Как дела, Николаевский сельсовет?

Общество Президент Сельское хозяйство

Працаваць, берагчы сябе і дзяцей

21 красавіка на тэрыторыі Мікалаеўскага сельсавета ў рамках дня работы з насельніцтвам прайшоў дзень прафілактыкі. Спецыяльная група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай працавала ў калектывах КУСГП “Ульскі”, падраздзялення Кардонскае УП ЖКГ і Мікалаеўскага лясніцтва. Таксама ў гэты дзень адбылося пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, якое правёў старшыня сельвыканкама Уладзімір Сядлоўскі.
Пара года вызначае асноўныя клопаты вяскоўцаў, як дома, так і на вытворчасці. Таму да месца былі словы начальніка РАНС Андрэя Сасновіча пра захаванне пажарнай бяспекі, напрыклад, пры спальванні смецця на ўласным падворку ў час яго добраўпарадкавання ці пра абавязковае абсталяванне сельскагаспадарчай тэхнікі вогнетушыцелямі. Вытворчай дысцыпліне, адмаўленню такой ганебнай з’явы, як крадзяжы, шмат увагі ўдзяліў у сваіх выступленнях начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Вячаслаў Воранаў. Па словах псіхолага райбальніцы Ірыны Волкавай, 40 прадстаўнікоў дадзенага сельсавета знаходзяцца на ўліку ў нарколага, з іх – 14 жанчын. Таксама яна заўважыла, што ўжо за гэты год 30 чалавек прайшлі медкамісію для адпраўкі ў ЛПП. Дарэчы, што тычыцца знаходжання на ўліку ў нарколага, многія са здзіўленнем даведаліся, што, адмаўляючы своечасовыя візіты да ўрача, можна застацца на гэтым уліку на ўсё жыццё. А гэты факт, да прыкладу, не дазволіць атрымаць вадзіцельскія правы.
Наогул, тэме сямейнага дабрабыту шмат увагі ўдзялілі ўсе члены групы. Быць умеранымі ва ўжыванні спіртнога, уважлівымі да сваіх дзяцей, і наогул, да ўсіх дзяцей, захоўваць паважлівыя адносіны ў сям’і, думаць пра бяспеку – да гэтага заклікалі мікалаеўцаў, даносячы інфармацыю, прыводзячы канкрэтныя выпадкі з жыцця.
Тых, на каго прафілактычныя гутаркі, як правіла, не аказваюць жаданага ўздзеяння, запрасілі ў сельвыканкам на пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку. У асноўным гэта былі абавязаныя маці і беспрацоўныя.
У прытулку знаходзіцца дзіця ці ў прыёмнай сям’і, дзяржава бесперапынна спаганяе з нядбайных бацькоў грошы на іх утрыманне. У гэтым сэнсе вельмі важна мець надзейную працу: даўгі растуць надзвычай імкліва (да пракладу, запазычанасць адной з запрошаных на савет складае ўжо больш за 17 тысяч рублёў). А займеўшы яе, працу, трэба забыцца на ўсё і працаваць. Прагульваючы, кампенсаваць расходы не ўдасца, тым больш, што з нядаўняга часу прадугледжана для абавязаных асоб і крымінальная адказнасць за прагулы. Прасцей кажучы, за гэта можна трапіць у турму. І такія выпадкі ў раёне ўжо ёсць.
Тым жа, хто нідзе не працуе, перабіваецца выпадковымі заробкамі, да таго ж яшчэ любіць выпіць, настойліва раілі ўладкоўваць жыццё.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 03.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *