20 молодых механизаторов заняты на посевной в Шумилинском районе

Актуалии Экономика

На перадавых пазіцыях

Калі б маладых механізатараў з усіх гаспадарак раёна сабраць разам, то атрымаўся б неблагі мехатрад. Усё ж такі дваццаць чалавек – гэта сіла! А калі ўлічыць, што ўсе энергічныя, моцныя, з жаданнем працаваць – гэта сіла “ў квадраце”. Тым больш, што кіраўнікі ўсіх гаспадарак кажуць пра сваіх маладых сейбітаў і аратых толькі ўхвальныя словы.
Маладыя механізатары працуюць на розных відах МТЗ. У час пасяўной, як правіла, хлопцы пачынаюць шчыраваць а шостай гадзіне раніцы. Яны ўздымаюць глебу, барануюць, чызялююць, сеяць, падвозяць угнаенні і насенне, займаюцца падкормкай азімых зерневых.
Самы шматлікі механізатарскі атрад моладзі – у ААТ “Лаўжанскае”. Пяцёра хлопцаў гэтай гаспадаркі шчыруюць на палетках на сваіх МТЗ. “Сёння механізатару мала быць проста актыўным і энергічным, трэба быць яшчэ на “ты” з камп’ютарнымі тэхналогіямі, – кажа кіраўнік ААТ “Лаўжанскае” Ю. У. Труш. –  У кабінах сучасных трактароў устаноўлены камп’ютары, з дапамогай якіх можна рэгуляваць і глыбіню ворыва, і якасць сяўбы. Увогуле маладыя механізатары схопліваюць новыя тэхналогіі на хаду, вельмі хутка разбіраюцца з новай тэхнікай. Таму і давяраем яе моладзі”. Так, Андрэю Кахаеву ў гэтым годзе выдзелілі дыскапак – агрэгат для рыхлення глебы адзіны на ўвесь раён. З плугамі працуе Алег Барысевіч, удзельнік 5-га Усебеларускага народнага сходу, з дыскатарам – Віталь Краўчук. На падвозе насення задзейнічаны Аляксандр Ціханенка і Андрэй Чэклін. Кіраўніцтва ААТ “Лаўжанскае” адзначае, што ўсе маладыя механізатары – талковыя і надзейныя. Яны прыйшлі працаваць у гаспадарку пасля заканчэння вучобы ці пасля арміі. Выключэнне складае толькі Віталь Краўчук, які прыехаў з сям’ёй з Украіны. Але мужчына аказаўся знаходкай для калектыву – працавіты і шчыры. Усе маладыя механізатары з “Лаўжанскага” сямейныя, гаспадарка пайшла ім насустрач: усім прадставілі кватэру ці дом прысядзібнага тыпу.
У ААТ “Прыазёрны мір” ужо не першы год сейбітам працуе Ігар Ліцвін. На МТЗ з плугамі рупіцца Сяргей Пясецкі. Разам з сынам працуе і бацька, дарэчы, таксама Сяргей. І залішне будзе казаць, што Сяргей Леанідавіч – не толькі бацька, але і настаўнік свайму сыну.
У КУСГП “Сіроцінскі” пахваліліся маладым механізатарам Аляксандрам Антонавым, які неаднаразова быў пераможцам у раёне на ўздыме зябліва. У “АграБаравінцы” на ворыве з плугамі працуюць Кірыл Калдуноў і Сяргей Трошын.
У КУСГП “Мішневічы” Мікалаю Кандраценку даверылі сеялку “Лемкен”. І хлопец стараецца, перавыконвае даведзеныя нормы. Добра працуе на ворыве і дыскаванні глебы Аляксей Зімянін.
У КУСГП “Ульскі” мы сустрэліся з самым маладым механізатарам –  19-гадовым Сяргеем Шавякам. Пасля заканчэння Ульскага ліцэя хлопец вярнуўся працаваць у родную гаспадарку. “Летам Сяргей падвозіў ваду на поле да кароў, а сёлета яму даверылі больш сур’ёзную работу – ворыва, – расказала дырэктар гаспадаркі В. У. Лабейка. – Хлопец спраўляецца дастойна”.
Кіраўнікі  ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна перакананы, што ім хацелася б мець у механізатарскім звяне яшчэ больш маладых і талковых трактарыстаў. А так бывае, што на заслужаны адпачынак ідуць па два-тры трактарысты, а ўзамен прыходзіць толькі адзін малады, ды і тое не кожны год. Таму кіраўнікі  выступаюць у школах раёна перад выпускнікамі 9-х і 11-х класаў, заклікаюць ісці вучыцца на сельскагаспадарчыя прафесіі, каб потым моладзь вярнулася ў сваю гаспадарку.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
На здымкку: Сяргей Шавяка з КУСГП «Ульскі».
Надрукавана ў №37 ад 12.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *