И приёмные родители не принесли детям счастья

Общество Семья

Не ўсе могуць любіць чужых дзяцей

Ім і так жыццё ўжо зрабіла падножку, паваліла на лапаткі і паставіла пад сумненне магчымасць простага чалавечага шчасця – яны засталіся сіротамі пры жывых бацьках. Трагедыя такога маштабу разрывае на кускі дзіцячую душу. У гэты момант яны становяцца дарослымі, і няважна, пятнаццаць ім гадоў ці ўсяго пяць. Адагрэць такое дзіця, пераканаць яго ў тым, што яно некаму патрэбнае, што свет можа быць іншым: добразычлівым, прыветлівым, пяшчотным, вельмі цяжка, што там гаварыць – гэта амаль немагчыма. Нейкі шанс дае толькі любоў. А ў тое, што іх сапраўды можна любіць, гэтыя дзеці даўно не вераць. І, калі шчыра, часта ў іх ёсць на гэта падставы.
Звычайна мы захапляемся людзьмі, што бяруць у сям’ю чужых дзяцей, даглядаюць іх, клапоцяцца, займаюцца іх выхаваннем. Мала хто з нас адчувае ў сабе дастатковы душэўны рэсурс для гэтага. З аднаго боку, быць прыёмнымі бацькамі – гэта такая ж работа, як і любая іншая, за гэта плацяць грошы. Але ж любому зразумела, што не ўсё так проста, і што праца гэтая зусім не звычайная. І адказнасць тут зусім іншая, што зарплатай не вымяраецца.
Сама па сабе ідэя, што дзеці павінны жыць у сем’ях, што ад дзіцячых дамоў як формы іх сацыяльнага ўладкавання варта пакрысе пазбаўляцца, нядрэнная. Але толькі не любой цаной. Адбор прэтэндэнтаў павінен быць надзвычай строгім. Тут нельга памыліцца. А іначай можа здарыцца, што дзяцей прыйдзецца ратаваць ужо ад прыёмных бацькоў…
Не, гэтая жанчына і ў ходзе судовага разгляду справы, які зрабіла старшыня суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая, не прызналася ў тым, што выкарыстоўвала лазовы прут у якасці выхаваўчага сродку для прыёмных дзяцей. Не прызналася ў тым, што не давала дзецям пяшчоты і дабрыні, што трымала іх у страху, вымушала прыстасоўвацца. Не прызналася, што прыняла ў сям’ю чацвярых дзетак проста дзеля таго, каб зарабіць грошай.
“Я крычаў і вырываўся, прасіў, каб яна перастала, абяцаў, што больш так рабіць не буду. А яна гаварыла, што не верыць мне больш, і працягвала біць”, – расказваў хлопчык пра пакаранне, якое ён атрымаў за тое, што выпіў лекі, прызначаныя для іншага дзіцяці. Суд прызнаў жанчыну вінаватай і згодна з ч. 1 арт. 9.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь падверг яе штрафу ў 20 базавых велічынь. Вядома, што аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама скасаваў кантракт з гэтым работнікам, забраў дзяцей. З чым, дарэчы, яна таксама была не згодна, была ўпэўнена, што можа і надалей разам з мужам  выконваць абавязкі прыёмных бацькоў.
Гэта гісторыя, дзякуй богу, не скончылася трагічна. Сацыяльныя работнікі ў час забілі трывогу, і прыёмных гора-бацькоў пазбавілі магчымасці выкарыстоўваць свае няпэўныя выхаваўчыя метады ў адносінах да дзяцей.
Шаноўныя прыёмныя бацькі, узяўшы ў сваю сям’ю чужых дзяцей, вы бераце на сябе абавязацельства зноў падарыць ім дзяцінства. На вас у нейкім сэнсе ляжыць яшчэ большая адказнасць, чым на бацьках біялагічных. У гэты момант важна ўсведамляць, што гэта толькі ваш, а не іх выбар.
Магчыма, некага гэта здзівіць, але дзеці не абавязаны вас любіць, быць вам удзячнымі, паважаць вас за гэта. Яны, як і любыя іншыя дзеці, нікому нічога не абавязаны. Заслужыць іх любоў і павагу – ваша задача. І гэты шлях не бывае лёгкім. Яны абавязкова стануць вас правяраць, выпрабоўваць ваша цярпенне, выкідваць усялякія фортэлі, пакуль не зразумеюць, што вы сапраўды іх прынялі ў сваю сям’ю, у сваё сэрца, пакуль не павераць вам. А вось потым ужо можна разлічваць і на іх павагу, любоў і ўдзячнасць.
І калі ў некага не атрымалася стаць прыёмнымі бацькамі, калі прыйшлося завесці дзіця назад у прытулак, калі дзяцей забралі, – самі дзеці ў гэтым ні кроплю не вінаватыя. Вы проста пакінулі на іх сэрцах яшчэ адну зарубку, у чарговы раз пацвердзіўшы, што яны не вартыя любові і шкадавання.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *