В Шумилино прошла отчётно-выборная конференция районной организации ОО БРСМ

Актуалии Молодёжь Общество

Накіраваць энергію моладзі на карысць краіны

11 красавіка ў актавай зале СШ №1 г.п. Шуміліна прайшла  42-я справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, на якой былі прадстаўлены дэлегаты ад усіх пярвічных арганізацый раёна.

У рабоце канферэнцыі бралі ўдзел першы сакратар абкама ГА БРСМ В. В. Глушын, намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая, актывісты грамадскіх аб’яднанняў. Перад пачаткам канферэнцыі дэлегаты  ўсклалі кветкі на брацкія могілкі.
З вітальным словам да ўдзельнікаў справаздачна-выбарнай канферэнцыі звярнулася намеснік  старшыні райвыканкама І. І. Шалахава. “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’ядноўвае самую актыўную моладзь, –  адзначыла Ірына Іванаўна. – Заўсёды моладзь прапаноўвае багата цікавых і крэатыўных ідэй”. Была  выказана надзея, што рады самай масавай маладзёжнай арганізацыі будзе больш актыўна папаўняць працуючая моладзь.
Са справаздачай аб дзейнасці раённай арганізацыі ГА БРСМ за 2014-2017 гады выступіў першы сакратар Аляксандр Хмарын. Ён адзначыў, што сёння  раённая арганізацыя налічвае 1028 чалавек (гэта 39,5%  ад агульнай колькасці моладзі ў раёне), якія аб’яднаны 49 пярвічнымі арганізацыямі.  За тры апошнія гады рады раённай арганізацыі папоўнілі 344 чалавекі.
Асноўныя накірункі работы маладзёжнага саюза былі  вызначаны на 42-м з’ездзе маладзёжнага саюза – гэта падтрымка адоранай і таленавітай моладзі, рэалізацыя   грамадзянска-патрыятычных,  культурных праектаў, развіццё маладзёжных атрадаў правапарадку, валанцёрскі рух і інфармацыйная работа.
Сярод найбольш яркіх мерапрыемстваў, што праводзіць БРСМ, – акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”, “Квітней, Беларусь!”, “Дзякуй за Перамогу!”, “Мы памятаем! Мы ганарымся!”, “Кветкі Вялікай Перамогі”,  “Цуды на Ражаство”, гульня “Зарніца”, раённы турысцкі злёт, работа валанцёрскіх атрадаў і маладзёжнага атрада аховы правапарадку, арганізацыя экскурсій.
Сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства сярод  будаўнікоў, механізатараў, аператараў машыннага даення.
Больш за 120 актывістаў раённай арганізацыі бралі актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях. Яны збіралі подпісы, удзельнічалі ў рабоце ўчастковых камісій, былі назіральнікамі на ўсіх участках для галасавання, праводзілі сацыялагічныя апытанні.
Аляксандр Хмарын  уручыў граматы райкама  пярвічным арганізацыям Шумілінскай СШ №1, Мішневіцкай і Слабадской школе, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, актывістам арганізацыі.
Пра работу сваіх арганізацый  расказалі дэлегаты канферэнцыі  Аксана Лабачова (Шумілінская СШ №2), Кацярына Іванова (цэнтральная раённая бальніца) і Дзмітрый Красоўскі (раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях).
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая  ўручыла грамату  Аляксандру Хмарыну.
БРСМ заўсёды быў генератарам новых праектаў і ідэй, падкрэсліў В. В. Глушын. “Удалым атрымаўся новы праект арганізацыі – Дзень вышыванак, – дадаў першы сакратар абкама ГА БРСМ. – Неўзабаве стартуе новы гісторыка-культуралагічны праект “Беларусь – краіна натхнення”.
Раённая арганізацыя ГА БРСМ актыўна ўзаемадзейнічае з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Пра сумесную работу з маладзёжнай арганізацыяй расказалі актывіст раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” А. Л. Бычкоў, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец. Старшыня раённага савета ветэранаў  К. Ф. Палоўнікава ўзгадала, як яна ўступіла ў камсамольскую арганізацыю ў 1961 годзе і да сённяшніх дзён захавала камсамольскі білет. Кацярына Фамінічна перадала яго першаму сакратару абкама ГА БРСМ  В. В. Глушыну. Віктар Валер’евіч падзякаваў за такі каштоўны падарунак і  нагадаў, што ў наступным годзе камсамол будзе  святкаваць стогадовы юбілей.
Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённай арганізацыі за справаздачны перыяд здавальняючай, абралі новы склад раённага камітэта ГА БРСМ і раённай кантрольнай камісіі, дэлегатаў на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю ГА БРСМ, прынялі зварот да моладзі раёна.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

ЗВАРОТ
42-й справаздачна-выбарнай канферэнцыі Шумілінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”

Паважаныя лідары і актывісты Саюза моладзі!
Паважаная моладзь Шуміліншчыны!
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з’яўляецца вядучай маладзёжнай арганізацыяй Рэспублікі Беларусь. Наша дзейнасць накіравана на мабілізацыю маладзёжных намаганняў у грамадскай сферы, выхаванне пачуццяў грамадзянскасці і патрыятызму, падтрымку правапарадку і прафілактыку правапарушэнняў, папулярызацыю другаснай занятасці і дабрачыннасць, рэалізацыю патэнцыялу моладзі і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва.
Шумілінская раённая арганізацыя аб’ядноўвае больш за тысячу маладых людзей Шумілінскага краю, якія гатовыя накіроўваць сваю энергію ў стваральнае рэчышча, поўнасцю рэалізоўваць свой творчы і навуковы патэнцыял. Мы супрацоўнічаем з усімі, хто падзяляе нашы каштоўнасці і зацікаўлены ў партнёрстве.
Саюзная моладзь Шуміліншчыны займае актыўную грамадзянскую і грамадскую пазіцыі, умацоўвае і памнажае  лепшыя пачынанні папярэднікаў, захоўваючы гісторыю роднага краю, традыцыі нацыянальнага побыту і культуры.
Кожны з нас прымае на сябе адказнасць за захаванне міру, спакою і дабрабыту Айчыны. Абяцаем і надалей паважаць гераічны подзвіг пакалення Пераможцаў, садзейнічаць умацаванню саюзнага духу, згуртаванню моладзі, працягваць супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі, актыўна і добрасумленна ўдзельнічаць у будаўніцтве і добраўпарадкаванні аб’ектаў. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – згуртаваны калектыў, здольны акумуляваць энергію маладых на годных справах на карысць моцнай і квітнеючай Беларусі!
Жадаем моладзі Шуміліншчыны поспехаў, невычэрпнай энергіі і бліскучых дасягненняў! Выбірайце будучыню разам з намі!
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *