100-годдзе Фацімскіх з’яўленняў адсвяткавалі ў Шуміліне

Актуалии Духоўнае Общество

100-годдзе Фацімскіх з’яўленняў адсвяткавалі ў Шуміліне

Шуміліна разам з усім каталіцкім светам урачыста і велічна адсвяткавала 100-годдзе Фацімскіх з’яўленняў Прасвятой Дзевы Марыі. У дзень юбілею, 13 мая, наш горад напоўніўся асаблівай атмасферай, стаўшы цэнтрам вялікіх святкаванняў.
Ніколі да гэтага касцёл Маці Божай Фацімскай не прымаў такой колькасці гасцей. Жадаючы далучыцца да вялікага свята, паломнікі ішлі ў Шуміліна з усіх куткоў Беларусі – Віцебска, Мінска, Брэста, Гродна. Вялікая тэрыторыя вакол касцёла была запоўнена людзьмі, вочы якіх свяціліся шчырай радасцю ад датычнасці да такой важнай для любога верніка падзеі. Трапіць пад заступніцтва Маці Божай – вялікае шчасце і спадзяванне на дапамогу, на тое, што ўсё будзе добра.
Сваёй прысутнасцю Шумілінскую парафію ўшанаваў Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Габар Пінтар, пачаўшы з наведвання Шуміліна свой трохдзённы візіт у Віцебскую дыяцэзію. Разам з настаяцелем Шумілінскага прыхода Маці Божай Фацімскай айцом Анджэем, шматлікімі вернікамі высокага госця вітаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Таксама на свята прыбылі святары, прадстаўнікі каталіцкіх манаскіх ордэнаў Віцебскай дыяцэзіі, грэкакаталіцкай царквы ў Беларусі на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам, раённых уладаў.
Святкаванні пачаліся яшчэ вечарам 12 мая са Святой Імшы для пілігрымаў і не спыняліся ўсю ноч. Цэнтральнай падзеяй стала літургія з удзелам нунцыя Габара Пінтара. Распачынаючы Імшу, Алег Буткевіч сказаў: “Сёння мы радуемся і зноў чуем словы Маці Божай”. Ён нагадаў гісторыю Фацімскіх з’яўленняў, заўважыў, што прароцтвы Дзевы Марыі, якія яна распавяла тром партугальскім пастушкам 100 год таму, спраўджваюцца.
“Я з радасцю прыняў запрашэнне і ўпершыню наведаў гэты рэгіён. Дзякую за цёплы прыём і старанную падрыхтоўку”, – пачаў сваю прамову нунцый. “Я ведаю, наколькі важнае для вас гэтае свята, – звярнуўся ён да прыхаджан. – Фігура Маці Божай Фацімскай, якая была падорана вам кардыналам Казімірам Свёнтэкам, была прывезена з далёкай Фацімы і з’яўляецца знакам прысутнасці Маці Божай сярод вас. З той пары вашы ўзаемаадносіны сталі асабліва блізкімі”.
“Сёння мне асабліва лёгка, бо я раблю тое ж, што і папа Францішак, знаходзячыся ў санктуарыі Маці Божай у Фаціме”, –  заўважыў Апостальскі нунцый. Ён паведаміў, што менавіта ў гэты час папа кананізуе тых самых пастушкоў, Франсішку і Жасінту, якім з’яўлялася Дзева Марыя, адзначыўшы гэтым, што святасць магчыма для кожнага. Ён заўважыў, што Бог выбірае для цудаў, якія хоча рэалізаваць у свеце, простых людзей, але тых, хто сапраўды верыць, тых, хто можа давяраць яму да канца. “Кожны з нас абраны Панам для выканання асаблівай місіі ў сям’і, у касцёле, у іншых супольнасцях, у грамадстве. Я буду маліцца за кожнага з вас”, – паабяцаў нунцый.
Са словамі прывітання ад імя раённых улад выступіла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Яна падарыла нунцыю памятны сувенір.
У канцы Святой Імшы Апостальскі нунцый архібіскуп Габар Пінтар перадаў прысутным апостальскае блаславенне ад імя папы Францішака. Таксама ён упершыню ў жыцці паўдзельнічаў у Ружанцовай працэсіі, а на развітанне заўважыў, што ўдзельнічаць у такіх урачыстасцях у такі важны дзень асабліва пачэсна.
Пасля прайшла сустрэча архібіскупа са святарамі Віцебскай дыяцэзіі, а ў двары касцёла дзеці наладзілі забаўляльную праграму са сцэнкамі аб Фацімскіх з’яўленнях.
Свята надоўга застанецца ў сэрцах яго ўдзельнікаў добрымі і радаснымі ўспамінамі. А малітвы, узнесеныя да неба за кожнага з нас, за нашыя сем’і, дабрабыт, душэўны спакой, найлепшым чынам паўплываюць на наша жыццё.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *