Районный конкурс молодых доярок прошёл в ОАО “АгроБоровинка”

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство

Даяркам дапамагаў і інтэрнэт
Тыдзень таму на жывёлагадоўчым комплексе ААТ “АграБаравінка” адбыўся конкурс маладых даярак. Арганізатарамі конкурсу выступілі ўпраўленне райсельгасхарчу і аддзел па справах моладзі райвыканкама. У конкурсе бралі ўдзел дзевяць маладых даярак. З ААТ “Прыазёрны мір” і КУСГП “Мішневічы” прыехалі па два аператары машыннага даення, з “Прыдзвінскага”, “Ульскага”, “Сіроцінскага”, “Райаграсервісу” і “АграБаравінкі” – па аднаму. На жаль, у астатніх гаспадарках не знайшлося маладых спецыялістаў.
“Сёлетні конкурс адрозніваўся ад мінулагодніх грунтоўнай падрыхтоўкай удзельніц, – адзначыла галоўны спецыяліст райсельгасхарчу В. Г. Шыманец. – Дзяўчаты адказна аднесліся да конкурсу, папярэдне чыталі вучэбныя дапаможнікі, нават інтэрнэтам карысталіся пры падрыхтоўцы. Затое і не было значных прабелаў у ведах, не сорамна было за грунтоўныя адказы. Дзякуй і галоўным заатэхнікам гаспадарак, якія вучылі маладых даярак, дапамаглі рыхтавацца да конкурсу”.
Іспыты для даярак сёлета  адрозніваліся тым, што не было практычнай часткі, бо нехта з дзяўчат упершыню бачыў такую сучасную даільную залу і новае абсталяванне.
“Мяне тут прыемна здзівілі і малочны блок, і пакой адпачынку, і душавыя пакоі, – шчыра прызналася даярка з “Прыазёрнага міру” Вольга Бібікава. – Было б здорава, калі б і ў нашай гаспадарцы пабудавалі такую ферму”.
Пасля прагляду кінафільма дзяўчаты здавалі сапраўдны тэарэтычны экзамен.
Гутарым з Марынай Сторажавай (на здымку), якая заняла першае месца. Яна толькі вясной пасля дэкрэтнага адпачынку збіраецца выйсці на работу на комплекс “Прыазёрнага міру”, але ж ад конкурсу не адмовілася. “Гэта ганарова, што не забыліся пра мяне, – кажа Марына.– Прызнацца, крыху пабойвалася, што забылася тэорыю. Таму пайшла ў мясцовую бібліятэку, узяла даведнікі, чытала па вечарах. І прыемна здзівілася, калі пачула сваё прозвішча ў ліку пераможцаў”.
Другое месца раздзялілі паміж сабой Сняжана Арлова з “АграБаравінкі” і Святлана Сямёнава з КУСГП “Мішневічы”. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама М. Я. Ганчарова ўручыла пераможцам падарункі. Сувеніры атрымалі і астатнія ўдзельніцы конкурсу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №13 ад 18.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *