Председатель Шумилинского райисполкома провёл «прямую линию»

Актуалии Общество Президент

Простая ўвага да людзей магла б зняць шмат пытанняў

У суботу 15 красавіка, напярэдадні галоўнага свята ўсіх хрысціян – Вялікадня, “прамую лінію” і прыём грамадзян правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў.
Менавіта з нагоды свята завітаў да кіраўніка раёна настаяцель касцёла айцец Анджэй, павіншаваў яго, запрасіў на ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя Фацімскіх з’яўленняў Божай Маці, якія пройдуць у касцёле 13 мая. Аляксандр Іванавіч таксама павіншаваў ксяндза з найвялікшым хрысціянскім святам, выказаў падзяку за ўзорны парадак, у якім падтрымліваецца тэрыторыя храма.
Як і заўсёды, да кіраўніка раёна было шмат зваротаў людзей з праблемамі самага рознага характару. Пры гэтым больш за палову заяўнікаў прышлі да старшыні асабіста, каб расказаць пра сваё набалелае, як кажуць, “вочы ў вочы”.
У тэлефанаваннях і падчас асабістага прыёму ўзнімаліся традыцыйныя пытанні, якія тычацца камунальнай сферы: выдаленне аварыйных дрэў і парадак на могілак у вёсках Крупчына і Прыазёрная, грэйдзіраванне і рамонт вуліц і двароў у райцэнтры і вёсцы Добрына, падтопленыя падвал і прысядзібны ўчастак. Таксама тэлефанавалі з просьбай паскорыць разлік пасля звальнення і выказвалі прэтэнзіі на парадак налічэння камунальных паслуг. Усе ўзнятыя пытанні накіраваны адпаведным службам для вывучэння і, калі магчыма, для вырашэння іх у законным парадку.
Пачаўся прыём з сям’і вяскоўцаў, якую прывёў сусед. Ён па добрай волі ўзяў над імі апеку: “Дапамажыце! Прападаюць людзі!” І сапраўды, па жыццёвых абставінах склалася так, што гаспадар не мае законнага жылля, кінуў работу, але зараз ажаніўся, і маладая сям’я апынулася ў крытычнай сітуацыі. Яны  згодныя на любую работу. Аляксандр Іванавіч адразу прапанаваў работу ў любой гаспадарцы раёна, дзе ёсць дэфіцыт кадраў жывёлаводаў і даярак, патэлефанаваў кіраўніку адной з іх, папрасіў прадаставіць сям’і службовае жыллё. Пытанне вырашана станоўча, і зараз усё ў руках заяўнікаў. Іх адразу папярэдзілі, што працаваць трэба сумленна, захоўваць дысцыпліну, не піць. Інакш зноў прыйдуць да таго ж становішча.
Цікавае пытанне ўзняла пенсіянерка з Шуміліна, якая прасіла арганізаваць выплату камунальных плацяжоў з пенсіі па заяве ў безнаяўным парадку. Яна таксама выказала шчырую падзяку калектыву магазіна “Метан”, у якім у добры бок змянілася абслугоўванне пакупнікоў, пашырыўся асартымент, выкарыстоўваецца літаральна кожны квадратны метр плошчаў для выкладкі тавараў.
А вось аднаму з заяўнікаў дапамагчы наўрад ці магчыма. Ён узяў кароткатэрміновы крэдыт у адной з прыватных фінансавых устаноў, не вывучыўшы дакладна дагавор, у выніку, як кажуць, “трапіў на грошы”, для пенсіянера не такія і маленькія. Застаецца толькі ўсім нагадаць прыказку: “Танны сыр бывае ў мышалоўцы”.
Складана вырашыць і пытанне са змяненнем руху аўтобусаў, з якім тэлефанавала жыхарка г. Віцебска. Яна мае дачу ў адной з вёсак раёна і хацела, каб аўтобус туды хадзіў часцей. Заява будзе накіравана ў аўтапарк для вывучэння.
Кіраўнік раёна абяцаў абавязкова вырашыць просьбы аб выдзяленні зямельных участкаў для выпасу кароў і нарыхтоўцы для іх кармоў. З такімі просьбамі звярнуліся фермеры з Мікалаеўскага сельсавета і жыхарка райцэнтра. Камісія з выездам на месца ўжо ў панядзелак вывучыць выбраныя ўчасткі і вырашыць пытанні заяўнікаў.
Пасля такіх прыёмаў заўсёды застаецца ўпэўненасць, што многіх пытанняў, асабліва дробных, асабістага характару, магло б не быць, калі б да людзей больш уважліва аднесліся на месцах: майстар ці работнік ЖКГ, кіраўнік гаспадаркі ці сельвыканкама. Ветлівасць да чалавека, увага да ягоных праблем знялі б многія пытанні на месцы, не даводзілі іх да ўзроўню старшыні райвыканкама, не выклікалі б скаргі ў вышэйшыя інстанцыі. Усё роўна вырашаць праблемныя пытанні прыходзіцца тым жа самым службовым асобам, якія адмовілі ў іх вырашэнні напачатку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *