На могилу деда в Шумилинском районе приехала Ирина Осина из далёкого Орска

Актуалии

Па гэтых узгорках праходзіла лінія фронту
Штогод у раён прыязджаюць нашчадкі савецкіх воінаў, загінуўшых у час вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прыязджаюць з усіх рэспублік былога Савецкага Саюза. Прыязджаюць падчас святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці, у будні. Едуць, каб пакланіцца святым магілам, прывезці роднай зямлі ці забраць з сабой зямлю, палітую крывёю салдат, каб выканаць свой абавязак перад продкамі.
Раней прыязджалі бацькі і жонкі, дзеці загінуўшых. Цяпер ужо часцей прыязджаюць унукі. Напэўна, ёсць унутраная патрэба ў гэтым, каб не парвалася сувязь пакаленняў.
Дапамагае вышукваць родных інфармацыя аб загінуўшых воінах Савецкай Арміі, што з’явілася ў інтэрнэце з ваенных архіваў. Стала магчымым самім знайсці звесткі пра лёс родных, месца іх гібелі.

Павел Живаев в московском госпитале. 1941 год

У лёсе сям’і Жываевых з Мардовіі, нібы ў люстэрку, адбіліся лёсы мільёнаў падобных. Тры сыны было ў сям’і Жываевых. Старэйшы, Павел ваяваў з 1941 года. Пайшоў на фронт, пакінуўшы жонку з пяцігадовым сынам і дачушкай, якой мінуў усяго годзік. Пашанцавала трапіць ў водпуск на радзіму. Але трэцяга сына, які нарадзіўся ў 1942 годзе, так ніколі ўжо і не ўбачыў. Сярэдні брат Сяргей пайшоў на фронт у студзені 1942-га і прапаў без весткі праз тры месяцы. Малодшага, Яўгена прызвалі на фронт напрыканцы вайны, у 1944 годзе. З вайны ён вярнуўся жывы.
Старшы лейтэнант Павел Маркелавіч Жываеў камандаваў ротай у 40-м гвардзейскім палку 11-й гвардзейскай стралковай Гарадоцкай Чырванасцяжнай  дывізіі, якая вызначылася ў баях за Гарадок у 1943 годзе. На доўгія месяцы – з канца 1943 да першай паловы 1944 года – лінія фронту спынілася на тэрыторыі нашага раёна, ішлі цяжкія пазіцыйныя баі. У адным з іх 5 лютага 1944 года ля вёскі Выгаркі (цяпер урочышча непадалёк ад Сіроціна) і загінуў старшы лейтэнант Жываеў.

Ирина Осина на мемориальном комплексе в деревне Тропино

Ірына Вітальеўна Осіна, унучка П. М. Жываева, прыехала з далёкага расійскага Орска (Арэнбургская вобласць) на магілу дзеда, пахаванага ў Тропіне. Яна расказала, як прагнула пабываць на магіле мужа яе бабуля Вера Савельеўна. Але не было дакладных звестак аб месцы пахавання, няправільна была названа вёска, дзе ён загінуў. Толькі нядаўна дзякуючы інтэрнэту і аб’яднанаму банку дадзеных “Мемарыял” Ірыне Вітальеўне ўдалося правесці сапраўднае расследаванне і вызначыць месца гібелі дзеда.
Яна наведала Гарадоцкі раён, была ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Але галоўная мэта была наведаць воінскі мемарыял у Тропіне, ускласці кветкі на пліту з родным імем, ушанаваць памяць дзеда Паўла Маркелавіча Жываева.
Ірына Вітальеўна папрасіла паказаць ёй вёску Выгаркі, дакладней, месца, дзе яна была… Палявая дарога паміж высокіх ўзгоркаў, на якіх месціліся хаты вёскі Выгаркі, – менавіта тут, па гэтых узгорках, цяпер засеяных аўсом, праходзіла лінія фронту, дзесьці тут варожая куля абарвала жыццё Паўла Жываева…
Слёзы і ўдзячнасць…
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №58 ад 02.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *