Районная Доска Почёта: Анатолий Игнацкий

Актуалии Людзі і лёсы Общество

“Мая краіна – мой гонар”
З сарака двух гадоў працоўнага стажу Анатоль Еўстаф’евіч Ігнацкі дваццаць два гады ад-працаваў у Раёне электрычных сетак. Зараз – на пасадзе механіка РЭС.  Анатоль Еўстаф’евіч адказвае за пятнаццаць адзінак тэхнікі, яе спраўную работу. Зразумела, адказвае і за вадзіцеляў. Вадзіцелі добра ведаюць, што “неяк” альбо “як-небудзь” з Анатолем Еўстаф’евічам не пройдзе, А. Е. Ігнацкі максімаліст сам, і гэтага патрабуе ад падначаленых. А камунікабельнасць, кампетэнтнасць, адказнасць і інтэлігентнасць імпануе калегам.
– Чым ганарыцеся? – традыцыйна пытаемся ў субяседніка.
– Найперш, ганаруся сваёй Айчынай. Мая краіна – гэта мой гонар. Ганаруся людзьмі, якія ў розныя часы пралівалі сваю кроў за свабоду Радзімы. Ганаруся сваім дзедам, які ваяваў у Першую сусветную вайну і быў Георгіеўскім кавалерам. Мне бацька шмат што расказваў пра яго.
Добра памятаю, як у 1961 го-дзе да нас прыйшло радыё. Гэта было свята для кожнага. Успамінаю, як пры лучыне вучыўся чытаць па буквары. І як дабротна і ўтульна стала, калі ў 1963 годзе ў маю родную вёсачку Вараны, што ў Докшыцкім раёне, прыйшла электрычнасць… Прыемна, што і сам маю адносіны да электрычнасці. Зразумела, ганаруся калегамі-энергетыкамі, увогуле ўсім калектывам. Лічу, што толькі самыя годныя людзі працуюць у Раёне электрычных сетак.
Безумоўна, мой гонар – мая сям’я. Толькі калі ў цябе надзейны сямейны тыл, ты можаш нечага дасягнуць у жыцці. Ганаруся сваімі сынамі, іх сем’ямі.
– Пра што вы марыце?
– Хочацца, каб усё было добра – у краіне, у раёне, у арганізацыі, у сям’і. Веру, што мае ўнукі стануць годнымі людзьмі і знойдуць сваё месца ў жыцці.
Мару пра пенсію. Будзе дастаткова вольнага часу. Можна будзе пападарожнічаць, столькі ж цудоўных мясцін і ў нас у раёне, ды і ў Беларусі. Хочацца пабываць у еўрапейскіх краінах. Хаця… для мяне самы лепшы адпачынак на прыродзе, у лесе. Сам заўзяты грыбнік. А якія грыбныя мясціны ля Ерашова і Надзежына!
А яшчэ думаю заняцца сваім радаводам. Пасядзець у архівах, даведацца пра сваякоў. На жаль, пакуль што мой радавод спыняецца на дзядулі, пра якога казаў бацька, а хочацца больш глыбокіх ведаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №99 ад 18.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *