У Шумілінскім д/с № 1 прайшла дыялогавая пляцоўка для маладых мам і татаў «Разам пра галоўнае». Ініцыятарам сустрэчы выступіла раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын».
Мадэратарам дыялогавай пляцоўкі стала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. Яна адзначыла, што сям’я – гэта аснова ўсяго і менавіта ў ёй дзіця вучыцца любові, павазе і адказнасці.
Пра сям’ю шчыра і адкрыта гаварылі запрошаныя спікеры старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталля Крыўко, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Марозава, загадчыца д/с № 1 Кацярына Рабушава, псіхолаг Паліна Бадрова і благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі. Кожны з іх падзяліўся поглядам на выхаванне.
Размова была не фармальнай – бацькі задавалі пытанні, дзяліліся ўласным вопытам, спрачаліся і шукалі адказы разам са спецыялістамі.
Яркім момантам сустрэчы сталі відэаролікі выхаванцаў сада – іх шчырыя словы выклікалі ў зале і ўсмешкі, і слёзы замілавання.
Пасля дзеці з радасцю ўручылі бацькам «Сертыфікаты на пажаданне». У ім былі пажаданні паглядзець разам мультфільм «Ну, пачакай!», пачытаць казку «Доктар Айбаліт», пагуляць у футбол, спячы пірог або проста правесці вечар без тэлефонаў.
Напрыканцы дыялогавай пляцоўкі ў бацькоў была магчымасць даць сям’і абяцанне на заўтра – яго замацавалі на «Сямейным дрэве абяцанняў». Дрэва паступова пакрылася папяровымі кветкамі з самымі цёплымі і шчырымі словамі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

