В Шумилино поддержали республиканскую акцию «Не оставляйте детей одних!»

Безопасность Общество

“Не пакідайце дзяцей адных”

Дзеля прыцягнення ўвагі да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей з 11 мая па 1 чэрвеня праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Не пакідайце дзяцей адных!”.
Стартавай пляцоўкай першага этапа акцыі стаў гарадскі парк. Увагу бацькоў і дзяцей прыцягнула “пажарная тэхніка”, якая нядаўна там з’явілася. Там жа выратавальнікі і наладзілі прафілактычныя гутаркі, у якіх нагадвалі асноўныя патрабаванні правіл пажарнай бяспекі. Галоўны заклік да дарослых – не пакідаць малалетніх дзяцей адных, увесь час вучыць іх бяспечным паводзінам, ну і, вядома, самім быць прыкладам. Удзельнікам была прапанавана гульня “Паводзіны пры пажары ў гандлёвым цэнтры” і іншыя мерапрыемствы, праведзена дэманстрацыя мабільнага дадатку ад МНС “Дапамога побач”.
Другі этап акцыі распачаўся на мінулым тыдні бацькоўскімі сходамі ў дзіцячых садах і школах. Таксама цікавыя сустрэчы з выратавальнікамі ладзіліся ў дзіцячай кансультацыі раённай бальніцы і цэнтры дзяцей і моладзі. На прэзентацыі “Адгарадзі ад небяспекі” падрабязна гаварылі пра тое, як зрабіць свой дом бяспечным. Бацькам нагадалі пра небяспеку агню, прывялі прыклады пажараў і іх наступстваў, правілы паводзін у лесе і на вадаёмах, пра небяспеку гульняў на будаўнічых пляцоўках і ў пясчаных кар’ерах.
Наперадзе трэці этап акцыі, калі прафілактычныя мерапрыемствы “перанясуцца” ў дзіцячы дом сямейнага тыпу і шматдзетныя сем’і. Фінішуе акцыя 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, мерапрыемствамі  ў гарадскім парку.

Дарэчы, мадэлі пажарнай тэхнікі, што “пасяліліся” ў гарадскім парку, былі выраблены супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і, можна не сумнявацца, будуць карыстацца папулярнасцю ў малых. Прафілактычныя мерапрыемствы тут могуць праводзіць не толькі супрацоўнікі аддзела, але і, скажам, педагогі.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *