Профсоюзная организация ПМК-70 чтит ветеранов войны

Общество Экономика

Не забыта, што ў час вайны перажыта
Няспынна бягуць гады, і ўсё менш застаецца сведкаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай. Помніць пра тых, хто застаўся ў жывых, атуліць іх увагай і клопатам, запісаць іх успаміны і віншаваць са святамі – такую задачу ставіць перад сабой прафсаюзная арганізацыя ПМК-70.

Вось і напярэдадні Дня Перамогі прафсаюзны лідар Ірына Іванова разам з начальнікам аддзела па кадрава-прававой і ідэалагічнай рабоце  Святланай Мацвеевай з кветкамі і грашовымі падарункамі завіталі да сваіх ветэранаў – Ніны Аляксандраўны Занкевіч і Надзеі Андрэеўны Сцепанец. Гэтыя жанчыны ў час вайны былі сасланы немцамі на прымусовыя сельскагаспадарчыя работы.

Цюльпаны – сімвал перамогі
Ніну Аляксандраўну Занкевіч з Шуміліна, якая нядаўна адсвяткавала 80-гадовы юбілей, засталі за важнай работай – яна палола ў палісадніку градкі з цюльпанамі, сваімі любімымі кветкамі. “У мяне чырвоныя цюльпаны і макі асацыіруюцца з перамогай і мірам, – кажа жанчына. – Помню, калі ў маі 1945 года мы ехалі з Аўстрыі, куды былі сасланы на прымусовыя работы, па дарозе бачылі гэтыя кветкі, ад якіх было асабліва святочна на душы.”
Ніна Аляксандраўна расказала, што яе сям’ю, якая была звязана з партызанамі (бацька быў сувязным), папярэдзілі: уцякайце, бо немцы будуць паліць хаты. Так сям’я Занкевічаў з маленькай вёсачкі Камары Вілейскага раёна апынулася ў лесе. Жылі там у зямлянках больш за тыдзень. Але здраднік з вёскі паказаў, дзе хаваюцца Занкевічы. “Усю нашу сям’ю – мяне, дваіх братоў і дзвюх сясцёр, маму і тату арыштавалі немцы, – кажа Ніна Аляксандраўна. – Нас заперлі ў нейкім хлеўчуку, а назаўтра павезлі на чыгунку. Праз некалькі дзён мы апынуліся ў горадзе Грац, што ў Аўстрыі. Тата з мамай, а таксама старэйшыя сёстры і браты працавалі на гаспадара: даглядалі кароў, свіней, сушылі сена, выкідвалі гной з хлявоў, мылі бялізну, прыбіралі. Мяне, сямігадовую, таксама не пакінулі без работы: я павінна была кожны дзень вывозіць на калясцы на прагулку ля дома гадавалага сына гаспадара. Так мы працавалі больш за год, пакуль нас не вызвалілі савецкія войскі”.
Пасля вайны Ніна Аляксандраўна вывучылася на бухгалтара і па размеркаванні трапіла на Шуміліншчыну – тут выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, тут адпрацавала ў ПМК-70 больш за дваццаць гадоў.

“Будзе мір – будзе і шчасце”
Надзея Андрэеўна Сцепанец з в. Прыазёрная каля трыццаці гадоў адпрацавала ў ПМК-70 вартаўніком.  Калі Ніне было 15 гадоў, у вёсцы Заўсыска Мішневіцкага сельсавета, дзе жыла з бацькамі, немцы зрабілі аблаву. “Забралі ўсіх, хто мог працаваць, у вёсцы пакінулі толькі старых і малых, – успамінае жанчына. – Пашанцавала тым, хто змог збегчы. Мне родныя паспелі крыкнуць: “Уцякай!”.  І я  пабегла ў бок лесу. Калі ўжо не было сіл, схавалася ў канаве, але адтуль мяне за сукенку выцягнула нямецкая аўчарка. З тых часоў вельмі баюся сабак”. Так Надзея Сцепанец у 1941 годзе апынулася ў Германіі. Яе і яшчэ некалькі дзяўчат аддалі ў распараджэнне нямецкага фермера. “Мы былі батракамі, большую частку дня праводзілі ў хлявах: даілі кароў, кармілі, паілі, чысцілі.
Чатыры доўгія гады на Нямеччыне здаліся сапраўдным пеклам – мы адчувалі сябе рабамі. Здаецца, я і зараз чую боль крывавых мазалёў ад віл і рыдлёўкі, з якімі прыходзілася працаваць кожны дзень”.
Надзея Андрэеўна, якая летась адсвяткавала 90-гадовы юбілей, пажадала нам, маладым, моцнага здароўя і дала шчыры мацярынскі наказ: “Беражыце мір на зямлі – гэта самае галоўнае. Будзе мір – будзе і шчасце”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *