Рейды по сельскохозяйственным объектам проводят сотрудники Шумилинского РОЧС

Безопасность

Пра пажарную бяспеку, парадак і курэнне
Уборка зерневых і зернебабовых, рапсу – гарачы час не толькі для сельскіх працаўнікоў, але і для  супрацоўнікаўрайаддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны напярэдадні і ў час жніва праверылі практычна ўсе гаспадаркі на прадмет пажарнай бяспекі. Планавыя рэйды праводзяцца і зараз. У прыватнасці, у адным з іх (на зернесушылцы і мехдвары сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”) пабывала і карэспандэнт раённай газеты. У рэйдзе браў удзел намеснік пракурора раёна Андрэй Дзергачоў.
“На жаль, кожны год па рэспубліцы ў месцах уборкі, сушкі і захоўвання зерня адбываюцца пажары, – расказваюць па дарозе ў “Лаўжанскі”  першы намеснік начальніка РАНС Павел Чаплінскі і  інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Дзмітрый Гушчын. – Сярод асноўных прычын пажараў – банальная неасцярожнасць, парушэнне правілаў эксплуатацыі цеплагенерыруючых установак пры сушцы зерня, іскры, якія вылятаюць з выхлапных труб рухавікоў унутранага згарання. Пажарная бяспека павінна захоўвацца не толькі на полі, але і на кожным камбайне, трактары ці аўтамабілі. Таму нашы супрацоўнікі рэгулярна выязджаюць у сельгаспрадпрыемствы раёна. Мы правяраем, кантралюем, падказваем. Напрыклад, пасля нашага наведвання зернетакоў у “Мішневічах” і “Ляжнях” гаспадаркі выпра-віліся і ўкамплектавалі пажарныя шчыты, на сушылцы з’явіліся бочка з вадой,  скрыня з пяском і рыдлёўкі. Мы сочым, каб на полі падчас жніва дзяжурыла або пажарная машына, або трактар, да якога падчэплена бочка з вадой. Вялікую ўвагу ўдзяляем зернесушыльным комплексам”.
І ў гэтым мы ўпэўніліся падчас рэйду. “У нас тры сушылкі, якія працуюць на прыродным газе, – расказала загадчыца склада Таццяна Купрыянава. – Магутнасць асноўнай з іх – 400 тон за суткі. Нядаўна вось прывезлі 16 тон зерня, прыкрылі плёнкай на выпадак дажджу. За захаванасць маёмасці не баімся, бо на воданапорнай вежы, якая знаходзіцца побач, работнікі лясгаса ўстанавілі камеру відэаназірання”.
Работнікі РАНС і пракуратуры праверылі вогнетушыцелі, пажарны шчыт, агледзелі зернесушылку. У цэлым засталіся задаволенымі: на тэрыторыі захоўваюцца правілы пажарнай бяспекі. Рабочыя, якія працуюць на зернетаку, прайшлі супрацьпажарны інструктаж, кожны з іх ведае, як карыстацца вогнетушыцелямі, якіх на сушылцы ў дастатковай колькасці.
– А што будзеце рабіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі, калі, скажам, убачыце раптоўнае загаранне? – запыталі ў работнікаў зернесушылкі спецыялісты РАНС.
– Галоўнае – паведаміць усім людзям пра небяспеку і ўратаваць іх, – пачулі ў адказ. – У выпадку пажару на камп’ютары адразу з’явіцца трывожны сігнал, а на зернесушыльным комплексе спрацуе званок. У выпадку ўзгарання нас вучылі неадкладна тэлефанаваць 101.
Адказ задаволіў выратавальнікаў, і мы накіраваліся на машынны двор гаспадаркі. Нас сустрэў галоўны інжынер гаспадаркі Васіль Селязнёў, які расказаў пра арганізацыю работы на мехдвары. Тут кожны заняты сваёй справай, у арач-ніках і на тэрыторыі парадак. Адзіная заўвага, якая з’яўляецца характэрнай для механізатараў многіх гаспадарак –  курэнне ў нявызначаных месцах. Кінуты “бычок” можа стаць прычынай узгарання і прынесці нямала шкоды.
Вынікі рэйду падвёў Андрэй Дзергачоў: “Лаўжанскі” – адна з лепшых гаспадарак у плане пажарнай бяспекі, тут нават на вагавой устаноўлены пажарны апавяшчальнік. На жаль, у раёне ёсць і негатыўныя выпадкі. Напрыклад, падчас рэйду ў ААТ “Прыдзвінскі” было шмат заўваг, бо адсутнічалі  неабходныя сродкі пажаратушэння, і на кіраўніка быў складзены адміністрацыйны пратакол”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *