
Яны абралі пачэсны мужчынскі шлях
Армія – школа жыцця

Да юнакоў звярнулася начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў маёр Наталля Банцэр:
– Для вас пачынаецца няпросты і хвалюючы этап. Але паверце – ён будзе самым цікавым у вашым жыцці. Армія – гэта школа, годна прайдзіце гэты шлях і запомніце: армейскае сяброўства не забываецца ніколі.
Дзе будуць служыць?

19-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада ў Заслонаве, 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада ў Віцебску, падраздзяленне радыёэлектроннай барацьбы ў Полацку, вучэбны цэнтр пад Барысавам, войскі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны ў Мачулішчах, пагранічная служба.
Памяць, якая аб’ядноўвае

Хлопцы схілілі галовы перад мінулым. Кветкі ляглі на пліты сквера Воінскай славы і брацкія могілкі. Гэта даніна памяці ад заўтрашніх салдат тым, хто здабыў мірнае неба.
Затым была экскурсія ў Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей і знаёмства з экспазіцыяй, прысвечанай генацыду беларускага народа. Гэта стала падарожжам у боль.
Наказ юнакам
У актавай зале музея цёплыя словы прызыўнікам прагучалі ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Руслана Матвейчука, пракурора Шумілінскага раёна Антона Гарохава і благачыннага цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэя Фёдара Пучынскага.
Яркі акцэнт
Адным з самых яркіх момантаў сталі шчырыя відэавіншаванні ад дзяўчат. Вас чакаюць, вас любяць, вяртайцеся, нагадалі яны хлопцам.

Дарогі іх развядуць па розных вайсковых часцях. Адзін будзе кіраваць баявымі машынамі пад Заслонавам, другі – вучыцца скакаць з парашутам у небе пад Віцебскам, трэці – лавіць нябачныя хвалі ў Полацку… Але ў Дзень прызыўніка ўсе яны былі разам. Усе – з Шуміліншчыны, з зямлі, якая ўмее выхоўваць мужчын.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
