Михаил Иванович Андреев прошёл войну и станцевал победный вальс

Актуалии

«І танцаваў свой любімы вальс»

З Міхаілам Іванавічам Андрэевым, ветэранам РАУС і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, які пайшоў з жыцця ў снежні 2011 года, прыйшлося сустракацца гадоў дзевяць таму.

Помніцца, тады ў Шуміліна прыехалі сыны ветэрана – Уладзімір, Ігар і Анатоль. Яны расказалі пра бацьку як пра шчырага чалавека, добрага сем’яніна, надзейнага абаронцу, сапраўднага салдата сваёй Радзімы. Ды і сам Міхаіл Іванавіч быў чалавекам гаваркім і дабрадушным. Расказваў, што да вайны жыў у Суражскім раёне. Атрымаў прафесію цесляра і быў у пачатку 1941 года накіраваны на Урал на будаўніцтва аднаго з ваенных заводаў. Адтуль і прызвалі на ваенную тэрміновую службу.
Калі пачалася вайна, М. І. Андрэева накіравалі на курсы падрыхтоўкі дэсантнікаў, а потым – у  62-ую армію 39-ай стралковай дывізіі 117-га палка. Ваяваў Міхаіл Іванавіч на Сталінградскім фронце. Ад супрацоўнікаў Шумілінскага краязнаўчага музея нам стала вядома, што ў ветэрана багата ўзнагарод: ордэн Чырвонай Зоркі, ордэны Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, 12 медалёў, тры граматы Вярхоўнага Савета БССР.
Каб больш падрабязна даведацца пра ваенную біяграфію М. І. Андрэева, мы звязаліся з ягоным старэйшым сынам Уладзімірам, які зараз жыве ў Віцебску.
“Помню, доўгімі зімовымі вечарамі бацька нам часта расказваў пра вайну. Не тое што яму самому гэтага хацелася, не – мы з братамі прасілі. Нам, хлопцам, было цікава слухаць пра ваенныя дзеянні, – згадаў Уладзімір Міхайлавіч. –  У 1942 годзе воінская часць, у якой служыў бацька, штурмавала г. Калач. У баях бацьку параніла і ён не бачыў, як узялі горад. Доўгіх дзевяць месяцаў прыйшлося лячыцца ў шпіталі. Для маладога мужчыны было сапраўдным шокам, калі перастаў адчуваць абедзве нагі. І калі разгублены ён запытаўся ў маладзенькай медсястрычкі: “А як жа цяпер вальс? Я вельмі люблю танцаваць…”, тая ўсміхнулася і сказала: “Нічога, станеце на ногі”. Так яно і выйшла: бацька ачуняў і яшчэ многа разоў танцаваў свой любімы вальс.
Пасля шпіталя бацьку накіравалі, як ён казаў, “у рэзерв галоўнакамандуючага”, а потым – на Далёкі Усход, дзе ўдзельнічаў у баях з Квантунскай арміяй. У час аднаго з наступленняў зноў быў паранены. Пакуль лячыўся, вайна з Японіяй закончылася.
Неўзабаве бацька быў накіраваны ў войскі Народнага камісарыяту ўнутраных спраў СССР (НКУС) –  амаль тры гады ахоўваў лагер японскіх ваеннапалонных у горадзе Благавешчанск. Затым сем гадоў служыў на Камчатцы. Служба там была не з лёгкіх”.
У 1955 годзе Міхаіл Іванавіч Андрэеў быў накіраваны на Шуміліншчыну, быў прызначаны на пасаду начальніка Сіроцінскай міжраённай інспекцыі папраўчых работ, на якой адпрацаваў да 1961 года. Яго можна было ўбачыць у розных вёсках Шуміліншчыны. І не толькі. Інспекцыя ажыццяўляла кантроль за асуджанымі яшчэ і ў суседнім Бешанковіцкім раёне. Так што работы было ўволю. Пасля звальнення з органаў унутраных спраў М. І. Андрэнва запрасілі на партыйную работу – працаваў загадчыкам аргаддзела Сіроцінскага райкама партыі, парторгам саўгаса “Мішневічы”. А з 1966 года, пасля ўзнаўлення Шумілінскага раёна,  – старшынёй камітэта народнага кантролю”.
У памяці шумілінцаў Міхаіл Іванавіч застаецца прыкладам мужнасці і гераізму, сумлення і адказнасці за даручаную справу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №35 ад 05.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *