Выпускники Шумилинского района выбирают профессии

Актуалии Молодёжь Образование

Выбраць свой прафесійны шлях

На мінулым тыдні ў Шумілінскай СШ №1 прайшоў штогадовы злёт выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў нашага раёна. На сустрэчу з выпускнікамі прыехалі прадстаўнікі ўсіх ВНУ Віцебшчыны, многіх каледжаў і ліцэяў.
Звяртаючыся да  школьнікаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава заўважыла, што яны стаяць на парозе прыняцця, бадай, самага важнага ў жыцці рашэння – выбару сваёй прафесіі, выбару далейшага жыццёвага шляху. “Трэба ўзважана падысці да гэтага выбару, ацаніць свае здольнасці і прыхільнасці, выбраць сістэму атрымання прафесійнай адукацыі, даследаваць патрэбы рынку працы, – адзначыла Ірына Мікалаеўна. – Толькі такі падыход дазволіць зрабіць правільны выбар”. Старшыня райсавета адзначыла, што на ўліку беспрацоўных пераважная большасць тых, хто не мае ніякай прафесіі, у той час, як раён мае вялікую патрэбу ў спецыялістах самых розных прафесій і кваліфікацый: медыках, педагогах, інжынерах, будаўніках, усіх сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў, шырокага кола рабочых прафесій.
Перад вучнямі выступілі дырэктар Шумілінскай ПМК-70 А. Ю. Крыўко, загадчык паліклінікі Шумілінскай ЦРБ А. Г. Віеру, начальнік аддзела па нагляду і кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Г. А. Галай. Дарэчы, Аляксей Юр’евіч даў выпускнікам слушную параду: “Прыслухоўвайцеся падчас выбару да сваіх бацькоў. Яны маюць большы жыццёвы вопыт і дрэннага вам не параяць”.
Сапраўдныя агітацыйныя шоу з танцамі і песнямі паказалі прысутным агітбрыгады студэнтаў політэхнічнага і тэхнічнага каледжаў з Віцебска.
Пасля пленарнага пасяджэння выпускнікі атрымалі магчымасць больш цеснага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі навучальных устаноў падчас работы секцый вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Яны маглі атрымаць падрабязную інфармацыю пра ўмовы паступлення і навучання, пра выбар спецыяльнасцяў, у тым ліку і новых, што ўводзяцца толькі з наступнага навучальнага года, і іншае.
Можна спадзявацца, што для тых вучняў, якія яшчэ не вызначыліся са сваім выбарам, такая сустрэча стала карыснай, дапамагла ім сарыентавацца ў бязмежным моры прафесій. А для тых, хто ўжо выбраў будучую спецыяльнасць і цяпер рыхтуецца да тэсціравання, гутарка з прадстаўнікамі навучальных устаноў паслужыла дадатковым доказам правільнасці абранага шляху. Пажадаем нашым выпускнікам добрага завяршэння вучобы ў школе, удачы на экзаменах і тэсціраванні, выдатных адзнак і ўдалага паступлення.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №34 ад 03.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *