На пасяджэнні Шумілінскага райвыканкама: выправіць сітуацыю да канца года

Актуалии Президент Экономика

Выправіць сітуацыю да канца года

28 красавіка, у пятніцу, прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое правёў старшыня райвыканкама А. І. Снараў. На пасяджэнне былі запрошаны начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі раённых службаў, арганізацый і прадпрыемстваў. У пасяджэнні браў удзел начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Б. В. Кічаноўскі.
З дакладам аб выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў першым квартале бягучага года выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава, якая прадставіла падрабязны аналіз эканамічнай сітуацыі ў раёне. За студзень-сакавік 2017 года тэмп росту валавой вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 92,5%, рост прадукцыі забяспечыла толькі ААТ “Лаўжанскае”. Вытворчасць прадукцыі вырошчвання жывёлы і птушкі склала 2539 тон (90,9% да адпаведнага перыяду мінулага года), вытворчасць малака скала 3569,5 тоны (88,7%). Таварнасць малака – 84,2%, сортам экстра рэалізавана 58% малака (+25% да паказчыка 2016 года). Колькасць буйной рагатай жывёлы склала на 1.04.2017 года 18662 галавы (–139 галоў да мінулага года), у тым ліку кароў – 7143 (+47 галоў).
Зараз гаспадаркі раёна вядуць веснавыя палявыя работы, адзначыла дакладчык. У прыватнасці, па стану на 20 красавіка было падкормлена 66% азімых збожжавых культур і рапсу, вядзецца падкормка шматгадовых траў і пашаў, сяўба яравых культур.
У прамысловасці назіраецца рост аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах у сярэднім па раёне на 59,55, у тым ліку ў ААТ “Обальскі керамічны завод” – у 36,7 раза,  УП ЖКГ – на 19,5%. Індэкс прамысловай вытворчасці склаў 104% (па вобласці 91,2%). На ОКЗ выраблена цэглы 6883 тыс. умоўных штук (рост у 62,6 раза), на УП ЖКГ выраблена цеплавой энергіі 30337 Гкал (99,1%), вады пітной 200 тыс куб. м (104,7%).
Экспарт тавараў склаў 287 тыс. долараў ЗША, забяспечана дадатнае сальда знешняга гандлю. Актыўна нарошчвае экспарт цэглы Обальскі керамічны завод. Але адзначаецца зніжэнне экспарту паслуг, заўважыла Тамара Анатольеўна, не аказваліся транспартныя, турыстычныя і іншыя паслугі.
Не забяспечаны выкананне паказчыкаў рознічнага гандлю (92,6% пры заданні 103%) і грамадскага харчавання (96,6% пры заданні 103%). Найбольш высокія тэмпы росту рознічнага тавараабароту паказалі ААТ “ОКЗ” (у 6 разоў), КУП БАН (217%), ААТ “Ляжні” (121,2%), Шумілінскі лясгас (у 2,3 раза), СТАА “Вітконпрадукт (136,3%), участак РУП “Белпошта” (104,5%), УП “Карына-гандаль” (108,6%) і “Юліна” (110,7%). Істотнае скарачэнне паказалі прадпрыемствы спажыўкааперацыі (63,9% – у гандлі, 89,6% – у грамадскім харчаванні).
У галіне будаўніцтва ўведзены ў першым квартале 262 кв. м жылля – 3 індывідуальныя жылыя дамы (102,7%).  Выкананы заданні па энергазберажэнні (мінус 10,5%) і па зніжэнні ўзроўню затрат у вытворчасці (мінус 4%).
У дакладзе адзначаецца няпростая фінансавая сітуацыі ў большасці прадпрыемстваў, хаця колькасць стратных прадпрыемстваў скарацілася сёлета з 11 да 8.
Сітуацыя на рынку працы характарызуецца наступнымі паказчыкамі: у эканоміцы раёна заняты 7648 чалавек, зарэгістравана 68 беспрацоўных, маецца 75 вакансій. У арганізацыі раёна патрабуюцца спецыялісты сельскагаспадарчых прафесій – заатэхнікі, ветурачы, бухгалтары, эканамісты, аховы здароўя – фельчары, медыцынскія сёстры, гандлю – прадаўцы. Створана 5 новых працоўных месцаў (гадавое заданне – 60).
Сярэднемесячная зарплата склала 476,7 руб., застаецца праблема забяспечанага росту зарплаты і своечасовай яе выплаты ў шэрагу прадпрыемстваў раёна.
З судакладам аб выкананні раённага бюджэту ў першым квартале 2017 года выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка. Алена Савельеўна адзначыла, што ў цэлым выконваюцца абавязкі бюджэту па артыкулах, бюджэт захоўвае сацыяльную накіраванасць. Але дакладчык адзначыла, што сітуацыя з бюджэтам цесна звязана з рэальным сектарам эканомікі і складваецца вельмі няпроста. Без росту вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, павелічэння заробкаў немагчыма забяспечыць павелічэнне паступленняў у бюджэт і выкананне бюджэтных абавязацельстваў. У якасці дадатковых крыніц фінансавання бюджэтных арганізацый былі адзначаны неабходнасць павелічэння дадатковых платных паслуг, якія прыносяць пазабюджэтныя даходы.
Былі заслуханы справаздачы П. І. Манака (ОКЗ), У. І. Дзятлава (“Прыдзвінскі”), У. А. Арлова (“АграБаравінка”), М. Г. Цікавенкі (“Мішневічы”). Дырэктару УП ЖКГ І. К. Штуро было прапанавана актывізаваць работу разам з разліковым цэнтрам па спагнанні запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі, у тым ліку ў прымусовым парадку праз суд.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А. Р. Дзмітрэнка паведаміў пра меры, якія прымаюцца па прафілактыцы правапарушэнняў і аператыўным раскрыцці злачынстваў на тэрыторыі раёна. У раёне на працягу трох гадоў назіраецца тэндэнцыя скарачэння агульнай колькасці злачынстваў (з 288 да 251), у тым ліку і па лініі крымінальнага вышуку (з 186 да 165). За першы квартал зарэгістравана 46 злачынстваў (у 2016 – 60), раскрыццё злачынстваў складае 66,7% (па вобласці – 66,4%, па рэспубліцы – 68,2%). Зніжаецца і ўзровень крыміналізацыі на 10 тысяч насельніцтва: 25,4 за першы квартал 2017 года супраць 32,4 у 2016. Але гэтыя паказчыкі застаюцца высокімі, таму супрацоўнікі РАУС не зніжаюць узровень прафілактычнай работы па папярэджанні злачыннасці і правапарушэнняў.
Сярод праблем начальнік міліцыі назваў праблему кадраў, асабліва сярод участковых інспектараў, на якіх кладзецца асноўны цяжар работы на тэрыторыях па прафілактыцы і раскрыцці злачынстваў. Аляксандр Рыгоравіч прапанаваў паскорыць абсталяванне відэаназірання ў найбольш праблемных публічных месцах, узмацніць кантроль за работай вартаўнікоў з боку кіраўніцтва арганізацый, павысіць ролю грамадскіх фарміраванняў у ахове правапарадку на вуліцах населеных пунктаў раёна падчас масавых мерапрыемстваў.
Аб захаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту ва ўстановах адукацыі паведаміў галоўны санітарны ўрач раёна С. А. Конышаў. Сяргей Алегавіч засяродзіў асноўную ўвагу на праблемах, які маюцца ва ўстановах адукацыі. У прыватнасці, гэта тычыцца забеспячэння школ і садоў раёна тэхналагічным і сантэхнічным абсталяваннем, гарачай вадой, рамонтам санвузлоў, харчаблокаў. Менавіта гэтыя праблемы і ляглі ў аснову рашэння з указаннем канкрэтных тэрмінаў іх ухілення.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №34 ад 03.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *