Што чакае Шумілінскі райаграсэрвіс?

Экономика

Што чакае  райаграсэрвіс?

Ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, якое было аб’яўлена эканамічна неплацежаздольным, у пачатку сакавіка быў прызначаны в. а.  антыкрызіснага кіраўніка Аляксандр Аляксандравіч Чэрнікаў. На працягу месяца ён вывучаў фінансавае становішча прадпрыемства. А 30 сакавіка ў эканамічны суд Віцебскай вобласці былі прадстаўлены дакументы, якія даказвалі, што ў  “Шумілінскага райаграсэрвісу” яшчэ ёсць шанс выжыць.

І па рашэнні суда гэты шанс дазволілі выкарыстаць: прызначылі А. А. Чэрнікава антыкрызісным кіраўніком, а для прадпрыемства быў вызначаны перыяд так званай конкурснай вытворчасці. На працягу 75 дзён трэба падлічыць кошт маёмасці райаграсэрвісу, яго запазычанасць, вывучыць патрабаванні крэдытораў і знайсці шляхі выхаду з цяжкай фінансавай сітуацыі.  Згодна з заканадаўствам былі прыпынены ўсе дзеянні эканамічных і гаспадарчых судоў. Райаграсэрвіс змог адкрыць свой разліковы рахунак і пачаў распараджацца заробленымі грашыма. У першую чаргу павінны выплачвацца бягучыя сацыяльныя плацяжы і заработная плата. А ўсе крэдыторы чакаюць сваёй чаргі па выплаце даўгоў, якія, згодна  з устаноўленым заканадаўствам, будуць выплачвацца паступова.
Што змянілася ў райаграсэрвісе за тыя няпоўныя тры тыдні, калі тут працуе антыкрызісны кіраўнік і ўвогуле, які далейшы лёс прадпрыемства? Пра сітуацыю, якая існуе сёння на прадпрыемстве, расказаў А. А. Чэрнікаў: “У першую чаргу з грошай, выручаных ад продажу малака, будзем выплачваць заробак за сакавік. Ну, а потым паступова мяркуем пагашаць і астатнюю запазычанасць па зарплаце. Варта шчыра  працаваць, сумленна адносіцца да сваіх абавязкаў усім работнікам прадпрыемства. Аднаму працаваць ва ўмовах конкурснай вытворчасці цяжка, а разам мы здольныя на многае. Перад калектывам стаіць няпростая задача: трэба з годнасцю правесці веснавую сяўбу, падкарміць азімыя, захаваць жывёлагадоўчую галіну”.
Праблемнае пытанне райаграсэрвісу – пагашэнне запазычанасці  перад крэдыторамі. У арганізацыі падлічылі кошт тых незапатрабаваных арачнікаў, ферм, якія маюцца на прадпрыемстве. Калі ўсе іх здаць у арэнду ці прадаць – выручыш нядрэнныя грошы, якіх хопіць для таго, каб  разлічыцца з крэдыторамі. Вядома, гэта справа не аднаго дня. Па словах юрысконсульта прадпрыемства М. Ф. Рубцова, найбольш простая і хуткая форма атрымання грошай – гэта дагавор арэнды з далейшым правам выкупу. І першыя пакупнікі ўжо ёсць. У прыватнасці, прадпрыемства “АМІ-мэбля” хоча набыць у райаграсэрвіса арачнік для магазіна.
Пасля таго, як пройдзе перыяд конкурснай вытворчасці, у эканамічным судзе Віцебскай вобласці зноў будзе вырашацца лёс “Шумілінскага райаграсэрвісу”. Прадпрыемства не адзінокае ў сваіх праблемах – яно адчувае падтрымку раённай улады, якая зацікаўлена ў тым, каб сельскагаспадарчая арганізацыя жыла і працавала. Старшыня райвыканкама А. І. Снараў прысутнічаў на ўсіх пасяджэннях эканамічнага суда. Калі будуць станоўчыя вынікі за перыяд конкурснай вытворчасці, то санацыю прадпрыемства прадоўжаць на тры гады. А за гэты час можна будзе выйсці з эканамічнага крызісу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *