаецца менавіта прыватная крама, што выйграе і ў асартыменце, і ў цэнах. На пытанне, ці вялікім попытам карыстаецца ў мішкаўцаў спіртное, прадавец заўважыла, што піць сталі меней, выказаўшы меркаванне, што грошай на гэта не хапае.
На вуліцы з рамантычнай назвай Вішнёвая жыве адзінокая жанчына Гэля Паўлаўна Шадзько. Яна даволі жвава для сваіх амаль 80 год завіхаецца ля дома, жыве перадвелікоднымі клопатамі і жыццём сваім задаволена. Цікавіцца гісторыяй, у прыватнасці, дала журналістам заданне высветліць некаторыя моманты з гісторыі вёскі Мішкавічы, што мы абавязкова выканаем.
Падворныя абходы ладзіліся на Мікалаеўшчыне на працягу трох дзён. 18 красавіка там пройдуць выязныя асабістыя прыёмы кіраўніцтвам раёна. А 21 красавіка пройдзе дзень прафілактыкі, у ходзе якога прадстаўнічай групай будуць наведаны працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, пройдзе пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку.
Вынікі работы з грамадзянамі ў Мікалаеўскім сельсавеце будуць падведзены на рабочай планёрцы старшыні райвыканкама.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №30 ад 14.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *