Што хвалюе шумілінскіх выпускнікоў на парозе дарослага жыцця?

Молодёжь Образование

Што хвалюе шумілінскіх выпускнікоў на парозе дарослага жыцця?

Апошнюю ступень школьнага жыцця вось-вось пераступяць адзінаццацікласнікі. Для юнакоў і дзяўчат настае самы трывожны час.
Сёлета Савет Міністраў зрабіў вялікі падарунак абітурыентам 2017 года. Стала вядома пра змяненні ў арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання. Чатыры прадметы замест трох. Тэрмін дзеяння сертыфікатаў – 2 гады замест аднаго. Цэлыя тры рэзервовыя дні замест аднаго. Да таго ж цяпер можна будзе пакідаць аўдыторыю ў выключных выпадках у суправаджэнні арганізатара і вяртацца назад.
Апошні званок, заключныя школьныя экзамены, выпускны баль, цэнтралізаванае тэсціраванне, чаканне вынікаў ЦТ, падача дакументаў, паступленне ў новую навучальную ўстанову (дай бог усім шумілінскім выпускнікам паступіць!) – нежартоўныя выпрабаванні чакаюць нашых адзінаццацікласнікаў.
А пакуль што выпускнікі 2017 года дзеляцца сваімі планамі, думкамі, перажываннямі.

Карына Пяткевіч, выпускніца Шумілінскай СШ №2:
“Мяне хвалюе невядомасць таго, што будзе далей, з якімі цяжкасцямі я сутыкнуся. Да будучай прафесіі рыхтуюся старанна. Спадзяюся, што не памылюся ў выбары. Школьныя гады – самыя бесклапотныя і шчаслівыя. Як і ўсе выпускнікі, буду сумаваць па сваёй школе. А наперадзе, я ўпэўнена, мяне чакае шмат цікавага”.

Валерыя Міронава, выпускніца раённай гімназіі:
“Хачу стаць юрыстам. У іншай прафесіі сябе не бачу. Самае хвалюючае для мяне пытанне: як добра здаць ЦТ. Баюся не паступіць, куды хачу. Буду вельмі сумаваць па гімназіі і прыязджаць на вечары сустрэч”.

Аляксандр Савін, выпускнік Шумілінскай СШ №1:
“Здача выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання мяне не палохае. Больш за ўсё баюся памыліцца ў выбары прафесіі. Гатовы сустрэцца з любымі цяжкасцямі. Вядома, буду сумаваць па роднай школе. Яна дала нам не толькі веды, але і падрыхтавала да далейшага жыццёвага шляху”.

Вячаслаў Лазука, выпускнік Шумілінскай СШ №2:
“Наконт экзаменаў “не паруся”, бо я да іх рыхтуюся. А вось ЦТ – гэта іншае. Хоць і рыхтуешся, але хваляванне з кожным месяцам расце. Хачу стаць будаўніком. Лічу, што зараз гэта вельмі запатрабаваная і перспектыўная прафесія. Палохае ў хуткім будучым перамена абстаноўкі”.

Дар’я Ляпнёва, выпускніца Шумілінскай СШ №1:
“Вельмі перажываю з нагоды будучых экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення. Спа-дзяюся, што мы, выпускнікі, з лёгкасцю пераадолеем усе цяжкасці. Школа стала маім другім родным домам, дзе я атрымала моцныя веды і набыла сяброў. Гэта сумна, што ўсё хутка закончыцца”.
А ўсё толькі пачынаецца. Самастойнае жыццё, новыя знаёмствы, заліковая кніжка замест дзённіка, пары замест урокаў, выкладчыкі, а не настаўнікі – жыццё працягваецца, новае і цікавае. Зусім хутка добрыя пажаданні ў дарогу выпускнікам 2017 года скажуць іх першыя настаўнікі, класныя кіраўнікі, бацькі, дырэктары школ, госці. 10 чэрвеня адбудзецца выпускны вечар, развітанне са школай і дзяцінствам. Юнакі і дзяўчаты, атрымаўшы атэстаты аб сярэдняй адукацыі, адправяцца ў дарослае жыццё.
Дар’я ЧАПУРНОВА, студэнтка БДУ.
Надрукавана ў №34 ад 03.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *