Председатель Шумилинского райисполкома Александр Снаров встретился с талантливой молодёжью

Актуалии Молодёжь Президент

У кожным чалавеку ёсць сонца. Толькі дайце яму свяціць

У мінулую пятніцу ў малой зале пасяджэнняў райвыканкама адбыўся ўрачысты прыём кіраўніка раёна Аляксандра Снарава маладых талентаў Шуміліншчыны.

На свята была запрошана моладзь раёна, якая сёлета гучна заявіла пра сябе, дасягнула пэўных вышынь у самых разнастайных сферах жыцця. Сюды паклікалі тых, хто прадэманстраваў трывалыя веды па вучэбных прадметах на самых высокіх узроўнях, хто ўглыбіўся ў тайны даследаванняў, хто, не шкадуючы сябе на гульнявых пляцоўках і барцоўскіх дыванах, заваёўваў прызы і медалі, хто дарыў талент, творчасць і мастацтва, тым самым праслаўляючы сябе, сям’ю, сваю маленькую радзіму.

Разам з дзецьмі на ўрачыстасці былі запрошаны педагогі і, канешне, бацькі, дзякуючы якім удалося раскрыць талент і здольнасці дзяцей, падтрымаць іх і дапамагчы ў самарэалізацыі.
У сваім выступленні старшыня райвыканкама зазначыў, што кіраўніцтва раёна ўсяляк падтрымлівае дзяцей, чые дасягненні і напрацоўкі, чыя праца і поспехі заслугоўваюць гонару, пашаны, удзячнасці і матэрыяльнага заахвочвання. Падобныя мерапрыемствы, перакананы Аляксандр Іванавіч, – добры стымул для далейшай працы і далейшых поспехаў. Кіраўнік раёна падзякаваў дзецям, настаўнікам і бацькам за такі плённы і творчы саюз і ўзаемадзеянне і паабяцаў усялякую падтрымку з боку кіраўніцтва раёна.
У сваю чаргу выступілі з прамовамі і зваротамі да прысутных настаўніца беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Алена Васілеўская і вучань 11 класа Слабадской школы Сяргей Пусянкоў.
Цырымонія ўзнагароджвання і ўручэння прэмій праходзіла па трох намінацыях: “за лепшыя дасягненні ў вобласці інтэлектуальнай дзейнасці”, “за высокія дасягненні ў сферы мастацтва”, “за высокія дасягненні ў спорце”. Усяго было ўзнагароджана 32 вучні.
Узнагароды знайшлі сваіх герояў, падзякі педагогам і бацькам уручаны, фотаздымкі на памяць зроблены. А далей зноў чакаюць вучоба, работа, новыя алімпіяды, конкурсы, спаборніцтвы, а значыць, новыя перамогі. І няхай іх будзе як мага больш! Яшчэ старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат гаварыў: «У кожным чалавеку ёсць сонца. Толькі дайце яму свяціць». Словы актуальныя ва ўсе часы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №36 ад 12.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *