«Цяпло тваёй душы»
У Дзень маці ў аддзеле па адукацыі райвыканкама прайшла святочная гасцёўня «Цяпло тваёй душы», арганізаваная для прыёмных бацькоў у фармаце клубнай гасцёўні з элементамі псіхалагічнай разгрузкі.

З віншаваннямі і словамі шчырай удзячнасці да прыёмных бацькоў звярнулася начальнік аддзела Аксана Талстая, якая падкрэсліла, што штодзённая праца прыёмных бацькоў – ціхі подзвіг, які заслугоўвае самай глыбокай павагі.

За ўдзел у выставе «Традыцыі. Вера. Педагогіка. Духоўныя каштоўнасці» адзначаны прыёмныя бацькі Антаніна Рэўчанка, Вольга Кляцкова і Людміла Юрчанка. Пераможцамі раённага этапа рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Прызванне Мама», прысвечанай Году беларускай жанчыны, сталі Аксана Лук’янава і Ніна Карнеева.
Перамаглі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу творчых работ «Вобраз, створаны сэрцам» Таццяна Якаўлева і Людміла Юрчанка.
Не пакінулі раўнадушнымі вытрымкі з эсэ «Мая сям’я». «Ёсць сем’і, якія ствараюцца па волі крыві, а ёсць тыя, што нараджаюцца з усвядомленага выбару – вялікага, смелага і неверагодна добрага», – напісала Вольга Кляцкова. А Антаніна Рэўчанка адзначыла: «Чужых дзяцей не бывае. Кожнае дзіця, якое глядзіць на цябе знізу ўверх і шэпча: “А ты мяне не аддасі?”, становіцца тваім. Назаўсёды».

Свята яшчэ раз нагадала, што ёсць мамы, якія даруюць жыццё, а ёсць тыя, хто дорыць сам лёс, надзею і веру ў дабро.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

