
Майстры Шумілінскага раёна падрыхтавалі на абласныя «Дажынкі» прыгажосць і традыцыі
Сёння сталіцай галоўнага аграрнага свята Віцебшчыны сталі Міёры.
Гэты маляўнічы райцэнтр сустрэне ўдзельнікаў і хлебаробаў з усяго паўночнага рэгіёна. Удзел ва ўрачыстасцях прыме дэлегацыя Шумілінскага раёна. Па традыцыі адным з самых відовішчных і сімвалічных момантаў свята стане выстава дажыначных снапоў. Шумілінскі раён на конкурсе прадставіць работа Наталлі Сцержанковай, народнага майстра Беларусі, якая амаль тры дзесяцігоддзі працуе ў Шумілінскім раённым доме рамёстваў.
Напярэдадні свята Наталля Аляксандраўна падзялілася сакрэтамі стварэння і расказала, што сёлета шумілінскі сноп будзе не проста сімвалам свята хлебаробаў, а сапраўдным экскурсам па родным краі. Майстар працавала над яго стварэннем тры тыдні, а ідэю выношвала з чэрвеня. Сёння саламяны амаль двухмятровы шэдэўр ужо адправіўся ў Міёры і гатовы пазмагацца за званне лепшага ў вобласці.
«У гэтым годзе мне захацелася, каб наш сноп увасабляў увесь наш край. Менавіта так нарадзілася думка стварыць карту любімага раёна, якую я размясціла ў аснове снапа. Яшчэ адным важным элементам кампазіцыі стаў герб раёна і эмблемы з назвамі пяці сельгаспрадпрыемстваў, якія сёння працуюць. Я вырашыла падкрэсліць той факт, што дабрабыт раёна складаецца з працы жыхароў кожнага кутка», – расказала Наталля.
Сакрэт бездакорнага выгляду снапа крыецца ў адмысловым рытуале нарыхтоўкі матэрыялу, які майстар праводзіць загадзя, да пачатку ўборачнай кампаніі. Салому Наталля збірае ўручную, выкарыстоўваючы серп, строга ў пэўны час – за некалькі дзён да свята Івана Купала і на працягу некалькіх дзён пасля яго. Па старадаўніх народных павер’ях лічыцца, што менавіта ў гэты перыяд усе расліны валодаюць лячэбнай сілай. З-за такой ранняй нарыхтоўкі матэрыял у снапе мае лёгкае зялёнае адценне. Аднак майстар адзначае, што на сонцы салома наліваецца чыстым золатам і пры гэтым на ёй ніколі не з’яўляюцца цёмныя плямы, а само сцябло застаецца трывалым і эластычным.
У афармленні дажыначнага сімвала Наталля Сцержанкова засталася верная свайму непаўторнаму аўтарскаму почырку, заснаванаму на строгім захаванні традыцыйнай тэхнікі.
«Я не люблю выкарыстоўваць у такіх работах залішне яркія і кідкія дэкаратыўныя элементы. Аддаю перавагу класіцы, праверанай гадамі. Мой сноп упрыгожаны традыцыйнымі саламянымі кветкамі і лаканічнымі стужкамі з натуральнага лёну з беларускім арнаментам. Лён і салома ідэальна спалучаюцца паміж сабой, ствараючы гарманічны і высакародны вобраз багатага ўраджаю», – расказала народны майстар.

Культурная праграма фестывалю прадоўжыць здзіўляць гасцей арыгінальнымі рамеснымі адкрыццямі. Так, Шумілінскі раён прыме ўдзел у новым конкурсе «Лепшая лялька «Прыгажуня жніва», прымеркаваным да Года беларускай жанчыны. Майстар Шумілінскага дома рамёстваў Наталля Пятрова стварыла неверагодную ляльку з лазы.
«Мая “Прыгажуня жніва” – гэта збіральны вобраз беларускай жанчыны: неверагодна працавітай, паспяховай і адначасова вельмі жаноцкай. Для яе стварэння я выбрала лазу, бо гэты гнуткі, але вельмі трывалы матэрыял сімвалізуе стойкасць нашага народа. Каб падкрэсліць дух свята, у руках лялька трымае пышны саламяны букет са спелым зернем, які ўвасабляе багаты ўраджай і дастатак. Апранута шумілінская прыгажуня ў традыцыйную льняную сукенку-сарафан з поясам з беларускім арнаментам.
Фінальны штрых – гэта каларытны галаўны ўбор і чырвоныя каралі. Мне вельмі хацелася, каб праз гэтыя дэталі кожны госць «Дажынак» убачыў не проста сімвал жніва, а сапраўдную прыгажосць славянскай жанчыны-працаўніцы», – падзялілася Наталля Пятрова.
Убачыць незвычайную прыгажуню з лазы, ацаніць саламяны сноп нашых майстроў, зайсці ў госці на Шумілінскі падворак можна ў суботу, 17 кастрычніка, у Міёрах на вуліцах Кірава і Камуністычнай.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
