Общежитие: проблемы и решения

Общество

Інтэрнат як прытулак, ці Пра тое, хто ў доме гаспадар
Тэрыторыя прабывання
Рускі адпаведнік слову “інтэрнат” – “общежитие” — пэўна, можа прэтэндаваць на больш трапную характарыстыку з’явы. Там жывуць, што называецца, жыццём агульным, ва ўсялякім разе, кухня дакладна разлічана на некалькі гаспадароў, а то і так званыя зручнасці прыйдзецца дзяліць з суседзямі. Гэта нічога, калі ты – малады і расцэньваеш такое жыллё і жыццё як часовае. Заўважым, што так часцей за ўсё і атрымліваецца. Да прыкладу, інтэрнат на Луначарскага пастаянна мяняе жыльцоў: кожны зноў узведзены ў райцэнтры кааператыўны дом прымае адтуль навасёлаў.
Пра надзеі і спадзяванні
Будзе справядліва зрабіць агаворку і на тое, што я магу ўзяць на сябе права ацэньваць сітуацыю больш-менш аб’ектыўна і прад’явіць чытачу, так сказаць, погляд знутры, бо сама ўжо гадоў пяць з’яўляюся жыхаркай гэтага дома. Памятаю, як радавалася выдзеленаму маленькаму пакойчыку: вырашыць такім чынам кватэрнае пытанне для мяне тады было за шчасце. Зараз разам з сынам паўнапраўна распараджаюся цэлым блокам. Будаваць кватэру і тым больш дом пакуль не магу сабе дазволіць. Заўважу, наогул, што па планах на будучае інтэрнатаўцы лёгка размяркоўваюцца на пэўныя групы. Па-першае, гэта тыя, хто будуе кааператыўную кватэру. Гэта, як правіла, маладыя, перспектыўныя сем’і, з адным дзіцём ці двума. Ёсць і такія (праўда, іх меней), хто займаецца будаўніцтвам свайго ўласнага дома. Ім, вядома, прыйдзецца на больш доўгі тэрмін затрымацца ў інтэрнаце, бо паставіць свой дом – справа нялёгкая. Ёсць у нас і старажылы, тыя, для якіх часовая прапіска атрымала статус самай што ні на ёсць пастаяннай. Яны ўжо ні на што, як я, не спадзяюцца, а проста жывуць, блізка да сэрца прымаючы любыя хваляванні і змены. А іх, трэба заўважыць, апошнім часам хапае.
Змены: у чаканні лепшых часоў
Не сакрэт, што спакон веку інтэрнат належаў райаграсэрвісу і жылі тут у асноўным работнікі менавіта гэтага прадпрыемства. З цягам часу дадзены дом стаў вырашаць кватэрнае пытанне на раённым узроўні, і прапіску тут займелі ўрачы, міліцыянеры, настаўнікі, прадстаўнікі іншых важных прафесій. Людзі, якім востра неабходна жыллё. І так атрымалася, што з усіх можа толькі 5% жыльцоў мелі нейкае дачыненне да сельскай гаспадаркі. Натуральным з’явілася жаданне раённых уладаў перадаць жыллё на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І можа год таму працэс пайшоў. Жыльцоў сталі турбаваць юрысты арганізацыі, наведвалі прадстаўнікі розных службаў. Пачаўся касметычны рамонт месцаў агульнага карыстання: фарбаваліся панэлі, устаўляліся новыя дзверы, разгрузіліся кухні, калідоры і аварыйныя балконы, што гадамі захламляліся жыльцамі. Ішла гаворка пра тое, што ў кухнях з’явяцца пліты (зараз няма ніводнай), што рамонт наогул прывядзе да поўнага аднаўлення дома.
Чые мы?
Варта заўважыць, што ўсе гэтыя работы спыніліся гэтак жа нечакана, як і пачаліся. Сёння жыхару інтэрната цяжка зразумець: у чыім жа ўладанні знаходзіцца дом і што будзе далей. Упэўненая ў тым, што за дапамогай у вырашэнні бытавых пытанняў цяпер трэба звяртацца ў камунальную службу, тэлефаную менавіта туды. У адказ атрымліваю пераканаўчае: “Вы не нашы. Тэлефануйце ў райаграсэрвіс”. Рахунак за кватэрную плату цяпер падзелены на дзве часткі: адну, па-ранейшаму, нясеш у бухгалтэрыю райаграсэрвісу, другую пералічваеш на рахунак ЖКГ.
Валерый Коўзан, дырэктар УП ЖКГ, патлумачыў, што згодна з адпаведнымі правіламі інтэрнат можна перадаць на баланс прадпрыемства толькі ў спраўным тэхнічным стане. А да гэтага пакуль далёка. Таму галаўны боль павінен турбаваць пакуль толькі кіраўніцтва райаграсэрвісу. “Інтэрнат на Кароткіна мы прынялі па факту. Цяпер шкадуем: лішніх грошай на яго рамонт няма”, — канстатуе Валерый Антонавіч. Няма гэтых грошай і ў райаграсэрвісе, таму ўсе пачатыя рамонтныя работы спынены. Па прыблізных падліках, трэба ўкласці каля трохсот мільёнаў.
Выйсце ёсць
Праўда, цяперашні дырэктар УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Абдулнасір Яхіяеў мае іншы погляд на сітуацыю. Ён сцвярджае, што згодна з рашэннем райвыканкама інтэрнат усё ж будзе перададзены ЖКГ, і перададзены менавіта ў такім стане, які канстатуе сённяшні дзень. А камунальная служба ўжо правядзе рамонтныя работы, якія будуць аплачаны з раённага бюджэту. “Наша задача на сёння выселіць тых, хто незаконна пражывае і разгрузіць тэрыторыі ад хламу”, – падсумоўвае дырэктар.
P.S.
Гэтыя супярэчлівыя каментарыі ўсё ж усяляюць надзею на тое, што інтэрнат, які не бачыў рамонту больш за дваццаць год, усё ж будзе адноўлены. У кухнях з’явяцца пліты, лесвічныя пралёты і парэнчы дафарбуюцца, дзверы даўстаўляюцца, карацей, дом набудзе такі сучасны выгляд. А каму за гэта шчасце плаціць (маю на ўвазе плату за камунальныя паслугі), жыльцам не прынцыпова.
Праўда, не магу не сказаць і пра тое, што свежавыламаныя дзверы, лесвіцы і хол, што забруджваюцца з хуткасцю святла, і многае іншае ў гэтым духу, дазваляе сумнявацца ў тым, што жыхарам дома патрэбны перамены (ва ўсялякім разе, некаторым з іх).
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №44 ад 14.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *