Сэрцы, аддадзеныя дзецям
Любоў бацькоў – ціхая гавань, куды мы заўсёды можам вярнуцца, вецер, які дапамагае нашым марам узляцець, узгадвалі вядучыя святочнага мерапрыемства, якое прайшло 14 кастрычніка ў раённым цэнтры культуры і было прысвечана Дню маці і Тыдню бацькоўскай любові.
Усіх прысутных павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч: «Дзень маці – свята, якое нагадвае ўсім нам сказаць дзякуй за бясцэнны дар жыцця, за мацярынскую любоў і клопат. Менавіта ад бацькоў залежыць, якім будзе будучыня. Няхай у вашых дамах жыве цеплыня родных сэрцаў, разуменне і нязгасная энергія».

Дыплом лаўрэата раённай прэміі імя Героя Сацыялістычнай Працы Соф’і Тарасаўны Пальвінскай Мікалай Аляксеевіч уручыў Юліі Барадзіной з Шуміліна, маці дваіх дзяцей, намесніку галоўнага ўрача Шумілінскай ЦРБ, урачу-хіфрургу – за ўмацаванне сям’і, выхаванне дзяцей і актыўны
ўдзел у грамадскім жыцці.
Артысты падарылі гледачам кранальныя і задушэўныя песні, танцавальныя нумары, відэавіншаванні.

«Лёс жанчыны –лёс радзімы» –
пад такой назвай у фае РЦК ладзілася выстава-праект абласной газеты «Віцебскія весці» пры садзейнічанні абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, прысвечаная Году беларускай жанчыны. Экспазіцыя расказвае пра жанчын, якія сталі героямі не толькі ў ваенны час, але і ў мірныя працоўныя будні, пра тых, хто ўмее весці за сабой дзякуючы лідарскім якасцям, валодае асаблівай душэўнасцю і адкрытасцю. Мастацкія партрэты створаны з дапамогай навейшых тэхналогій нейрасетак і дакладна перадаюць атмасферу часу. Гераіні выстаў – жанчыны, чые лёсы перапляліся з лёсам Віцебшчыны і нашай Радзімы.

Была арганізавана выстава вырабаў Дома рамёстваў, выставу кніг «Цяпло роднага дома» падрыхтавалі работнікі цэнтральнай бібліятэкі, выставу малюнкаў «Мама – галоўнае слова» – вучні Шумілінскай ДШМ. Работнікі паштовай сувязі правялі акцыю «Падпішы паштоўку маме».
«Мне падабаецца быць мамай»
Пасля мерапрыемства мы сустрэліся з Юліяй Барадзіной і пагаварылі пра яе работу, мацярынства, сям’ю і сямейныя традыцыі.
«Стаць лаўрэатам прэміі імя Героя Сацыялістычнай Працы Соф’і Пальвінскай для мяне нечакана і вельмі ганарова, – прызналася Юлія Яўгенаўна. – Сям’я для мяне – самае каштоўнае багацце. Гэта радасць, любоў, надзейнасць, святло, якое запальвае сэрца і прымушае рухацца ўперад. Мне падабаецца быць мамай, выхоўваць дзяцей, бачыць, як яны расказваюць першыя вершы, чытаюць першыя словы. Ганаруся тым, што я мама».
Юлія ўдала сумяшчае сямейнае жыццё і работу. Менавіта ў райбальніцы дзесяць гадоў таму пазнаёмілася з будучым мужам Аляксандрам, які працуе рэнтгенлабарантам. І калі пажаніліся, планавалі як мінімум дваіх дзетак. Сёння падрастаюць першакласнік Ваня і трохгадовая Маша, якая наведвае дзіцячы сад.
Для Юліі Аляксандр стаў надзейным тылам і сапраўднай апорай. Муж падтрымлівае і дапамагае ва ўсім, цэніць яе дабразычлівасць, міласэрнасць і камунікабельнасць, шчыра радуецца яе поспехам як на рабоце, так і дома. Усёй сям’ёй Барадзіны любяць ездзіць у госці да бабулі ў Мікалаева, падарожнічаць. Напрыклад, сёлета на Дзень Перамогі пабывалі ў Мінску на парадзе. Летам выхадныя праводзілі на дачы, якую набылі шэсць гадоў таму і дзе вырошчваюць дурніцы, пасадзілі фруктовы сад.
Маленькая Маша расказала, што яе мама прыгожая. А Ваня дапоўніў характарыстыку: «Добрая і клапатлівая, яна ўсіх нас любіць. Пячэ на святы вельмі смачныя торты, смачней, чым у магазіне. А яшчэ мама і тата чытаюць нам з Машай кожны вечар казкі, без іх мы не засынаем».
Дзеці, іх здароўе і дабрабыт сям’і – самы вялікі клопат і самае вялікае шчасце для Юліі і Аляксандра Барадзіных. Яны мараць, каб Ваня і Маша раслі шчырымі, добрымі і шчаслівымі.


