День Победы жители Шумилинского района встретили достойно

Актуалии

З намі памяць крочыць у страі!

Дзень Перамогі. Дзень Памяці. Дзень Славы. Свята, якое аб’яноўвае ўсе пакаленні. У гэты дзень мы ўспамінаем велічны подзвіг нашых дзядоў, якія выстаялі ў вялікай вайне, якія перамаглі ворага, абаранілі свабоду нашага народа, незалежнасць нашай краіны. Мы ўспамінаем гэты подзвіг з вялікай ўдзячнасцю, бо без іхняй самаахвярнасці не было б будучага ў нас, у нашых дзяцей.

Мы радуемся той светлай будучыні, якая ёсць у нас дзякуючы подзвігу ваеннага пакалення. І мы сумуем і ўспамінаем тых, каго вайна забрала, хто не дажыў да светлай Перамогі.

9 мая ўрачыстыя мерапрыемствы пачаліся на Шуміліншчыне з мітынгаў на брацкіх могілках у Тропіне і Дворышчы. Прадоўжыліся на воінскіх пахаваннях ва ўсіх аграгарадках і буйных вёсках нашага раёна. У гэты дзень на брацкія могілкі прыехалі госці з Масквы і Падмаскоўя, Удмурціі і Смаленска, з Узбекістана – гэта ўнукі і праўнукі воінаў, што загінулі на шумілінскай зямлі, вызваляючы яе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пад гукі духавога аркестра і ансамбля барабаншчыц Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў прадстаўнікі прадпрыемстваў райцэнтра, грамадскіх арганізацый, школьнікі, жыхары і госці Шуміліна прайшлі на брацкія могілкі. Старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, выступаючы на мітынгу, адзначыў, што мы будзем вечна памятаць пра тых герояў, што ахвяравалі сваё жыццё дзеля свабоды нашай краіны. “Мы глыбока шануем памяць пра загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне і таму асабліва цэнім мір і незалежнасць краіны”, – сказаў кіраўнік раёна. Ён павіншаваў жыхароў раёна са святам, выказаў самыя добрыя пажаданні.
На мітынгу выступілі старшыня раённай арганізацыі “Беларускага саюза ваенных маракоў” Анатоль Бычкоў, член Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Святлана Бараноўская.

Упершыню Шумілінскі раён далучыўся да міжнароднай акцыі памяці “Бессмяротны полк” – акцыя-шэсце “Слава героям Шумілінскага краю” аб’-яднала больш за 300 чалавек, якія пранеслі па вуліцах райцэнтра фатаграфіі Герояў Савецкага Саюза, што вызвалялі наш раён, партрэты нашых землякоў, сваякоў, што ваявалі з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах. Аснову калоны склалі шумілінскія школьнікі і прадстаўнікі арганізацый раёна, да яе далучыліся жыхары райцэнтра, госці Шуміліна.

Святочны дзень быў насычаны шматлікімі падзеямі, якія падрыхтавалі работнікі культуры раёна. На эстрадзе ў парку цудоўная музычная праграма была напоўнена любімымі песнямі ваенных часоў і сучаснымі папулярнымі мелодыямі.

Супрацоўнікі раённай бібліятэкі размясцілі ў адной з алей парка сваю выставу і прапанавалі ўдзельнікам свята наведаць своеасаблівую музычную гасцёўню: сагрэцца гарачым чаем, праспяваць ваенныя песні.

Цікавы выставачны праект падрыхтаваў да свята Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Выставы і прэзентацыі сваіх вырабаў і нацыянальных страў прапаноўвалі раённы Дом рамёстваў і народны клуб “Разынка”.

Далучыцца да свята можна было, як кажуць, не выходзячы з дому: артысты аўтаклуба на стылізаваным аўтамабілі завіталі з невялікай музычнай праграмай ў розныя куткі Шуміліна, у Светласельскі і Башні.
Завяршыла святочны дзень яшчэ адна маладзёжная акцыя – “Свечка Памяці”. Больш за 150 свечак у памяць пра воінаў, якія загінулі ў баях, запалілі маладыя жыхары раёна на брацкіх могілках, на Алеі Герояў у шумілінскім парку. Пярвічныя арганізацыі БРСМ правялі акцыю і ў аграгарадках і вёсках нашага раёна. І тое, што маладыя людзі актыўна далучаюцца да патрыятычных акцый, да святочных мерапрымстваў у Дзень Вялікай Перамогі, надае ўпэўненасць, што сувязь пакаленняў захавалася, і памяць пра подзвіг ваеннага пакалення будзе жыць.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №36 ад 12.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *