Ішлі па вайне дзяўчаты…

Актуалии

Ішлі па вайне дзяўчаты…

10 чэрвеня 1942 года з віцебскай фельдкамендатуры на аўтамашыне здзейсніла пабег група з шасці савецкіх ваеннапалонных.

Палявая жандармерыя аб’явіла іх у вышук. Калектыўны пабег ваеннапалонных, ды яшчэ на нямецкай машыне, ды не проста з цэнтра горада, але ад “самай галоўнай“ нацысцкай установы, выклікаў хвалю патрыятычнага настрою сярод грамадзянскага насельніцтва. Германскія службы тэрмінова правялі арышты, допыты, але нічога не змаглі дабіцца. Уцекачы паспяхова дабраліся да брыгады Данукалава (“Аляксея”) і ўліліся ў рады партызанскага руху. Кіраўнік групы І. С. Рапапорт (“Волкаў”) неўзабаве ўзначаліў агентурную разведку брыгады.
Цікавая гісторыя. Чытаеш яе, і не верыцца, што такое магло адбыцца. І самае дзіўнае, што шчаслівае яе заканчэнне – заслуга маладых дзяўчат, якім было крыху больш за 20 гадоў. Жыццё паставіла іх перад выбарам: прыстасавацца, скарыцца ці змагацца. І яны зрабілі свой выбар – рызыкуючы жыццём, весці тайную вайну з ворагам.
А справа была такая. Ваеннапалонныя жылі ў адным з корпусаў ветэрынарнага інстытута, у двары фельдкамендатуры. Побач знаходзіўся склад медыкаментаў, дзе працавалі Вікторыя Дунке і яе сястра Ганна Ліпатава. Яны вельмі рызыкавалі сваім жыццём, бо Вікторыя была камсамолкай, а муж Ганны – ваеннаслужачым Чырвонай Арміі. Ва ўмовах нямецкай акупацыі такая біяграфія – сама па сабе прысуд. Але сёстры не пабаяліся ўдзельнічаць у падпольнай барацьбе. Яшчэ з лета 1942 года яны ўстанавілі сувязь з партызанамі атрадаў “Навальніца” і “Марак”, рэгулярна перапраўлялі да іх медыкаменты. Ваеннапалонныя знайшлі ў сёстрах Дунке падтрымку – практычна пад вокнамі камендатуры была наладжана іх сустрэча з партызанамі. Пазней праз падпольшчыц сясцёр Саладухіных былі ўдакладнены дэталі ўцёку, прызначаны дзень і месца сустрэчы. 9 чэрвеня ўцёк сарваўся, але на наступны дзень палонныя рэалізавалі свой план. Разам з двума віцебскімі падпольшчыкамі яны дабраліся да вёскі Паддуб’е, дзе іх сустрэлі партызаны.
Сёстры Дунке засталіся ў Віцебску, працавалі да лістапада 1943 года. Сёстры Саладухіны восенню 1942 года, калі немцы пачалі падазраваць іх у арганізацыі ўцёкаў, пайшлі ў партызаны, а потым сталі армейскімі разведчыцамі.
Цікава склаўся пасляваенны лёс Вікторыі Дунке. У 1943 годзе з Віцебска, які быў аб’яўлены немцамі “крэпасцю”, яна была прымусова эвакуіравана ў в. Новая Дуброва Шчучынскага раёна, дзе і сустрэла наступленне савецкіх войскаў. Да жніўня 1947 года працавала інструктарам, старшынёй Шчучынскага раённага савета Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву (ОСОАВИАХИМ). У верасні таго ж года была залічана ў студэнты Віцебскага медыцынскага інстытута, да вайны яна паспела закончыць толькі два курсы. З 1950 года працуе ў сістэме аховы здароўя: спачатку на Аршаншчыне, ў Арэхаўскім раёне, а з мая 1953 года – у Шуміліне. Займала спачатку пасаду загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення, а праз год прызначана галоўным урачом раённай бальніцы. 13 жніўня 1966 года рашэннем сесіі Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных прызначана галоўным урачом раёна, на гэтай пасадзе знаходзілася да 1975 года.
Вікторыя Генрыхаўна Дунке ўзнагароджана медалямі “За баявыя заслугі”, “За працоўную доблесць”, а 6 лістапада 1985 года – ордэнам Айчыннай вайны II ступені. У 1968 годзе ёй прысвоена ганаровае званне “Заслужаны ўрач БССР”. В. Г. Дунке неаднаразова выбіралася дэпутатам раённага Савета. Пасля выхаду на пенсію яна да апошніх дзён працавала ўрачом-тэрапеўтам. Сэрца жанчыны перастала біцца на 67-м годзе жыцця – 1 верасня 1989 года.
Гэта толькі адзін эпізод гераічнай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. А колькі было такіх эпізодаў… У маі 1942 года некалькі жанчын – П. П. Крылова, М. Б. Шолахава, Д. А. Багданава – дапамаглі арганізаваць пабег групы ваеннапалонных, прымацаваных да германскай роты сувязі ў Віцебску.
Люба Мацвеева (па мужу Любімава) працавала на віцебскім аэрадроме і здабывала для партызан каштоўныя звесткі пра ворага, арганізоўвала ўцёкі з палону ваеннапалонных…
Чым далей ад нас часы Вялікай Айчыннай вайны, тым велічней подзвігі герояў таго часу, тым паўней асэнсоўваецца гістарычная значнасць падзей. Падлічана, што за гады вайны ў Савецкую Армію і на Флот былі прызваны 490 тысяч жанчын. А колькі іх працавалі ў шпіталях і эвакапунктах, кавалі перамогу на заводах і фабрыках, калгасных палетках і фермах. Колькі змагаліся з ворагам ў партызанскіх атрадах і падполлі.
Кажуць, што ў вайны не жаночы твар. Але ці магла жанчына стаяць у баку, калі вораг знішчае яе сям’ю, разбурае шчасце?! Змагаліся дзяўчаты і жанчыны на роўных з мужчынамі. Светлая памяць ім і ўсім, хто набліжаў адно з самых светлых і значных святаў у гісторыі нашай краіны, хто змагаўся за нашу свабоду і незалежнасць!
Таццяна БУЕВІЧ, г. Віцебск.
Фота з «Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці».
Надрукавана ў №35 ад 05.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *