Шумилинское предприятие мелиоративных систем отметило своё 45-летие

Актуалии Экономика

“Работы было ўволю – хоць ты на дапамогу пакліч”
Заўтра ў ПМС юбілей: 45 гадоў таму, 10 лютага 1971 года, утварылася Шумілінская ПМК-25 (так раней называлася прадпрыемства меліярацыйных сістэм). Першым дырэктарам тут быў Сцяпан Раманавіч Карповіч.
“За час існавання прадпрыемства было ўведзена ў пастаянную эксплуатацыю больш за трыццаць тысяч гектараў асушаных земляў, – расказаў сённяшні дырэктар ПМС А. Я. Вайцянкоў. – Працягласць закрытага дрэнажу, пабудаванага працоўным калектывам ПМС, складае больш за 12 тысяч км,  каналаў – паўтары тысячы км. Што прадпрыемства працвітала, сведчаць і паказчыкі ў рабоце, і добры заробак, і ўзнагароды. Так, Валерыю Свірыдзенку прысвоена званне “Заслужаны меліяратар БССР”, Валерый Філіпаў, Рыгор Іваноў, Віктар Рабухін, Валерый Галуза, Феадосія Барадулькіна, Арсенцій Волкаў узнагароджаны знакам «Ганаровы меліяратар”. Аляксандр Ягоравіч добрым словам згадаў і ветэранаў працы прадпрыемства: Пятра Спірыдзенку, Васіля Фадзеева, Валянціну Спірыдаву, Фёдара Мялешку, Уладзіміра Бубліса, Уладзіміра Раманава, Валянціну і Аляксандра Кавалёвых і многіх іншых.
Са свайго дзяцінства помню, як на палетках ля Мішневіч вялася меліярацыя. І мне, школьніцы, тады здавалася, што работнікі ПМС робяць сапраўдны цуд: на былых забалочаных палетках праз год-другі каласавалася збожжа. Напэўна, такая цікавасць да гэтай прафесіі ў мяне была таму, што ў ПМС участковым механікам працаваў (працуе і зараз) мой сваяк Рыгор Іваноў. На сваёй нязменнай машыне з надпісам “Тэхуход” ён ездзіў на розныя аб’екты і часта расказваў пра работу. Часта любіў жартаваць: ”Калі ўся тэхніка працуе – у механіка выхадны”.
Але здаралася па-рознаму, згадаў былы машыніст экскаватара І. Я. Апоркін: бывалі і сур’ёзныя паломкі. Дарэчы, Іван Ягоравіч – адзіны работнік ПМС, які ў 70-ыя гады быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 70-80-ыя гады, калі вялося асушэнне палёў, прадпрыемства меліярацыйных сістэм мела аб’ёмы работ пад поўную загрузку. Машыніст многакаўшовага экскаватара Віктар Рабухін кажа: “У 70-ыя гады, калі прыйшоў працаваць на прадпрыемства, работы было ўволю – хоць ты на падмогу пакліч. Клалі дрэнаж, будавалі меліярацыйныя калодзежы, заглейвалі магістральныя каналы, прамывалі дрэнажную сетку. Прадпрыемства мела аўтарытэт у раёне і вобласці. Лічылася прэстыжным  працаваць у ПМК-25: заробак – стабільны, а праз год-другі бясплатна давалі жыллё. ”. Так, за сродкі ПМС пабудаваны шматпавярховыя дамы па вул. Юбілейная і Сіпко, прыватны сектар на вул. Зялёная, Меліярацыйная, Юбілейная. Прадпрыемства пабудавала для сваіх работнікаў і два інтэрнаты. Лепшых работнікаў ПМС узнагароджвалі не толькі граматамі і прэміямі, але і паездкамі ў іншыя краіны. Напрыклад, Уладзімір Раманаў пабываў у Фінляндыі, Уладзімір Дзятлаў і Жана Чарнова – у Чэхаславакіі, Галіна Мароз, Віктар Рабухін і Рыгор Волкаў – у Германіі, Уладзімір Бубліс – у Венгрыі.
Сённяшні галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Лакціёнаў прыйшоў працаваць у ПМС у 1990 годзе. “Гэты год запомніўся важкімі здабыткамі, – успамінае Аляксандр Мікалаевіч. – Паклалі 611 км дрэнажу і ўвялі ў эксплуатацыю 1200 га асушаных земляў. Працавалі на чатырох буйных аб’ектах: у Ласвіцкіх, Гаравых, Крупеніне, Чаронцы. Тады на прадпрыемстве  разам з сезоннымі рабочымі працавалі  611 чалавек, больш за сто адзі-нак тэхнікі. На дзень патрэбна было больш за чатыры тоны паліва”.
Але далёка не ўся работа была механізаваная. І сёння былы майстар ПМС Ф. Б. Барадулькіна помніць, як уручную на аб’екце Скаціца высякалі і выпілоўвалі хмызняк: “Брыгада была ў асноўным жаночая, і мы з сякерамі і піламі ў руках кожны дзень працавалі на канавах. Помню дакладна: за месяц высеклі адзінаццаць км кустоўя”.
Былыя і сённяшнія работнікі прадпрыемства ме-ліярацыйных сістэм  цёплымі словамі ўспамінаюць свайго былога дырэктара В. Л. Філіпава, які больш за дваццаць гадоў узначальваў ПМС. Талковы кіраўнік, разумеючы чалавек, ён заўсёды настройваў калектыў на карпатлівую напружаную работу, паважаў чалавека працы.
Вядома, зараз  ПМС перажывае не лепшыя часы. Тым не менш, прымаюць удзел у будаўніцтве фундамента пад новы дом па в. Юбілейнай, заключылі дагавор з Полацкай ГЭС – брыгада працуе па высечцы кустоўя ўздоўж Заходняй Дзвіны. У гэтым годзе меліяратары плануюць працаваць яшчэ на двух аб’ектах: будуць рабіць рэканструкцыю меліярацыйных сістэм у ААТ “Прыазёрны мір” і КУСГП “Мішневічы”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *