Районная организация РОО «Белая Русь» авторитет зарабатывает делами

Актуалии Общество

Шмат добрых спраў за плячыма, а наперадзе – яшчэ больш

14 красавіка ў вялікай зале Дома Саветаў прайшла III справаздачна-выбарная канферэнцыя Шумілінскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Правяла канферэнцыю старшыня арганізацыі Ларыса Маладзечкіна. Удзел у рабоце канферэнцыі ўзяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
Галоўнай на парадку дня была справаздача аб рабоце РА РГА “Белая Русь” за перыяд з 18 студзеня 2015 года па 14 красавіка 2017 года. Справаздачу зрабіла Ларыса Маладзечкіна, якая  была лідарам арганізацыі ў гэты перыяд.
Сёння “Белая Русь” аб’ядноўвае ў Шумілінскім раёне 525 чалавек у 25 пярвічках. “Прадметам дзейнасці грамадскага аб’яднання з’яўляецца развіццё сацыяльнай актыўнасці грамадзян, накіраванай на пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі”, – заўважыла Ларыса Уладзіміраўна. Зыходзячы з гэтага пасылу, вызначаліся і тыя справы, па якіх сёння ўжо можна пазнаць самую маладую грамадскую арганізацыю ў раёне. Дарэчы, шмат увагі ў гэты перыяд было нададзена менавіта пытанням павышэння прэстыжу арганізацыі, інфармаванню грамадскасці пра яе дзейнасць.
“Белая Русь” удзельнічае ва ўсіх важных раённых святах і ўрачыстасцях, конкурсах і акцыях, выступае спонсарам і арганізатарам спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Напрыклад, сумесна з іншымі зацікаўленымі актывісты “Белай Русі” наведалі дома ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і ўрачыста ўручылі ім медалі да 70-годдзя Вялікай Перамогі. На адной з сустрэч удзельнікам вайны былі падораны радыёпрыёмнікі ад “Белай Русі”. Былі актывісты грамадскай арганізацыі і сярод удзельнікаў  міжнароднага прабегу “Бег сяброўства і міру”, вялі іншую работу патрыятычнай накіраванасці.
“Белая Русь” заўжды падтрымлівае раённы спорт. Л. У. Маладзечкіна з радасцю адзначыла, што калектыў ДзЮСШ поўным складам уступіў у рады грамадскага аб’яднання. Многія турніры па валейболе праводзяцца пры падтрымцы “Белай Русі”, у тым ліку міжраённага і міжнароднага фармату, часта – на кубак і прызы РА РГА “Белая Русь”. Можна меркаваць, што такая падтрымка дазваляе праводзіць спартыўныя спаборніцтвы на больш высокім узроўні.
Пры садзейнічанні і падтрымцы “Белай Русі” дзеці нашага раёна маюць магчымасць удзельнічаць у рэспубліканскіх конкурсах. Як, напрыклад, Міжнародны Фестываль-конкурс інклюзіўнай творчасці “Пад Крыламі Арыёна”, які ладзіўся ў 2015 годзе. А сёлета стартаваў рэспубліканскі конкурс “Залатое пяро “Белай Русі”–2017”.  Штогод дзеці членаў “Белай Русі” ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх навагодніх мерапрыемствах у рамках акцыі “Новы год з Белай Руссю”.
Для поспеху любога грамадскага руху надзвычай важнае значэнне мае асоба яго лідара. Варта заўважыць, што асабісты аўтарытэт Л. У. Маладзечкінай садзейнічаў і павышэнню аўтарытэту арганізацыі ў цэлым для жыхароў нашага раёна. У сваёй дзейнасці Ларыса Уладзіміраўна павінна была праяўляцца і як дырэктар раённай гімназіі, і як дэпутат, член прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, і як лідар “Белай Русі”. Гэта заўжды вялікая работа з людзьмі. Удзел у днях работы з насельніцтвам, днях інфармавання, правядзенне сустрэч з людзьмі, дэпутацкіх справаздач і многае іншае зрабілі старшыню арганізацыі і яе актыў надзейнымі памочнікамі раённых улад. Узяць хаця б іх актыўны ўдзел у выбарах Прэзідэнта краіны, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Расказваючы аб рабоце арганізацыі, Л. У. Маладзечкіна адзначыла і праблемы, у прыватнасці, са зборам членскіх узносаў і пашырэннем колькасці членаў “Белай Русі”.
Высокую ацэнку дзейнасці арганізацыі дала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Ірына Мікалаеўна заўважыла, што, пакінуўшы за плячыма этап станаўлення, сёння арганізацыя лёгка пазнавальная па сваіх добрых справах. Яна выказала словы ўдзячнасці членам “Белай Русі” за работу, за неабыякавасць, пажадала далейшых поспехаў, пажадала пашырыць свой уплыў і прымаць у свае рады як мага больш новых сяброў. І. М. Новікава прапанавала членам раённай арганізацыі “Белая Русь” паўдзельнічаць у хутка маючых адбыцца акцыях “Кветкі Перамогі” і “Яны абаранялі Радзіму”. Таксама Ірына Мікалаеўна ўручыла Л. У. Маладзечкінай Падзяку раённага каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый.
У цэлым работа РА РГА “Белая Русь” за справаздачны перыяд была прызнана здавальняючай.
Таксама на канферэнцыі былі абраны новы савет раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, кантрольна-рэвізійная камісія, дэлегаты на справаздачна-выбарную канферэнцыю Віцебскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”, якая адбудзецца 3 чэрвеня.
Пасля канферэнцыі прайшоў першы арганізацыйны сход раённага савета грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, на якім быў абраны новы старшыня РА РГА “Белая Русь”. Арганізацыю ўзначаліў Вячаслаў Емяльянаў. Ларыса Уладзіміраўна паціснула руку свайму пераемніку і сказала добрыя словы ў дарогу.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *